XI кінафестываль «Паўночнае ззянне» стартаваў з offline-сеансаў! 4-5 лістапада фільмы «Ззяння» будуць паказваць у Вільнюсе, 6-9 лістапада — у Варшаве, 10 лістапада пачнуцца online-паказы, а 19-20 лістапада кінасеансы пройдуць у Таліне. Кінападзея працягнецца да 23 лістапада. Ужо можна зарэгістравацца на платформе кінафестывалю, каб глядзець кіно бясплатна online.У праграме — фестывальныя хіты і новыя адкрыцці: ад фільмаў, што гучалі ў Канах і вылучаліся на «Оскар», да работ, якія пакуль што бачаць толькі самыя ўважлівыя гледачы і глядачкі — але запомняць надоўга.
Міжнародная праграма аб’яднала дзесяць фільмаў з краін Скандынавіі і Балтыі. У Беларускі конкурс у выніку Open Call патрапілі дзевяць фільмаў, якія ацэніць міжнароднае журы. Пазаконкурсная праграма беларускага кіно склалася з васьмі стужак з трох секцый: спецыяльныя паказы, «Архіпелаг памяці» і «Not in Hollywood». Да гэтага спісу таксама далучыліся два фільмы з праграмы «Ukraine mon amour», падрабязнасці пра якія ідуць ніжэй.
Усе фільмы online-праграмы будуць даступныя згодна з раскладам з 00:00 да 23:59 па Мінскім часе.
13 лістапада — online з 00:00 да 23:59
Украінская добраахвотніца, рэжысёрка і маці Аліса Каваленка стварае сведчанне сілы кахання ў ваенны час — спалучаючы франтавыя будні, жахі поля бою і пяшчотныя паэтычныя лісты свайму маленькаму сыну Тэа.
Дакументальны фільм ад першай асобы прапануе глыбокі і інтымны погляд на чалавечую цану вайны і глыбокія сувязі паміж бацькамі і дзецьмі, якія захоўваюцца нават у самых цяжкіх абставінах.
22 лістапада — online з 00:00 да 23:59
Захаванне школаў ва Украіне — спроба ўзнавіць хаця б частку нармальнага жыцця, якое было да вайны, да 24 лютага 2022 года (а ў некаторых рэгіёнах нават раней, да 2014-га). Без інтэрв’ю, апавядання і рэканструкцыяў фільм Кацярыны Гарнастай «Стужка часу» дае ўяўленне пра тое, як вайна ўплывае на паўсядзённае жыццё вучняў і настаўнікаў. Фільм мае мазаічную структуру: ён даследуе, як школа функцыянуе асабіста і ў інтэрнэце ў жудасны час на перадавой і па-за ёй, як паўсядзённае жыццё пераплятаецца з заўсёднаю небяспекаю.
Сусветная прэм’ера фільма адбылася на Берлінскім кінафестывалі 2025 года, яго паказалі ў асноўным конкурсе.
Каб глядзець фільмы online бясплатна, трэба толькі зарэгістравацца на платформе кінафэсту. Калі вы ў Беларусі, проста стварыце акаўнт на платформе. Калі вы за межамі краіны, пасля рэгістрацыі неабходна дадаткова запрасіць доступ да прагляду. Доступ да стужак адкрыецца згодна з раскладам, пачынаючы з 10 лістапада.