9 жніўня 2016 года а 18-ай гадзіне ў выставачнай прасторы Этнацэнтра “РАГНА”, размешчанага па адрасу: вуліца Караля, дом 22 / вуліца Сухая, дом 4, Мінск, Беларусь, адбудзецца адкрыццё персанальнай выставы фатаграфіі Сяргея Курылы – «Эцюды».
Сяргей Курыла жыве і працуе ў Гродне. Серыя фатаграфій “Эцюды” стваралася ў вёсцы, шчыльна звязанай з гісторыяй экалагічнай катастрофы глабальнага маштабу – Чарнобылем. Аднак мы бачым адбітак гэтай трагічнай старонкі нашай гісторыі дваццатага стагоддзя не ў вобразах людзей, а ў асяроддзі, іх атачэнні. Вёска, якая распадаецца на складныя часткі пад промнямі сонца, пахінутыя платы, таямнічыя сады – яны цвітуць, але ўжо нікому не патрэбныя. Пустыя праёмы вокнаў, праз якія мы глядзім навонкі, на пейзаж, заліты неверагоднай прыгажосці святлом. Прысутнасць чалавека найпаўней адчуваецца на вясковых могілках. Яны такія ж дагледжаныя, як і раней. Для людзей, вырваных з агульнай, калектыўнай памяці, вяртанне да сваіх продкаў, якія спачываюць на малой радзіме, часта застаецца адзінай злучальнай ніткай, якая дзеліць жыццё на “да” і “пасля”.
Варта асобна падкрэсліць, што ўсе фотаздымкі, прадстаўленыя на выставе, з’яўляюцца яркім прыкладам піктарыялізма. Плыня, якая атрымала найбольшае развіццё ў пачатку мінулага стагоддзя, калі шмат якія фатографы, мастацка адораныя, звярнулі свой погляд на эстэтычныя крытэры пластычных мастацтваў. Многія з іх знаходзіліся пад уражаннем ад работ мастакоў-імпрэсіяністаў. Аднак мы не знойдзем у гэтай серыі пераймання, сімуляцыі жывапісу, што шмат у чым было характэрна для фота-мастакоў мінулага стагоддзя. Выкарыстанне манокля – мякка малюючай оптыкі , у спалучэнні са стужкай – дае добры прыклад сапраўднае святлапісу, калі адсутнасць залішніх дэталяў , характэрнае для сучасных аб’ектываў, збірае наша “уражанне ” ад выявы ў адно, калі ўсё падпарадкавана перадачы настрою.
Тут можна было б угледзець некаторую супярэчнасць паміж абраным інструментарыем і тэмай гэтай серыі фотаздымкаў. У сувязі з гэтым , хацелася б прывесці цытату вядомага прапагандыста манокля і святлапісу ў цэлым – Георгія Мсціславіча Коласава , які пісаў у сваім артыкуле: ”… У сусветным святлапісе піктарыялізм зацвердзіўся на самым пачатку нашаг стагоддзя. Карані яго – у жывапісных вопытах апошняй траціны XIX стагоддзя, галоўная прыкмета – абагулены малюнак выявы. Яго падабенства з жывапісам – відавочнае. Як змяняецца ў сувязі з гэтым наша ўспрыманне? Абагульняючы выяву (прыбіраючы дэталі), фатограф мысліць не паверхняй, а прасторай – у глыбіню, што дазваляе ў ідэале ператвараць аб’ект у містычны сімвал. Але ператварэнне можа адбывацца двума шляхамі. Першы – спецыяльныя пазітыўныя працэсы, у якіх рашаючую ролю грае індывідуальная тэхналогія, гэта значыць мастацтва рук. Першасны малюнак пры гэтым забіваецца (фарбай, растрам і пад.), страчваецца. Другі шлях – здымка мяккамалюючымі аб’ектывамі, якая захоўвае каштоўную аптычную сувязь выявы з натурай. Размежаванне тут прынцыповае: па адзін бок – эстэтыка жывапісу, па другі – чыстая фатаграфія, наколькі б жывапіснай не выглядала б выява. Тут і пачынаюцца цуды. Растарможаная прастора літаральна ажывае і пачынае гульню з часам, зацягваючы погляд і прымушаючы яго сачыць за аб’ектам. Справа можа дайсці да адваротнай часавай перспектывы, калі аб’ект прымае аблічча далёкага мінулага, у якім са здзіўленнем заўважаеш асобныя сучасныя рысы…”.
Работы Сяргея падпарадкоўваюцца традыцыйным крытэрам мастацкасці з дапамогай выкарыстанай тэхнікі здымкі, паказваюць нам рамантызаваны вобраз пакінутай вёскі, якая разбураецца, губляе свой уклад і паступова знікае ў смузе часу, набываючы настальгічныя, часам казачныя рысы. Дзе гэта месца на мапе, куды запрашае нас аўтар? У Сяргея настрой першасны, падабенства мясцовасці – другаснае. Серыя “Эцюды” паказвае нам абагуленыя вобразы вёскі, якая ня мае дакладнага адрасу.
На выставе прадстаўлена больш 20 работ. Друк фотаздымкаў выкананы з выкарыстаннем галерэйных матэрыялаў архіўнай якасці, якія гарантуюць захаванасць адбіткаў да 150 гадоў. Усе работы можна набыць. Выстава працягнецца да 9 верасня 2016 года.
Тэлефоны для даведак: +375 29 127-72-54, +375 29 217-70-91.
Расклад працы Этнацэнтра “Рагна”: штодня з 10:00 да 20:00, у нядзелю з 10:00 да 17:00.
Уваход вольны.