На фестывалі ў Эстоніі пакажуць дакументальную стужку, прысвечаную жанчынам у беларускай палітыцы

На 29-ым эстонскім кінафестывалі «Цёмныя ночы» (Black Nights) пакажуць стужку Not made for politics («Не створаныя для палітыкі»). Ён прысвечаны жанчынам у беларускай палітыцы, сярод якіх ёсць Святлана Ціханоўская, піша «Еўрарадыё».

Kadr z fiĺmu «Nie stvoranyja dlia palityki» Кадр з фільма «Не створаныя для палітыкі» / Allfilm, Yuzu Productions, Sorrento Productions

Стваральніца фільма — беларуская кінематаграфістка і арт-менеджэрка Воля Чайкоўская, арганізатарка фестывалю «Паўночнае ззянне» і сузаснавальніца Беларускай незалежнай кінаакадэміі (BIFA). Для аўтаркі «Не створаныя для палітыкі» — поўнаметражны дэбют.

Стужку пакажуць у секцыі Doc@PÖFF Baltic Competition (Балтыйскі конкурс). Пазначана, што фільм быў створаны ў капрадукцыі трох краін: Эстоніі, Францыі, ЗША (медыякампаніі HBO і Arte GEIE)

Kadr z fiĺmu «Nie stvoranyja dlia palityki»
Кадр з фільма «Не створаныя для палітыкі» / Allfilm, Yuzu Productions, Sorrento Productions

Як сказана ў апісанні, у цэнтры праекта — тры жанчыны: Святлана, Надзея і Маша, чые мужы сталі палітычнымі зняволенымі, а самі яны сталі ключавымі фігурамі руху.

«Іх бясстрашнае супрацьстаянне дыктатуры адлюстроўвае ўласную барацьбу Волі з уласным страхам перад маўчаннем, рэпрэсіямі і выгнаннем».

Фільм здымаўся на працягу пяці гадоў.

«Гэты інтымны фільм спалучае калектыўную гісторыю з асабістым прачынаннем, паказваючы як устойлівасць беларускіх жанчын, так і трансфармацыю самой рэжысёркі ў голас, які адмаўляецца заставацца ў баку», — напісана ў апісанні фільма.

29-фестываль «Цёмныя ночы» пройдзе ў сталіцы Эстоніі Таліне з 7 па 23 лістапада.