У новым школьным падручніку гісторыі пра Лукашэнку напісалі 46 разоў, а пра кнігі Караткевіча, рэпрэсіі і апанэнтаў Лукашэнкі — ні разу

У Беларусі выйшаў новы падручнік гісторыі для школьнікаў: «Гісторыя Беларусі ў кантэксьце ўсясьветнай гісторыі», другая частка. Ён прысьвечаны савецкай эпосе і сучаснасьці. Радыё Свабода пагартала новы падручнік разам з гісторыкам.

Новы падручнік для адзінаццаціклясьнікаў падрыхтаваў калектыў аўтараў пад кіраўніцтвам прафэсара Аляксандра Каханоўскага, гэта цяперашні дэкан гістарычнага факультэту БДУ, а прыватна — сын беларускага археоляга і краязнаўцы, іншадумца савецкага часу Генадзя Каханоўскага. Навуковым кансультантам пры падрыхтоўцы падручніка выступіў Ігар Марзалюк, праўладны гісторык, дэпутат Нацыянальнага сходу. Падручнік пачынаецца з гісторыі Другой усясьветнай вайны і сканчваецца сучаснасьцю. Шмат напісанага ў гэтай кнізе выклікае пытаньні і зьдзіўленьне гісторыкаў.

1.jpg

«Савецкі Саюз перамог Японію і фашызм агулам»

Падручнік пачынаецца з разьдзелу пра Другую ўсясьветную вайну, якая ў ім называецца Айчыннай. Пры гэтым, яна апісваецца як змаганьне, а пасьля і перамога выключна «савецкага» народу, без падзелу на беларусаў, украінцаў і іншыя народы тагачасных савецкіх рэспублік. Пры гэтым савецкія рэпрэсіі супраць жыхароў СССР, у тым ліку на тэрыторыі Беларусі, проста ня згадваюцца — ні да вайны, ні пасьля.

Гаворыцца толькі пра «рэабілітацыю ахвяраў рэпрэсіяў» пасьля прыходу да ўлады ў СССР Мікіты Хрушчова.

Ня згадваецца і пакт Молатава — Рыбэнтропа — дамова паміж СССР і Нямеччынай часоў Гітлера пра ненапад і падзел сфэраў уплыву ў сьвеце. Паводле сакрэтнага пратаколу пакту Польшча пераходзіла пад уплыў СССР. У ранейшых школьных падручніках гэты факт згадвалі. А ў гэтым згадваецца толькі «ўзьяднаньне Заходняй Беларусі і БССР» і «вызвольны паход Чырвонай арміі, які прывёў да ўзьяднаньня беларускага і ўкраінскага народаў у СССР», 17 верасьня 1939 году. Сумесны парад Чырвонага арміі і Вэрмахту ў Берасьці 22 верасьня 1939 году, які адбыўся пасьля фактычнага падзелу Польшчы, не ўпамінаецца. Як і савецкая дэпартацыя з Заходняй Беларусі сотняў тысяч яе жыхароў.

molatau.png
Савецка-нямецкі парад у Берасьці 22 верасьня 1939

Што да вайны, то ў падручніку сьцьвярджаецца, што яе выйграў СССР, роля ж саюзьнікаў замоўчваецца. Савецкі Саюз, паводле аўтараў, нават Японію перамог ледзь не ў адзіночку, а роля ЗША «была нязначнай».

«ЗША не адыгралі вырашальнай ролі і ў разгроме мілітарысцкай Японіі. Менавіта Савецкі Саюз і савецкі народ вынесьлі на сабе асноўную цяжар вайны, адыгралі вырашальную ролю ў разгроме нацысцкай Германіі і яе саюзьнікаў. Увесь сьвет прызнаў, што савецкі народ, Савецкі Саюз — галоўная сіла, якая перамагла нацызм», — паўтарае савецкія прапагандысцкія штампы падручнік.

Screenshot_padrucznika.png
Скрыншот падручніка

На гэта зьвяртае ўвагу гісторык, дарадца Сьвятланы Ціханоўскай у навуцы і адукацыі Павал Церашковіч.

«Абсалютна відавочна гэта зроблена, каб прынізіць ролю хаўрусьнікаў Савецкага Саюзу. Нібыта ЗША не адыгралі вырашальнай ролі ў перамозе над Японіяй — гэта ж проста анэкдот, іначай не скажаш», — кажа гісторык.

Перамога над Японіяй стала вынікам цэлай сэрыі бітваў ЗША на Ціхім акіяне падчас Другой усясьветнай вайны, кульмінацыяй якіх стала безумоўная капітуляцыя Японіі 2 верасьня 1945 году пасьля атамных бамбаваньняў Хіросімы і Нагасакі.

«Савецкі дастатак» і шкадаваньне пра развал СССР

 У падручніку аўтары не скупяцца на камплімэнты як агульнай палітыцы СССР пасьля вайны, так і дабрабыту савецкіх грамадзянаў. Жыцьцё ў «краінах Захаду» і Савецкім Саюзе пасьлядоўна супрацьпастаўляецца. Напрыклад, напісана, што палітыка ўсеагульнага дабрабыту, калі грамадзяне маюць доступ да мэдыцыны, да побытавай тэхнікі, у «краінах Захаду» выклікана зайздрасьцю да дабрабыту «сацыялістычных краін, у тым ліку БССР».

Напісана пра доступ людзей у выніку «навукова-тэхнічнай рэвалюцыі» да побытавай тэхнікі: пральных машын, тэлевізараў, транзыстарных прымачоў і аўтамабіляў.

«Першыя крокі ў стварэньні дзяржавы ўсеагульнага дабрабыту былі зробленыя ў Нямеччыне ў канцы XIX стагодзьдзя, падобныя крокі былі ў Швайцарыі і Даніі ў той жа час. Пішуць, што ў 70-я гады пачалася рэвалюцыя спажываньня ў СССР: лядоўні пачалі выкарыстоўваць, пральныя машыны. Але ж нармальныя аўтаматычныя пральныя машыны ўжо пасьля СССР зьявіліся. Сам тэрмін „навукова-тэхнічная рэвалюцыя“ састарэлы, ён з 60-х гадоў мінулага стагодзьдзя», — кажа Павал Церашковіч.

У 1970-я гады, напрыклад, на 1000 жыхароў СССР прыпадала толькі 6–11 аўтамабіляў. А ў ЗША ўжо ў першай палове XX стагодзьдзя на 1000 жыхароў прыходзілася 250–300 аўтамабіляў, такі ж узровень быў у краінах Заходняй Эўропы ў 1970-я гады.

Той факт, што СССР скончыў сваё існаваньне, падручнік апісвае зь відавочным шкадаваньнем.

«Распад Савецкага Саюзу меў глыбокія наступствы і для постсавецкай прасторы, і для ўсяго сьвету. Гэтая падзея нэгатыўна паўплывала на эканамічнае і палітычнае разьвіцьцё былых савецкіх рэспублік», — пішуць аўтары падручніка.

Таксама гаворыцца, што адзіным дэпутатам Вярхоўнага Савету БССР, які галасаваў супраць развалу СССР і абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі, быў дэпутат Лукашэнка. Гэта няпраўда, тады супраць галасаваў іншы чалавек, камуніст Валер Ціхіня, што ён пасьля пацьвярджаў у інтэрвію.

Screenshot_padrucznika-2.png
Скрыншот падручніка 

Многія рэчы ў падручніку проста не згаданыя. Напісана, што пасьля абвяшчэньня незалежнасьці ў Беларусі быў іншы сьцяг і герб, але які менавіта, не сказана. Падаючы лічбы галасаваньня на ўсіх прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі, нікога з апанэнтаў Лукашэнкі ня згадваюць, паведамляюць толькі, колькі галасоў набраў ён. Напісана, што ў Вярхоўным Савеце быў прадстаўлены Беларускі Народны Фронт, але што гэта за палітычная сіла, як яна зьявілася, хто ёю кіраваў і чаму яе няма цяпер — ані слова.

У падручніку згаданы падпольшчык Караткевіч, але не згаданы пісьменьнік Уладзімер Караткевіч, кнігі якога па сёньня адны з самых папулярных у краіне. Васіль Быкаў згаданы мімаходзь і толькі ў кантэксьце таго, што ён быў «удзельнікам ваенных падзеяў». А вось Лукашэнку ў падручніку згадваюць ажно 46 разоў.

«Вельмі шмат недамовак, недагаворваньняў, падтасовак. Напісана, што ў 1995 годзе быў рэфэрэндум, які зьмяніў сымболіку, але якую сымболіку — не сказана, няма ні выяваў, ні згадак. Згадваецца толькі, што ў 1991 годзе былі прынятыя нейкі сьцяг і герб без рэфэрэндуму, але напісана, што гэта было навукова неабгрунтавана», — прыводзіць прыклад Павал Церашковіч.

У 1991 годзе ў Беларусі нацыянальныя бел-чырвона-белы сьцяг і герб Пагоня былі прынятыя як дзяржаўныя, пад гэтымі сымбалямі Лукашэнка прымаў прэзыдэнцкую прысягу ў 1994 годзе. У 1995 годзе ён ініцыяваў супярэчны Канстытуцыі рэфэрэндум за скасаваньне гэтай сымболікі. У выніках рэфэрэндуму, як і ў выніках усіх наступных выбараў у Беларусі, ёсьць сумневы як і ў міжнароднай супольнасьці, так і ў беларускіх праваабаронцаў і палітыкаў.

Паўтарэньне тэзісаў расейскай прапаганды 

У падручніку ўсе падзеі ва Ўкраіне пачынаючы з 2004 году падаюцца выключна з пазыцыяў расейскай прапаганды. Напісана, што ў выніку Эўрамайдану 2014 году да ўлады ва Ўкраіне прыйшлі «радыкальныя нацыяналісты, якія ўзялі курс на прымусовую ўкраінізацыю». Канкрэтных ілюстрацыяў гэтай тэзы не прыводзіцца.

Якім чынам Крым быў анэксаваны Расеяй, нічога не сказана, напісана толькі, што Крым апынуўся ў складзе Расеі ў «выніку „Расейскай вясны“». Згадваюцца непрызнаныя міжнароднай супольнасьцю ДНР і ЛНР, якія «імкнуліся да незалежнасьці», а ўкраінскія ўлады «імкнуліся іх зьнішчыць узброеным шляхам». Пра тое, што гэтыя ўтварэньні падтрымлівала узброеным чынам Расея і там ваявалі расейскія салдаты, не сказана.

Поўнамаштабная вайна супраць Украіны, якую Расея пачала 24 лютага 2024 году, у падручніку называецца «спэцыяльнай ваеннай апэрацыяй, якую Расея пачала, каб абараніць насельніцтва ДНР і ЛНР». Менавіта такім чынам вайну тлумачаць расейскія ўлады і прапаганда.

«Апошняя частка падручніка — гэта не гісторыя наагул. Гэта прапаганда, усё, што заўгодна, але не гісторыя. Фактычна сьпісаная з расейскіх прапагандысцкіх матэрыялаў гісторыя Расеі. Наагул не згаданая вайна Расеі супраць Грузіі. 2014 год пададзены выключна з пазыцыяў расейскай прапаганды», — зьвяртае ўвагу Павал Церашковіч.

«Уражаньне, што чытаеш падручнік гісторыі КПСС» 

Пасьлявыбарчыя пратэсты і палітычны крызіс 2020 году ў Беларусі ў падручніку апісваюцца як «спроба мяцяжу з мэтай захопу канстытуцыйнай улады». Ня згадваюцца ані апанэнты Лукашэнкі на выбарах, ані акцыі пратэсту супраць выбарчых фальсыфікацыяў, у якіх удзельнічалі сотні тысяч беларусаў, ані тысячы палітзьняволеных, якія і праз 5 гадоў застаюцца за кратамі.

«Уражаньне, што чытаеш падручнік гісторыі КПСС 70-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Такое адчуваньне, што многія фармулёўкі ўзялі адтуль. Падручнік напісаны жахлівай мовай, нагадвае бюракратычныя справаздачы за пяцігодку. Гэта традыцыі савецкай гістарыяграфіі брэжнеўскага часу. Спачуваньні выкладчыкам і вучням, не ўяўляю, як працаваць з такім падручнікам. Аднак зараз хапае інфармацыі ў сеціве, пададзенай чалавечымі словамі. А з гэтым падручнікам будзе як з „навуковым камунізмам“, ніхто ня будзе памятаць, пра што гэта было», — мяркуе Павал Церашковіч.