Некаторыя беларусы, маючы гуманітарны ВНЖ, працягваюць ездзіць у Беларусь і ў выніку баяцца хадзіць на пратэсныя акцыі і беларускія культурныя мерапрыемствы за мяжой, жывуць «гэткім непаўнавартасным баязьлівым жыцьцём толькі дзеля таго, каб некалькі разоў на год наведаць РБ». Ці варта яно таго? Разважае Лявон Вольскі.
Лявон Вольскі. Фота: Darya Kaliada
Калісьці я пісаў пра тое, што, можа быць, ня варта езьдзіць у Беларусь тым, хто мае гуманітарную візу? Ці то дазвол на жыхарства на падставе гэткае візы. Бо гуманітарная віза выдаецца чалавеку, якому нешта пагражае на радзіме. Таму з гэтай візай можна нават уладкоўвацца на працу. І шмат чаго яшчэ можна, бо на радзіме гэтая асоба можа зазнаць перасьлед, таму з гуманітарных меркаваньняў ёй дазваляюць жыць і працаваць за мяжой. Напрыклад, у Польшчы.
Тэма гэтая, як высьветлілася, балючая, і беларусы панапісвалі шмат камэнтароў. Хтосьці спрачаўся, што віза не забараняе езьдзіць на радзіму, гэта нідзе не напісана. Нехта яго аспрэчваў: «Вось вы езьдзіце туды-сюды, а потым чалавеку, які сапраўды будзе мець патрэбу ў гуманітарнай візе, яе не дадуць». Яму адказвалі пра хворую маму і неабходнасьць прывезьці лекі, грошы, пра продаж машыны (кватэры) і шмат розных іншых нагодаў (неабходнасьцяў) наведваньня радзімы... Карацей, тыповы беларускі інтэрнэт-халівар...
Малюнак Лявона Вольскага
Тым, хто рэгулярна езьдзіць празь мяжу, трэба вытрымліваць падвышаныя захады бясьпекі — не паказвацца на пратэсных акцыях, на культурных мерапрыемствах кшталту кніжнага кірмашу ці канцэрту, бо там можа быць нацыянальная сымболіка, і раптам цябе нехта побач зь ёй сфоткае? Для праходжаньня мяжы ты мусіш быць крышталёва чысты перад рэжымам РБ. І ты, і твой тэлефон мусяць быць літаральна стэрылізаваныя — ніякага нідзе бел-чырвона-белага, ніякіх камэнтароў і падабаек.
Колькі разоў нам ужо казалі, што ёсьць асобная катэгорыя людзей, і людзі гэтыя любяць нашыя песьні, але не наведваюць канцэрты, каб там раптам не «засьвяціцца», бо яны (а часам нават не яны, а іхнія дзеці (бацькі, сваякі)) рэгулярна езьдзяць у Беларусь, і гэта можа быць для іх кампраматам.
Якім кампраматам?! Ні я, ні мае музычныя праекты пакуль не прызнаныя экстрэмісцкімі!
Не, на канцэртах небясьпечна — там здымаюць і фоткаюць, можа быць сымболіка — лепей устрымацца ад наведваньня.
Атрымліваецца, што мы вытрымліваем вар’яцкія правілы гульні — нейкі суд Ёцэвіцкага раёну прызнаў паблік «Коцікі і сабачкі» экстрэмісцкім, і ўсе кідаюцца адпісвацца ад яго, выдаляць з тэлефонаў...
Калі гэта ў Беларусі, дык яшчэ можна зразумець — там усё небясьпечна, нават «Коцікі і сабачкі», але ты жывеш і працуеш за мяжой, у бясьпецы, маеш дазвол на жыхарства, плянуеш мець грамадзянства і жывеш гэткім непаўнавартасным баязьлівым жыцьцём толькі дзеля таго, каб некалькі разоў на год наведаць РБ?
Ня ведаю, можа, яно й вартае таго. Кожны выбірае сам.
Але, прынамсі, у Польшчы ўжо ёсьць выпадкі ануляваньня візаў і картаў побыту за «нямэтавае выкарыстаньне». Лішне казаць, гэтым «нямэтавым выкарыстаньнем» і былі рэгулярныя візыты ў Беларусь.
Але хіба ты нешта растлумачыш чалавеку, які піша ў варшаўскім беларускім пабліку: «Ці спрабаваў хтосьці зь міжнароднай абаронай наведаць Расею? Напішыце ў прыват»?
Нічога не растлумачыш. Яму трэба. І ён паедзе.
Лявон Вольскі, Budzma.org
*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org