Журы зацвердзіла кароткія спісы намінантаў на Прэмію Цёткі, якая ўручаецца найлепшай кнізе для дзяцей і падлеткаў. На галоўную ўзнагароду ў 2023 годзе прэтэндуюць 4 кнігі у літаратурнай і 7 кніг у мастацкай намінацый. У 2024 — 5 і 6 кніг адпаведна, піша bellit.info.
Прэмія Цёткі прысуджаецца ў дзвюх намінацыях: за найлепшую аўтарскую кнігу для дзяцей і падлеткаў, напісаную на беларускай мове, а таксама за найлепшае мастацкае афармленне кнігі для дзяцей. У гэтым сезоне намінанты і журы маглі зашыфраваць сябе, каб зрабіць свой удзел непублічным у мэтах бяспекі.
Уручэнне Прэміі Цёткі адбудзецца на фестывалі інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA, які адбудзецца 7-9 лістапада ў Познані.
У літаратурнае журы Прэміі Цёткі сёлета ўвайшлі: паэт, перакладчык, філолаг Андрэй Хадановіч; кніжная блогерка і папулярызатарка беларускай літаратуры Кацярына Жамойдзіна; культурная менеджарка, заснавальніца фонду «Кніжны вырай» Кацярына Веразуб. Астатнія сябры журы ўдзельнічаюць непублічна. Сярод публічных сябраў мастацкага журы — мастачка і ілюстратарка Лілія Бусарава, якая стала пераможцай прэміі ў 2022 годзе.
«Я пільна сачу за беларускай дзіцячай літаратурай, — і як мама дваіх дзяцей, і як блогерка і падкастарка. Таму мушу адзначыць, што далёка не ўсе кнігі, якім варта было б удзельнічаць у сёлетняй прэміі, былі пададзеныя. І мы ўсе добра разумеем прычыны. Але нават у такіх няпоўных спісах хапае моцных кніг, якія мы з іншымі сябрамі журы былі радыя абмеркаваць. Тое, што адзначылі ўсе сябры журы: прэміі бракуе намінацый. Вельмі складана параўноваць дзіцячыя кнігі з падлеткавымі. Іх варта было б ацэньваць у асобных намінацыях, і спадзяемся, што ў будучыні прэмія іх займее», — адзначыла сябра літаратурнага журы Кацярына Жамойдзіна.
Пэўныя асаблівасці ў сферы выдання дзіцячых кніг адзначыла і мастацкае журы: «У кантэксце цяжкага становішча беларускай мовы, беларускае кнігадрукаванне сустракаецца з дадатковым выклікам — зрабіць кніжку канкурэнтназдольнай на фоне іншамоўных выданняў. Але не толькі за кошт цікавага тэкста, але і за кошт якаснага мастацкага афармлення, якое можа на першым этапе знаёмства з кнігай завабіць дзяцей і бацькоў. Але, на жаль, прыходзіцца канстатаваць развіцце небяспечнай тэндэнцыі. Яе прыкметы ў тым, што большасці кніжных выданняў бракуе прафесійнага і сучаснага падыходу да стварэння ілюстрацый і дызайну кнігі. Такія тэндэнцыі могуць прывесці да таго, што беларуская дзіцячая кніга рызыкуе страціць сваю цэласнасць як культурная з’ява. Журы разумее, што цяпер цяжкі час для кнігавыдання не толькі ў Беларусі, але і па ўсім свеце. Наша мэта не крытыкаваць, а акрэсліць праблему і пачаць абмеркаванне — каб знайсці яе вырашэнне разам з прафесійнай супольнасцю».
Прэмія за найлепшую кнігу для дзяцей носіць імя выбітнай беларускай паэткі, асветніцы і грамадскай дзяячкі Алаізы Пашкевіч (Цёткі), аўтаркі «Першай чытанкі для дзетак-беларусаў». Прэмія ўручаецца з 2016 года. У 2022 годзе лаўрэатамі прэміі Цёткі сталі Антон Францішак Брыль з кнігай «Мышыныя Каляды» у літаратурнай намінацыі і Лілія Бусарава з кнігай «Мой рыжы Бім» Эдзі Агняцвет у мастацкай намінацыі.
Арганізатарамі прэмій з’яўляюцца Дабрачынная ініцыятыва «Viartańnie», Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў і Беларускі ПЭН.