Адкрыццё выставы “Суладдзе”

28.02.2018 18:00 - 18:00 Нацыянальны мастацкі музей (вул. Леніна, 20) Бясплатнае

З 1 па 25 сакавіка 2018 г. у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца выстава “Суладдзе”. Графіка Уладзіміра Васюка і кераміка Тамары Васюк.

Экспазіцыю выставы, якая з’яўляецца часткай аўтарскага праекта “Лінія і форма”, складаюць каля 100 прац творчага дуэта мастакоў, створаных у апошнія гады.

Аснова творчасці майстроў – тэма Бацькаўшчыны, якой і прысвечана выстава. Творы мастакоў прасякнуты глыбокай павагай да культуры і традыцый беларускай зямлі.

Тамара Васюк нарадзілася 6 ліпеня 1952 г. на Гомельшчыне. У 1972 г. скончыла Мінскае мастацкае вучылішча імя А.К. Глебава, у 1977 г. – Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут.

Тамара Іванаўна – лаўрэат шматлікіх прэмій у галіне мастацтва і культуры. Удзельнік міжнародных пленэраў па кераміцы “Арт-Жыжаль”. З 1990 г. працуе над праектам па адраджэнні традыцыйнай беларускай керамікі, выхавала плеяду маладых мастакоў-керамістаў, якія працуюць у гэтым напрамку. У 2005 г. узнагароджана спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за творчыя дасягненні і выхаванне творчай моладзі.

Уладзімір Васюк нарадзіўся 2 ліпеня 1947 г. на Гомельшчыне. У 1972 г. скончыў Мінскае мастацкае вучылішча імя А.К. Глебава, у 1978 г. – Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут.

Мастак з’яўляецца лаўрэатам шматлікіх прэмій у галіне мастацтва і культуры, усесаюзных і рэспубліканскіх конкурсаў плаката і дызайну кнігі. Ён стварыў больш за 10 фірменных стыляў, якія ўключаюць у сябе комплекс распрацовак: знак, лагатып, герб, сцяг, харугву і г. д.

Тамара і Уладзімір Васюк – дзве яскравыя, самадастатковыя, творчыя індывідуальнасці, у кожнага з іх свая мастацкая мова, пластыка, аднак у тандэме яны дапаўняюць адзін аднаго.

Творы Тамары – увасабленне прыродных стыхій зямлі і агню, яны захоўваюць выразны след жывога дотыку. Яе кераміка, наўмысна нягладкая і неаднародная паверхня якой скрэслена лініямі, штрыхамі, у некаторай ступені “графічная”. У працах Уладзіміра Васюка адчуваецца халаднаваты подых невымоўнага, магутнасць стыхій паветра і вады. Мастак стварае на плоскасці аркуша ілюзію аб’ёма, нібыта “вылеплівае” шматвымерную прастору.

Такое тонкае ўзаемадзеянне, перапляценне супрацьлегласцяў надаюць асаблівую гармонію, цэльнасць і суладдзе мастацкаму сусвету майстроў.

Урачыстае адкрыццё выставы “Суладдзе” адбудзецца 28 лютага 2018 года а  18-й гадзіне ў вестыбюлі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.


Вам можа быць цікава

Фотавыстава Уладзіміра Цвіркі «Сілуэты спадчыны» ў Заслаўі

18.04.2025 13:30 - 18.05.2025 18:00 музей беларускай маляванкі (вул. Дачная, 13)

Саша Філіпенка ва Уроцлаве

21.05.2025 (18:30 - 20:00) Klub Proza (Przejście Garncarskie 2)

Саша Філіпенка ў Берліне

26.05.2025 (19:00 - 21:00) Das Werkhaus (Oranienburger Str. 32)

Апошняе
на Budzma.org

чытаць яшчэ