Адкрыццё выставы памяці Віктара Сташчанюка
Пачатак: 04.07 (17:00)Канец: 04.07 (19:00)
Палац мастацтва
4 ліпеня 2019 года а 17 гадзіне ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі (Палац мастацтва, вул. Казлова, 3) адбудзецца адкрыццё выставы па выніках пленэраў памяці Віктара Сташчанюка, арганізаванай ГА «Беларускі саюз мастакоў», Рэспубліканскай мастацкай галерэяй.
"Я веру ў асветную сілу мастацтва" - Віктар Сташчанюк.
Цытата самога Віктара Сташчанюка, памяці якога 4 ліпеня 2019 года адчыняецца мастацкая выстава ў мінскім Палацы мастацтваў, узята ў назву выставы як красамоўны дэвіз усёй творчасці мастака.
Гэтак не павінна быць, каб творчасць майстра, які цалкам ахвяраваў сваё жыццё дзеля ўшанавання і адраджэння ў вобразах мастацтва гістарычнай мінуўшчыны Беларусі, была забытая, сцертая з аналаў нацыянальнай памяці. З думкамі пра гэта беларускія мастакі з розных рэгіёнаў нашай краіны збіраліся і працавалі цягам ўсяго 2018 года на пленэрах у Наваградку, Заслаўі і Мінску, каб пахадзіць сцежкамі гістарычнай памяці Сташчанюка, каб аднавіць іх бачанне Сташчанюком ў новых мастацкіх вобразах. Творцы з Наваградка і Мінска, Полацка і Заслаўя, Гародні, Віцебска і Маладзечна дружна, плённа працавалі і прадэманстравалі свае творы на адметных папленэрных выставах у Музеі імя Адама Міцкевіча ў Навагрудку (27 жніўня 2018 года), у Выставачнай зале Запаведніка "Заслаўе"(13 студзеня 2019 года), у Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь (18 мая 2019 года).
Віктар Пятровіч Сташчанюк нарадзіўся ў вёсцы Сёгда ў 1933 годзе, як ён сам піша ва ўспамінах -"… за тыдзень да Юр'я ". У Наваградку прайшлі маладыя гады. Потым разам з маці пераехаў ў Мінск. Але надалей мастак усё жыццё захоўваў адданасць Наваградку і Наваградчыне. Сімвалічна, што тут адбылася яго першая персанальная выстава - "Наваградку 950 у замалёўках творчасці Віктара Сташчанюка"(1996).
Віктара Сташчанюка, здаецца, добра ведалі ўсе, бо ён шмат год працаваў мастаком у Мінскім Доме літаратараў, дзе цягам ўсёй другой паловы ХХ стагоддзя адбываліся цэнтральныя падзеі творчага жыцця сталічнай інтэлігенцыі. Жыў творца разам са старэнькай маці па вуліцы Ленінградскай, што пры чыгуначным вакзале, і часта ў яго кватэры знаходзілі прытулак заезжыя ў Мінск па справах зоркі беларускіх рэгіёнаў. За сваё жыццё Віктар Пятровіч аздобіў адмысловымі ілюстрацыямі-рэканструкцыямі вялікі шэраг гістарычных і навукова-папулярных кніг. Быў славутым стваральнікам марак і капэртаў маладой незалежнай Беларусі, і нават уганараваны на міжнароднай выставе ў Парыжы як найлепшы марачнік ў сваёй катэгорыі.
Асноўны напрамак яго творчай дзейнасці - рэканструкцыя панарамаў старых гарадоў, гістарычных падзеяў і помнікаў дойлідства. Віктар Сташчанюк ствараў рэканструкцыі часам як станковыя кампазіцыі, якія экспанаваў на гістарачных выставах падобна "Рэканструкцыі мястэчка Клецк, пры якім адбылася пераможная бітва ваяроў ВКЛ з крымскімі татарамі"(2006), што выстаўлялася ў Мінску ў экспазіцыі да 500-годдзя перамогі пад Клецкам. Іншыя рыхтаваліся дзеля ілюстравання гістарычных кніг, такіх як апавяданні з гісторыі Беларусі для малодшых шкільнікаў "Адкуль наш род" Уладзіміра Арлова (2000) – сюды ўвайшлі адметныя рэканструкцыі "Полацак у часы Еўфрасінні і князя Валодшы", "Тураў. Паводле гравюры ХІХ ст.", "Старажытная Сафія Полацкая", "Крыжакі пад Наваградкам". Тым не менш рэканструкцыі краявідаў і панарамаў Наваградка, Заслаўя і Мінска – галоўны і вызначальны ўклад яго як майстра гістарычных рэканструкцый у скарбонку нацыянальнай памяці Беларусі. Таму пленэры памяці Віктара Сташчанюка базаваліся ў гэтых самых старажытных гарадах Беларусі.
Мастак пажыццёва меў значную практыку ілюстравання гістарычнай літаратуры. Яго творчы набытак ілюстрацыі і аздабленне "Пінскай шляхты" Дуніна-Марцінкевіча, "Беларуская дзяржава Вялікае княства літоўскае" Міколы Ермаловіча, "Чорны замак Гальшанскі" Уладзіміра Караткевіча, "Площадь Свободы" Уладзіміра Дзянісава, "Сьвятая Еўфрасіння" Марціновіча, "Культурнае жыццё Мінска І паловы ХІХ стагоддзя" Карповіча і іншыя.
У залаты фонд беларускай гістарычнай ілюстрацыі ў першую чаргу патрапляюць рэканструкцыі панарамаў старога Мінска і яго адметных гістарычных аб'ектаў у кнізе "Рэха даўняга часу" (1985), якая ў год выдання прагучала выбухова, упершыню пераканаўча прадэманстраваўшы сучаснікам, што старадаўні Мінск не страчаны дзеля рэстаўрацый і рэканструкцый, што ў значнай ступені паўплывала на адмену запланаваных зносаў рэшткаў даўніны ў горадзе, гэта гістарычна вядомы факт. Да таго ж каларытныя панарамныя малюнкі Віктара Пятровіча Сташчанюка, такія як "Высокі рынак у пачатку ХІХ ст.", "Саборная плошча ў сярэдзіне ХІХ ст.", "Скрыжаванне вуліц Дамініканскай і Валоцкай (сярэдзіна ХІХ ст)" і "Троіцкае прадмесце ў канцы ХІХ ст." паводле іх мастацкай і гістарычнай значнасці становяцца ўпоравень дасягненняў еўрапейскай культуры з відарысамі старажытнага Мінска Барталамея Лявереня і Юзафа Пешкі. Ствараючы болей дакладныя рэканструкцыі, бо абапіраўся на ўласныя шматлікія абмеры рэшткаў і падмуркаў ды свежыя звесткі археолагаў, беларускі мастак у адрозненне ад француза і паляка ўвасобіў непаўторны менталітэт мінчукоў, скурпулёзна-выверана апрануўшы іх у гістарычна-адпаведнае адзенне. Сташчанюк рэканструіраваў не толькі, і не столькі ўзоры і геаграфію размяшчэння помнікаў дойлідства нашай сталіцы, як інтэлектуальна, хочацца сказаць – літаратурна аб'ёмна – ўвасобіў гістарычную атмасферу жыцця мінчукоў мінулых эпох з адпаведнымі рытмамі, нават, здаецца, гукамі і пахамі атмасферы іх жыцця ў горадзе. І ў гэтым творца непераўзыйдзены.
Як гэта часта бывае ў мастакоў, ён быў яшчэ і паэтам. У выдавецтве "Беларускі кнігазбор " у 2002 годзе, пры падтрымцы баларускай паэткі Алы Канапелькі выдадзены збрнік вершаў Віктара Пятровіча Сташчанюка "У прасторы часу". Апрача традыцыйнай лірыкі ў ім адметныя вершы пра гістарычныя мясціны Беларусі, якія ён наведваў у вандроўках і экспедыцыях – "Туганавіцкі парк"(1975), "Смаляны"(1989), "Ля гары Гараваткі" (1999), прысвячэнне беларускай мове – "Мова"(1995); дзеячам беларускай культуры – "Беларусь"(1992), "Памяці Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча" (1984), "Дануце Бічэль-Загнетавай" (1988), "Памяці Юрыя Авяр'янава" (1996), і "Удзельнікам мастацтвазнаўчых экспедыцый 1968 – 1972 гг." (2001). Узнёслыя і прачуленыя радкі Віктара Пятровіча "Сюды сыходзяцца сэрца дарогі, як да Рыма…Тут карані мае і Радзіма" выглядаюць камертонам творчасці мастака і паэта і новай выставы яго памяці ў Палацы мастацтваў у Мінску ў ліпені 2019 года.
Куратар пленэраў і выставаў памяці Віктара Сташчанюка
мастацтвазнаўца
Таццяна Гаранская
Выстава працягнецца па 14 ліпеня 2019 г.
Адрас: г. Мінск, вул. Казлова, 3, Палац мастацтва.
Час працы: аўторак-пятніца з 11:00 да 19:00; субота-нядзеля з 11:00 да 19:00.
Панядзелак-выхадны дзень.
Тэлефоны для даведак: +375 (17) 288 15 49;
+375 (29) 844 99 68 (МТС); +375 (29) 264 68 48 (МТС).
Таксама з інфармацыяй пра мінулыя і будучыя выставы можна азнаёміцца на сайтах Беларускага саюза мастакоў: www.belarunion.by, Палаца мастацтва: http://artpalace.by/
На нашай старонцы ў Facebook: https://facebook/com/mastatstva