Ужо 18 верасня а 19 гадзіне ў краме “Акадэмкніга” адбудзецца аўтограф-сесія Кухмістра Верашчакі, на якой можна будзе набыць і падпісаць яго новую кнігу “Сакатала бочачка”, што нядаўна выйшла ў выдавецтве “Янушкевіч”.
“Сакатала бочачка” – кніга Алеся Белага (“Кухмiстра Верашчакi”), зборнік займальных гістарычных нарысаў, прысвечаных самым знакавым алкагольным напоям нашай краіны, амаль цалкам забытым, пакінутым у мінулым. Першыя радкі будучай кнігі, былі напісаныя 18 гадоў назад, у далёкім 1999 годзе. За гэты час дасціпныя і пазнавальныя “алкагольна-гістарычныя” нарысы Кухмiстра Верашчакi публікаваліся ў “Спадчыне”, “Нашай Ніве”, “Звяздзе”, “Культуре питья”, на сайце Budzma.by.
Калі Вы неабыякавыя да гісторыі быту і паўсядзённасці нашых продкаў, – і да гісторыі алкагольных напояў у прыватнасці, калі цікавіцеся як і з чаго яны рабіліся, як ужываліся, што значылі, з чым асацыяваліся ў ранейшыя часы, тады гэтая кніга для вас. Тут сабраны ўнікальныя звесткі, на якія ніхто раней не звяртаў пільнай увагі. Маючы гэтую кнігу пад рукой, вы без складанасцей зможаце прыгатаваць самыя вытанчаныя “моцныя” напоі па ўнікальнай рэцэптуры. А калі вы ўжо чыталі “Літвінскую кухню” або “Нашу Страву”, то ведаеце – аўтар піша так, што водары пачынаюць казытаць ваш нос ужо з самых першых старонак. Кухмістр Верашчака разбурае міфы і стэрэатыпы, якія ўкараніліся ў нашым грамадстве вакол культуры піцця, і аднаўляе сапраўдную гісторыю, якая часам чытаецца як захапляльны дэтэктыў. Вы будзеце бязмежна здзіўленыя, наколькі разнастайным быў калісьці свет нашых моцных напояў, як нечакана і цікава ён адлюстроўваецца ў нашай культуры.
Падрябязней можна будзе даведацца ў аўтара.
У Мінску 18 верасня а 19 гадіне па адрасе: г. Мінск,пр-т Незалежнасці, 72, крама “Акадэмкніга”.
У Гародні 20 верасня а 19 гадзіне па адрасе: вул.Вялікая Траецкая, 14, этнакрама “Цудоўня”.