Беларускія ўікэнды: «Форэст Гамп», Уолтэр Міці і Нарнія вяртаюцца ў Мінск

22.02.2019 - 24.02.2019 19:00 - 19:00 Кінатэатр "Масква" (пр-т Пераможцаў, 13) Бясплатнае

22–24 лютага праект «Беларускія ўікэнды» правядзе спецыяльныя паказы фільмаў «Форэст Гамп», «Хронікі Нарніі: Леў, Вядзьмарка і гардэроб» і «Таемнае жыццё Уолтэра Міці». Гэтыя карціны набралі больш за ўсё галасоў у глядацкім галасаванні за любімыя фільмы праекта. Паказы будуць прысвечаны Дню роднай мовы. Агучку і пераклад фільмаў на беларускую мову выканала кампанія «Кінаконг» пры падтрымцы velcom.

Глядацкае галасаванне за найлепшыя фільмы праекта «Беларускія ўікэнды» праходзіла ў студзені ў рамках «Каляднага марафону». Гледачам і анлайн-аўдыторыі праекта было прапанавана выбраць любімыя жанры фільмаў і тыя карціны, якія яны хацелі б зноў убачыць на вялікім экране. Па выніках галасавання, у якiм прыняла ўдзел больш за паўтары тысячы чалавек, «Форэст Гамп», «Хронікі Нарніі: Леў, Вядзьмарка і гардэроб» і «Таемнае жыццё Уолтэра Міці» увайшлі ў топ-3 любімых фільмаў.

Фільм «Форэст Гамп» пераклалі на беларускую мову ў 2017 годзе. Гісторыю незвычайнага лёсу, якая атрымала ў 1995 годзе сем прэмій «Оскар», на вялікіх экранах Мінска ў беларускай агучцы паглядзела больш за 2000 чалавек. Прэм’ера карціны «Хронікі Нарніі: Леў, Вядзьмарка і гардэроб» адбылася ў пачатку 2018 года. На спецыяльным перадпаказе разам з фільмам была прэзентавана аднайменная кніга на беларускай мове, якую, як і фільм, пераклалі прафесіяналы «Кінаконг».

Фільм «Таемнае жыццё Уолтэра Міці» на беларускай мове з’явіўся на вялікіх экранах Мінска мінулай вясной. Адмыслова да прэм’еры фільма каманда праекта запісала відэакліп на спеў з фільма – перакладзены на беларускую мову Space Oddity Дэвіда Боўі, які выканала маладая спявачка Валерыя Яскевіч і музыка гурта ЛСП Пётр Клюеў. Кліп быў зняты на даху офіса кампаніі velcom. Ролік набраў каля мільёна праглядаў на YouTube і ў сацсетках.

Дзень роднай мовы адзначаюць 21 лютага, і «Беларускія ўікэнды» запрашаюць працягнуць яго і адзначыць у кінатэатры – за праглядам кіно на беларускай мове. 22 лютага адбудзецца паказ фільма «Форэст Гамп». «Хронікі Нарніі: Леў, Вядзьмарка і гардэроб» можна будзе ўбачыць 23 лютага, «Таемнае жыццё Уолтэра Міці» пакажуць 24 лютага. Квіткі ўжо даступныя ў касах кінатэатра і на сайтах квітковых аператараў.

У рамках праекта «Беларускія ўікэнды», які рэалізуе кампанія «Кінаконг» пры падтрымцы velcom, вядомыя прадстаўнікі тэатра і кіно Беларусі ўдзельнічаюць у перакладзе і агучцы на беларускую мову разнапланавых замежных фільмаў, якія пасля дэманструюцца ў шырокім пракаце. Сачыць за навінамі праекта і раскладам сеансаў фільмаў на беларускай мове можна на сайтах kinakong.by і velcom.by.

 


Вам можа быць цікава

Выстава Васіля Сумарава «Мой дом» у Мінску

06.03.2026 18:00 - 18.04.2026 19:00 галерэя "Viva Kola Art" (вул. Дзімітрава, 3,)

Выстава «Графічныя афарызмы Міхаіла Лісоўскага» ў Мінску

17.03.2026 16:00 - 31.12.2026 17:00 Музей гісторыі беларускай літаратуры (вул. Багдановіча, 13)

Вечар джазавай музыкі ў Мінску

04.04.2026 (17:00 - 19:00) Музей-майстэрня Заіра Азгура (вул. Азгура, 8)

NAVIBAND у Сопаце

07.04.2026 (21:00 - 23:00) Teatr BOTO (Bohaterów Monte Cassino 54B)

Апошняе
на Budzma.org

чытаць яшчэ