Ганна Янкута і Ігар Крэбс у Гданьску

08.01.2023 11:00 - 17:00 ------------ Бясплатнае

У нядзелю, 8 студзеня, у Гданьску — сапраўдны дзень беларускай літаратуры! Будзе адразу дзве сустрэчы з перакладчыкамі і літаратарамі Ганнай Янкутай і Ігарам Крэбсам — адна для дзетак, другая для дарослых.
 


Аб 11-й спадарыня Ганна і спадар Ігар завітаюць на занятак «Мовы Нанова» для дзетак.

Ігар Крэбс пачытае па-беларуску фрагменты з кнігі нямецкага пісьменніка Марка-Увэ Клінга пра сына Дзеда Мароза і пра тое, ці захацеў ён прадоўжыць «дзед-марозаўскія» традыцыі сваёй сям’і.

А Ганна Янкута прэзентуе свае кнігі пра прыгоды ката Шпрота, пра дзяўчынку Марту, якая марыла пра снег, і пра Казачнае воднае агенцтва (КВА), якое дапамагае людзям берагчы ваду. А яшчэ — новую гісторыю пра тое, як маленькі кот Шпрот трапіў у дом да сваіх гаспадароў. Неўзабаве будзе кніга!

Усе дзеткі атрымаюць тэставую староначку з гэтай кнігі для расфарбоўвання. Уваход вольны, але ж раім на ўсялякі выпадак запытацца пра запіс на ўдзел праз дырэкт Таварыства беларусаў на Памор’і.

Дата: 8 студзеня

Час: 11.00 (час мясцовы)

Месца: офіс Таварыства, ul. Malczewskiego 21, Сопат


А 15-й жа ў Еўрапейскім Цэнтры Салідарнасці адбудзецца творчая сустрэча з Ганнай Янкутай і Ігарам Крэбсам. Толькі для дарослых!

Спадар Ігар прэзентуе два найноўшыя выданні з серыі «Гебраістыка Беларусі», якія нядаўна выйшлі ў Мінску (выд. Раман Цымбераў):

«Старую новую зямлю» Тэадора Герцля — утапічны раман, у якім прапануецца падыход да рацыянальнага і абачлівага выбудоўвання дзяржавы і ўсіх дзяржаўных інстытутаў. Супадзенне з назвай паэмы Якуба Коласа «Новая зямля» тут не выпадковае: творы з’явіліся ў адну эпоху і адлюстроўваюць агульны дух часу, імкненне да самавызначэння і пошуку месца ў свеце, якое можна будзе з пэўнасцю назваць «сваім».


«Габрэйскія мелодыі» Генрыха Гайнэ — іранічны і ўзнёслы цыкл вершаў нямецкага класіка, прысвечаны габрэйскай тэматыцы. Вершы суправаджаюцца грунтоўнай прадмовай і каментарамі біблеісткі, кандыдата філалагічных навук Галіны Сінілы.


Спадарыня Ганна прэзентуе свой зборнік вершаў «Канстытуцыя», які асэнсоўвае галоўны беларускі закон. Уваход вольны!

Дата: 8 студзеня

Час: 15.00 (час мясцовы)

Месца: Еўрапейскі Цэнтр Салідарнасці (зала 3.19), Plac Solidarności 1, Гданьск









Вам можа быць цікава

Дзяніс Дудзінскі ва Уроцлаве

18.01.2026 17:00 - 18.12.2026 18:00 Клуб Proza (Przejście Garncarskie 2)

Выстава Сяргея Кухто «Кентаўр Кухто» ў Мінску

28.04.2026 10:00 - 05.07.2026 17:00 Viva Kola Art (вул. Дзімітрава, 3)

Выстава sierafimus «Liminal Escapes» у Кракаве

08.05.2026 20:30 - 27.05.2026 20:00 Прастора (ul. Mikołajska 4/6)

Ноч музеяў у Гродне

16.05.2026 (19:30 - 23:30) Новы Замак (вул. Замкавая, 20)

Апошняе
на Budzma.org

чытаць яшчэ