Гістарычная субота ў кнігарні “логвінаЎ”

31.05.2014 18:00 - 22:00 Кнігарня "ЛогвінаЎ" (пр. Незалежнасці, 37а) Бясплатнае
31 траўня ў менскай кнігарні “логвінаЎ” (праспект Незалежнасці 37а) адбудзецца прэзентацыя адных з самых папулярных кніжак на гістарычную тэматыку, выдадзеных у апошні час —“Балахоўцы: Сведчанні, дакументы, даследаванні” і  “Саветызацыя Заходняй Беларусі (1944—1953 г.): Прапаганда і адукацыя на службе ідэалогіі”. У сустрэчы прымуць удзел іх аўтары — гісторыкі Ян Шумскі і Юрась Юркевіч.

Аснову першай сярод згаданых кніг складае даследаванне эстонскага гісторыка Юрася Юркевіча “Стварэнне і дзейнасць Асобнага атрада БНР у Балтыі”, прысвечанае спробам стварэння беларускіх вайсковых фармаванняў у Балтыі цягам 1919 г., а таксама нарыс “Балахоўцы”, напісаны сучаснікам падзей, польскім афіцэрам Станіславам Лісам-Блонскім у 1920-я гг.

Акрамя гэтага, у кнізе дадаткова змешчаныя некаторыя малавядомыя ўспаміны і дакументальныя сведчанні, датычныя жыцця і дзейнасці Станіслава Булак-Балаховіча і яго вайсковых фармаванняў, а таксама спіс усіх жаўнераў Асобнага атрада БНР па стане на канец 1919 г.

Выданне ілюстраванае, у тым ліку каляровымі ілюстрацыямі.

Як адзначае гісторык Андрэй Вашкевіч, кніга Яна Шумскага “Саветызацыя Заходняй Беларусі (1944—1953 г.): Прапаганда і адукацыя на службе ідэалогіі” – “выдатнае грунтоўнае даследаванне, якое варта ацаніць як адну з найлепшых кніг па гісторыі на беларускую тэматыку… Гэта кніга аб падзеях, якія, як ужо здавалася шмат каму, застануцца толькі ва ўспамінах старажылаў і за якія ніколі не возьмецца ніхто з гісторыкаў”.

На сустрэчах  будуць таксама прадстаўленыя гістарычныя выданні:

—  манаграфія Юрыя Гардзеева “Цывільна-вайсковыя парадкавыя камісіі ў Вялікім Княстве Літоўскім у часы Чатырохгадовага сойма”;

— даследаванне Алега Латышонка «Жаўнеры БНР»;

—  бестсэлер Марка Бартушкі “Партызанская вайна ў Беларусі ў 1941—1944 гг.”;

—  манаграфія Сяргія Плахія “Рускі Вавілон: Дамадэрныя ідэнтычнасці ў Расіі, Украіне і Беларусі”;

—  зборнік памяці Паўла Лойкі “Да сваёй гісторыі: Сярэднявечча і Ранні Новы час”;

—  падручнік для ВНУ Алега Латышонка і Яўгена Мірановіча «Гісторыя Беларусі ад сярэдзіны XVIII ст. да пачатку ХХІ ст.»;

—  зборнік “Летапісы і хронікі Беларусі. Сярэдневечча і раньнемадэрны час”;

—  кнігі Алеся Белага «Хроніка Белай Русі: Імагалогія Беларусі ХІІ –ХVIII ст.» і Эдмундаса Гімжаўскаса«Беларускі фактар пры фармаванні літоўскай дзяржавы ў 1915—1923 г.».

Гаворка пойдзе і пра свежыя нумары “ARCHE”:

3/2014 («Віцебскія гісторыі»),

1—2/2014 («Гісторыя Беларусі ХІХ ст. у мемуарах»),

4/2013 («Беларусь у цяні Палесся»),

3/2013 («Ахвяры і каты»),

2/2013 («Гістарычная памяць і гістарычная палітыка ў Беларусі»),

12/2011 («Жанчыны ў гісторыі Беларусі») і пра дзясяткі іншых публікацый.

Сустрэча адбудзецца 31 траўня, суботу. Пачатак а 18.00

Сардэчна запрашаем!

Даведкі па тэлефоне (29) 550 7969.


Вам можа быць цікава

Выстава «Вечная жаноцкасць» у Мінску

13.06.2025 18:00 - 24.08.2025 20:00 галерэя «Арт-Беларусь» (вул. Казлова, 3)

Рэтраспектыва фільмаў, уганараваных у Канах, у Мінску

28.06.2025 19:30 - 23.07.2025 21:00 Прастора «Манахром» (вул. Кастрычніцкая, 16/3 (2 паверх))

Фестываль абуджаных TUTAKA пад Беластокам

10.07.2025 13:00 - 13.07.2025 23:00 Паляна Барык (каля вёскі Гарадок на Падляшшы)

Купалле ў Свяцку

12.07.2025 (18:00 - 21:00) сядзіба Вялікі Свяцк Валовічаў

Апошняе
на Budzma.org

чытаць яшчэ