Гісторыя адной катастрофы: «Каменны патоп» Франца Холера
Пачатак: 26.05 (18:00)Канец: 26.05 (18:00)
Кнігарня “Галіяфы”
У выдавецтве “Галіяфы” выйшла навела “Каменны патоп” легендарнага швейцарскага пісьменніка, лаўрэата Касельскай літаратурнай прэміі, Прэміі Ёхана Петэра Хебеля, Мастацкай прэміі горада Цюрыха і шматлікіх іншых – Франца Холера. Гэта першае выданне твора Холера на беларускай мове, пераклад з нямецкай выканала Ірына Герасімовіч.
У прадчуванні катастрофы
11 верасня 1881 года швейцарская вёска Эльм пацярпела ад страшэннага камняпаду, выкліканага парушэннем тэхналогіі здабычы шыферу. Франц Холер з першых радкоў вельмі дэталёва апісвае жыццё вескі, свет яе жыхароў, які вось-вось немінуюча загіне назаўсёды. Каменны патоп хутка ўсё скончыць… Навела распавядае два апошнія дні перад катастрофай вачамі сямігадовай Катарыны Дыш, дзяўчынкі, якая вельмі тонка адчувае свет, што робіць яе жыццё дужа нялёгкім, але ўрэшце і ратуе.
Стан прыроды — часты матыў твораў Франца Холера. За сваю прыродаахоўчую дзейнасць у 2001 годзе Холер атрымаў прэмію Binding-Preis.
Франц Холер – пісьменнік, актывіст і артыст
Франц Холер лічыцца адным з самых значных сучасных швейцарскіх пісьменнікаў. Холер нарадзіўся ў 1943 годзе. Ён паэт і артыст кабарэ, піша аповеды і раманы, часта спалучаючы палітычную, актуальную тэматыку з гумарыстычнай, гратэскнай фабулай.
“Франц і Рэнэ” (Холер і вядомы мім Рэнэ Келе) выхавалі не адно пакаленне швейцарскіх дзяцей, выступаючы ў дзіцячай тэлепраграме 1970-х Spielhaus. З тых часоў Холер напісаў шмат іранічных вершаў і кніг для дзетак.
Холер заўсёды актыўна выступаў і пісаў на тэмы палітыкі і экалогіі. На пачатку 1980-х гг. ён вёў сатырычную вострасацыяльную праграму на тэлебачанні, але са скандалам сышоў з яе, скардзячыся на цэнзуру выпускаў пра атамную энергію і мілітарызм. У 2015 годзе Холер стварыў маніфест у падтрымку бежанцаў з Сірыі і іншых краін, заклікаючы Швейцарыю дапамагчы гэтым людзям.
У Франца Холера шмат узнагарод, у тым ліку Касельская літаратурная прэмія за гратэскны гумар (2002 г.), Мастацкая прэмія горада Цюрыха (2005 г.), Залатурнская літаратурная прэмія (2013 г.), прэмія імя Эліс Саламон і прэмія Ёхана Петэра Хебеля (абедзве ў 2014 г.).
“Каменны патоп” ужо можна набыць на сайце выдавецтва, а таксама ў кнігарні “Галіяфы” (Няміга, 3, нулявы паверх, пав. 66) і іншых кнігарнях Мінска.
Прэзентацыя кнігі “Каменны патоп” адбудзецца 26 траўня ў холе каля кнігарні “Галіяфы” (ГЦ Няміга 3, цокальны паверх, 66 пав.) а 18.00
Азнаёміцца з урыўкам кнігі “Каменны Патоп” можна азнаёміцца на старонцы выдавецтва Галіяфы ў ISSUU.