Канфлікт ці супраца: у Гомелі абмяркуюць, як грамадскім супольнасцям паспяхова працаваць разам

05.05.2016 18:00 - 20:00 тайм-кафэ “Флэт (па вуліцы Савецкай, дом 124) Бясплатнае

У Гомелі 5 мая ў тайм-кафэ “Флэт” адбудзецца адкрытая дыскусія на тэму “Грамадскія супольнасці Гомеля: канфлікт ці супраца?”

У 2008 годзе пачалася кампанія “Будзьма беларусамі!”, афіцыйным каардынатарам якой ёсць Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”. У тыя часы тэрмін “нацыянальная ідэнтычнасць” практычна не ўжываўся ў краіне. Дзякуючы намаганням кампаніі, той хвалі, што яна ўзняла праз аб’яднанне высілкаў розных людзей і ініцыятыў, рэалізацыі вялікай колькасці культурна-асветных мерапрыемстваў, камунікацыйных акцый па ўсёй Беларусі, удалося актуалізаваць пытанне нацыянальнай ідэнтычнасці, увесці гэты панятак у грамадскі дыскурс. І словы пра важнасць нацыянальнай самаідэнтыфікацыі загучалі нават з вуснаў кіруючых асобаў краіны. Пра гэта ўсё часцей сталі казаць прадстаўнікі з грамадскага і акадэмічнага асяродкаў, адзначаючы не толькі адметнасць беларусаў як нацыі, а падкрэсліваючы важную ролю ідэнтычнасці ў пытаннях нацыянальнай бяспекі.

Яшчэ адным важным крокам кампаніі стала праца над пашырэннем успрымання панятку “культура” не толькі як мастацтва, дзе чалавек выступае ў асноўным спажыўцом, а культура – як сістэма каштоўнасцяў, якая вызначае паводзіны, лад жыцця кожнага з нас. І гэта знайшло адлюстраванне ў слогане “Культура паляпшае жыццё”, пад якім цягам трох гадоў ладзіліся ўсе мерапрыемствы кампаніі – ад онлайн праектаў да публічных дыскусій і “Кірмашоў праектаў” па ўсёй Беларусі. Кампанія і тут прадэманстравала станоўчыя вынікі: пра культуру сталі казаць у шырокім сэнсе, як пра культуру вытворчасці, побыту, палітыкі  г.д., канстатуючы,  што культура – гэта тое, як мы жывем.

Сёння “Будзьма беларусамі!” робіць яшчэ адзін крок і абвяшчае акцыю “Разам да справы”, мэта якой не толькі асвета, але і матываванне актыўных, але часта разрозненых частак грамадства да супольных дзеянняў, да аб’яднання досведу на карысць агульнай справы, каб зрабіць лепей якасць жыцця пэўнага асяродка, мястэчка ці горада, а ўсім разам – нашай краіны.

Распачынае акцыю “Разам да справы” ток-шоў “Грамадскія супольнасці Гомеля: канфлікт ці супраца?”

У дыскусіі прымуць удзел у якасці спікераў:

Дзмітры Новікаў, карэспандэнт “Моцных навінаў, колішні талаковец і чалавек, якога немагчыма абвінаваціць у нелюбові і нецікавасці да Гомеля;

Андрусь Саладоўнікаў, гісторык, адзін з заснавальнікаў таварыства вольных мастакоў “Магілка”, газеты “Аксамітны жах”, адзін з першых удзельнікаў гомельскай філіі ТБМ; і гомельскай “Талакі”;

Яўген Меркіс, цяперашні старшыня гомельскай “Талакі”, каардынатар “Зялёнай сеткі” ў Гомелі, краязнаўца і грамадскі актывіст;

Сярей Ляпін, архітэктар, краязнаўца, актыўны абаронца гістарычнай і культурнай спадчыны, стваральнік і адміністратар суполкі “Пошукі старога Гомеля”, а таксама колішні архітэтар Чыгуначнага раёна Гомеля.

Што перашкаджае гомельскім грамадскім ініцыятывам, па-першае, супрацоўнічаць, а па-другое, супрацоўнічаць працяглы час? Ідэалагічныя супярэчнасці? Асабістыя непаразуменні? Пераезды ў іншыя гарады найбольш актыўных удзельнікаў?

Што спарадзіла такую праблему? Чаму сітуацыя адсутнасці пераемнасці наагул узнікла? Ці ёсць у гэтым вінаватыя, і ці магчыма неяк гэта выправіць? І ці трэба нам штосьці выпраўляць?

На гэтыя пытанні мы паспрабуем разам знайсці адказ у часе дыскусіі.

Дыскусія адбудзецца 5 мая, у чацьвер, у тайм-кафэ “Флэт” па вуліцы Савецкай, дом 124 (прыпынак “Рэмбыттэхніка”). Пачатак а 18 гадзіне.

Запрашаем усіх ахвочых узяць удзел у дыскусіі ці проста завітаць у якасці слухачоў.

Уваход вольны!

Давайце аб’ядноўваць наш досвед і высілкі, давайце вучыцца ісці РАЗАМ ДА супольнай СПРАВЫ.


Вам можа быць цікава

Выстава Аляксандра Ката-Зайцава «DOM» у Вільні

25.04.2025 19:00 - 23.05.2025 20:00 CreateCulture Space (Karmelitų gatvė 5)

«Красная зелень» у Варшаве

20.05.2025 (19:30 - 21:00) Beer Station Praga (Ząbkowska, 5)

Арцём Невыважук у Беластоку (16+)

24.05.2025 (19:00 - 21:00) Bialystok Music Club (ul. Legionowa 14/16)

Саша Філіпенка ў Дзюсельдорфе

28.05.2025 (19:00 - 21:00) Stiftung Gerhart-Hauptmann-Haus (Bismarckstraße 90)

Апошняе
на Budzma.org

чытаць яшчэ