Міжнародная акцыя “Музейная ноч-2016”

21.05.2016 16:30 - 16:30 Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа (вул. Акадэмічная, 5) Бясплатнае

21 мая 2016 года Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа далучаецца да міжнароднай акцыі “Музейная ноч” з захапляючай праграмай “Святло ў акне”.

Музей Якуба Коласа ўжо не першы год разам з іншымі музеямі краіны далучаецца да міжнароднай акцыі “Музейная ноч”. Праект, які нарадзіўся ў 2002 годзе, уяўляе сабой тэматычную дынамічную начную праграму, якая ўключае ў сябе не толькі традыцыйныя формы музейнай дзейнасці – выстаўкі, вернісажы, але і музычныя канцэрты, відэапаказы, арт-шоу і перфомансы.

Міжнародная акцыя “Музейная ноч” праводзіцца ў музеі Якуба Коласа пад сімвалічнай назвай “Святло ў акне”. Пры жыцці Якуба Коласа дзверы яго дома заўсёды былі гасцінна расчынены для ўсіх добрых людзей. А калі на зямлю апускалася ноч і на мінскіх вуліцах панаваў змрок, у акне кабінета загаралася святло. Гараджане ведалі, што наступаў самы адказны час для Творцы, і больш яго не турбавалі.

Святло ў акне паэта магнетычна прыцягвае і нас, далёкіх нашчадкаў знакамітага класіка. На жаль, загараецца яно толькі раз у год – у загадкавую музейную ноч.

Тэма гэтага года – «Падарожжы» ў шырокім сэнсе гэтага слова: падарожжа ў прасторы, часе, падарожжа ў свет літаратуры, у свет музыкі, у свет мастацтва.

Тэма падарожжаў была абрана невыпадкова. Музей Якуба Коласа тым самым прэзентуе новую стацыянарную выстаўку “У хвалях няспыннага руху: аўтамабільнымі шляхамі Якуба Коласа”, якая размясцілася ў адным з гаражоў народнага паэта на сядзібе музея. Песняру давялося шмат  дзе пабываць. Воляю лёсу ён пражыў некалькі год на Куршчыне, тры гады ў Ташкенце, ездзіў ў Парыж, даволі часта бываў у Маскве і Вільні. Але дзе б не быў пісьменнік, яго заўсёды цягнула на родную зямлю. “Цяжка жыць у разлуцы са сваёю зямлёю…”, – пісаў Якуб Колас у адным з лістоў.

“Музейная ноч – 2016” у Доме Коласа – гэта:

* магчымасць пагартаць старонкі дзённіка жыцця народнага паэта, прыпыніўшыся на больш знакавых падзеях;

* паэтычнае падарожжа ў тры розныя эпохі – язычніцтва, Сярэднявечча, Сярэбраны век;

* добрая музыка ў добрай кампаніі на свежым паветры;

* сюрпрызы і падарункі.

ПРАГРАМА

літаратурна-музычнага свята да Міжнароднага дня музеяў “СВЯТЛО Ў АКНЕ” 21 мая  2016

 

Час правядзення: 12.00 – 00.00

Месца правядзення: музей, сядзіба (вул. Акадэмічная, 5)

Дэвіз свята: “Наперад, вандроўнік!”

 

Кошт уваходнага білета – 80.000

13.00 – 15.00

КВЭСТ- гульня “Мінскія адрасы Якуба Коласа”

ПАПЯРЭДНІ ЗАПІС АБАВЯЗКОВЫ!

Удзельнікам квэста прапануецца зірнуць на горад вачамі Якуба Коласа. Падчас прагулкі ўдзельнікі даведаюцца, якім быў горад пры жыцці пісьменніка, якія месцы ў Мінску звязаны з яго жыццём і апісаны ў яго творах. Гульцы дзеляцца на каманды. Кожная каманда атрымлівае падказку, як дабрацца да наступнага аб’екта, дзе схаваная наступная падказка. І гэтак далей, да апошняй кропкі. Падчас квэста каманды выконваюць шэраг заданняў: разгадваюць галаваломкі, спаборнічаюць у фотапаляванні.

Пераможцам квэста – памятныя сувеніры  і бясплатны ўваход на музейныя мерапрыемствы ў межах акцыі “Ноч музеяў – 2016” у падарунак.

 

Мерапрыемствы на музейнай сядзібе:

Музейная акцыя “Travelфотасушка”

«Фотасушка» выстаўка фотаздымкаў, у якой прыняць удзел могуць усе жадаючыя: ад прафесійных фатографаў да пачаткоўцаў і аматараў, любога ўзросту і светапогляду. Галоўнае – гэта любоў да фатаграфіі і падарожжаў. Кожны прыходзіць на «Фотасушку» са сваімі ідэямі фотаздымкамі. На адваротным баку аўтар можа напісаць свае пажаданні, каардынаты ў якасці рэкламы або любы тэкст. Усе выстаўленыя фатаграфіі, ацэньваюцца журы і наведвальнікамі «Фотасушкі». Аўтары лепшых фота ўзнагароджваюцца прызамі, а пасля фатаграфіі можна абмяняць альбо проста забраць.

Кожнаму ўдзельніку акцыі – зніжка на ўваходны білет!

 

Міні-выстаўка рэтра-аўтамабіляў 50-ых гг.

Рарытэтны аўтамабіль – гэта запал, прадмет калекцыявання, захаплення! Гэта хутчэй раскоша, а не сродак перамяшчэння! На сядзібе музея будуць экспанавацца аўтамабілі “ВОЛГА 21” і “Масквіч 403” з прыватнай калекцыі Паўла Кароткага.

 

Выстаўка “У хвалях няспыннага руху: аўтамабільнымі шляхамі Коласа” ў адным з гаражоў пісьменніка.

Экспазіцыя знаёміць з паўсядзённым жыццём і асобнымі знакавымі падзеямі ў жыцці Якуба Коласа ў перыяд 1936 – 1956 гг. праз прызму службовых  і ўласных аўтамабіляў пісьменніка.

 

Выстаўка-продаж сувенірнай прадукцыі ад Symbal.by

16.30 – 17.00 Паэтычная пляцоўка “Героі Коласавых твораў”

Свята для дзяцей “Вось што дзеткі, мае краскі…”

да 90-годдзя верша Якуба Коласа “Савось-распуснік”

17.00 – 17.15

Урачыстае адкрыццё міжнароднай акцыі “Музейная ноч – 2016”

 17.20 – 19.00

Паэтычна-музычная праграма “Вершаваны дух часу” – паэтычнае падарожжа ў язычніцкія часы, эпоху Сярэднявечча і эпоху Сярэбранага веку

Нашая гісторыя – гэта гісторыя ўспаміну. Паэзія – наш спосаб пераасэнсавання і пераадчування мінулага. Язычніцкія часы, эпоха Сярэднявечча, Сярэбны век – кожная эпоха будзе апаэтызавана адной з паэтак. І няхай вершаванае слова абудзіць Дух часу, заснулы пад зямлёю нашага забыцця.

Кацярына Массэ,

Маргарыта Латышкевіч,

Ганна Мартынчык

 

19.00 – 23.00

OPENAIR – музычнае падарожжа

 

19.00 – 19.30

Маладыя музыкі

 

19.30 – 20.30

Гурт Markuts Band

Markuts Вand – сольны праект Андрэя Маркуца, сучаснага беларускага рок-аўтара. Яго музыка – гэта свой асаблівы почырк на музычнай палітры беларускай сцэны. Канцэртная праграма групы спалучае папулярныя ў 2000-х хіты гурта NEO, дзе пісаў і выконваў музыку Андрэй Маркуц, і абсалютна новыя рок-кампазіцыі, народжаныя ў ходзе падрыхтоўкі першага альбома Markuts Вand.

 

20.30 – 21.30

Гурт RECHA

Андрусь Такінданг – домра, голас; Яўген Шурмей – гітара; Віктар Паўлючэня – акардыён; Кастусь Лісецкі – бас-гітара; Леанід Паўлёнак – барабаны

 

21.30 – 23.00

Гурт Re1ikt

Relikt спалучае ў сваёй музыцы progressive rock, post rock і art rock

 

Мерапрыемствы ў музеі Якуба Коласа (ІІ паверх)

 

17.00 – 23.00

Выстаўка старадрукаў з асабістай бібліятэкі Якуба Коласа

“Беларускі архіў старажытных грамат” (Масква, 1829г.)

“Наука стихотворства» (Санкт-Петербург, 1811)

 

17.00 – 18.00 – майстар-клас па вырабе паштовак у тэхніцы “квілінг”

 

17.30 – 18.00 Вялікая гасцёўня

Канцэрт “Шэдэўры еўрапейскага барока” ансамбля “Камерныя салісты Мінска”

 

18.00 – 19.00

Публічная лекцыя

“Лайфхакі ў падарожжы” ад Сержука Місюкевіча

 

18.00 – 19.00

Выстаўка на адну гадзіну канвалюта з асабістай бібліятэкі Якуба Коласа

Канвалюты – зборнікі, уключаныя ў агульны пераплёт па жаданні ўладальніка бібліятэкі з прычыны агульнай тэматыкі альбо для маскіроўкі забароненых выданняў

 

19.00 – 21.00

Гульнятэка

Кожны жадаючы зможа згуляць ў беларускамоўныя настолкі: “Разам”, “1514”, “Казачнік”

 

19.00 – 20.00

Толькі на працягу адной гадзіны ў кожнага наведвальніка будзе ўнікальная магчымасць запісаць запаветнае жаданне за сталом Якуба Коласа чарніламі і пяром паэта

 

23.00 – 00.00

“Кватэрнік у дзядзькі Якуба”

Выступленне гурта HURMA

Склад:

Мікіта Найдзёнаў – вакал, гітара

Яўген Кунічкін – гітара

Макс Ганця –  бас


Вам можа быць цікава

Выстава «Жарсці па архітэктуры» ў Брэсце

28.03.2025 17:00 - 22.05.2025 18:00 Мастацкі музей (вул. Герояў Абароны Брэсцкай Крэпасці, 60В,)

Выстава Іллі Гічана «53/27» у Мінску

03.05.2025 18:00 - 02.06.2025 19:00 галерэя «Арт Фабрыка» (вул. Свярдлова, 2)

ZNICH у Кракаве

16.05.2025 (18:30 - 20:30) Garage Pub (Marszałka Józefa Piłsudskiego 27)

Арцём Невыважук у Беластоку (16+)

24.05.2025 (19:00 - 21:00) Bialystok Music Club (ul. Legionowa 14/16)

Апошняе
на Budzma.org

чытаць яшчэ