Адкрыццё выставы “Віцебская школа гравюры”

26.01.2017 17:00 - 17:00 Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь (вул. Леніна, 20) Бясплатнае

26 студзеня а 17-й гадзіне ў Нацыянальным мастацкім музеі адкрыецца выстава “Віцебская школа гравюры”, арганізаваная пры ўдзеле Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Віцебскага абласнога краязнаўчага музея, Віцебскага мастацкага музея. Акрамя твораў з калекцый пазначаных вышэй музейных устаноў, у экспазіцыі таксама прадстаўлены графічныя аркушы са збору эстампнай майстэрні мастацка-графічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава і з прыватных калекцый мастакоў (аўтар канцэпцыі і куратар выставы Міхась Цыбульскі, кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава).

Віцебск у ХХ стагоддзі стаў не толькі адметным цэнтрам развіцця авангарднага мастацтва, месцам фарміравання своеасаблівай Віцебскай мастацкай школы, але і адыграў немалаважную ролю ў развіцці беларускага эстампа. Асабліва прыкметнымі ў мінулым стагоддзі сталі дзве лакальныя з’явы, што знамянуюць два этапы даволі яскравага развіцця віцебскай гравюры, якая прадстаўлена двума роднаснымі графічнымі тэхнікамі – дрэварытам (ксілаграфіяй) і лінарытам (лінагравюрай).

У экспазіцыі каля 50 твораў прадстаўнікоў віцебскай школы гравюры. Першую частку экспазіцыі складаюць дрэварыты (ксілаграфіі) Саламона Юдовіна (1892–1954), Яфіма Мініна (1894–1937), Зіновія Гарбаўца (1897–1979), Аляксандра Ахола-Вало (1900–1997).

У другой частцы экспазіцыі прадстаўлены лінарыты (лінагравюры) 19601980-х гадоў. У творчасці віцебскіх мастакоў у гэты час лінарыт набыў падкрэслена станковы характар. У пераважнай большасці графічныя аркушы віцяблян вылучаюцца эмацыянальнай выразнасцю, вытанчаным лірычным і паэтычным ладам. Маляўнічы штрых, мяккасць абрысаў у спалучэнні з эфектна дынамічна распрацаванымі шырокімі плоскасцямі складаюць характэрныя рысы лінарытаў віцебскай школы. На выставе экспануюцца творы Рыгора Клікушына (1921–2014) і яго вучняў, сярод якіх – Мікалай Гугнін (1946), Віктар Данілаў (1946), Мікалай Таранда (1947), Вячаслаў Шамшур (1942).

Шэраг віцебскіх мастакоў, выпускнікоў розных навучальных устаноў былога СССР у 1960–1970-я гады захапляліся тэхнікай лінагравюры. Сярод іх – Барыс Кузьмічоў (1936–2000), Ісаак Бароўскі (1921–1991), Георгій Кісялёў (1935), Анатоль Ільінаў (1935), Генадзь Шутаў (1939), Юрый Баранаў (1949), чые творы таксама прадстаўлены ў экспазіцыі.

У гравюрах віцебскіх мастакоў важная роля належыць рытмічнай арганізацыі кампазіцый, где пераважаюць жывапісныя эфекты. Пры гэтым свабода і знешняя экспрэсіўнасць музычнай па свайму характару выяўленчай мовы, увага да дэталяў зусім не перашкаджаюць цэласнасці і гарманізацыі кампазіцыйнага ладу.

Вопыт і традыцыі віцебскай школы лінарыту ў 1980–1990-я гады і ў пачатку ХХІ стагоддзя былі падтрыманы кіраўнікамі эстампнай майстэрні мастацка-графічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта, дзе таксама выконваліся дыпломныя, творчыя працы частка якіх і прадстаўлена ў гэтай экспазіцыі аркушамі М. Азаронка, А. Нікіфарава, В. Шылко, К. Байцовай.

Сёння на пэўнай аддаленасці ад мінулага стагоддзя добра бачна, што дзве стылістычна блізкія тэхнікі гравюры – дрэварыт і лінарыт – у прасторы віцебскага мастацтва ў ХХ стагоддзі мелі свой уласны шлях развіцця і разам з тым паспрыялі фарміраванню даволі цэласнай графічнай школы, у якой выразна праявілі сябе некалькі пакаленняў віцебскіх мастакоў.

 


Вам можа быць цікава

Гурт «Няміга» ў Любліне

21.09.2025 (18:00 - 20:00) Just Crafted (ul. Cicha 2)

Чытка п’есы «Інсула» ў Лондане

23.09.2025 (19:00 - 21:00) Stone Nest (136 Shaftesbury Ave)

NAVIBAND у Беластоку

17.10.2025 (20:00 - 22:00) 6-Ścian PUB (Warszawska 34)

Прэм’ера спектакля «Эмігранты» ў Вільні

14.11.2025 (19:00 - 21:00) Dom Kultury Polskiej w Wilnie (Naugarduko g. 76)

Апошняе
на Budzma.org

чытаць яшчэ