У суботу, 31 траўня, у Віленскім беларускім музеі імя Луцкевіча адбудзецца прэзентацыя навукова-папулярнай кнігі Вадзіма Шклярыка «Як гавораць беларусы».
Выданне складаецца з трох раздзелаў і прысвечана разгляду адметных рыс сучаснай беларускай літаратурнай мовы, характарыстыцы яе дыялектнай асновы, апісанню найбольш яркіх асаблівасцей гаворак Беларусі.
Аўтар — кандыдат філалагічных навук Вадзім Шклярык, вядомы ў тым ліку па серыі публікацый у рамках праекта «Мова: як гаворыць краіна» і па дакументальным фільме «Гаворкі Беларусі».
Кніга змяшчае 48 QR-кодаў са спасылкамі на карты з «Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы» і 5-томнага «Лексічнага атласа беларускіх народных гаворак», а таксама на вершы Я. Купалы, Я. Коласа, П. Панчанкі і С. Грахоўскага. Гэтая асаблівасць надае выданню інтэрактыўны характар.
Уваход вольны.