Доўгі час разумныя людзі ламаюць галовы, скуль жа ўзяўся так званы літвінізм. Каму ён патрэбны? Хто замоўца? Урэшце, чаму гэты праект надалей жыве? Няхай сам праект амаль безасабовы, але ён — гучыць, прагаворваецца. Пра яго размаўляюць. Гучыць — значыць існуе.
Алесь Кіркевіч
Беларусы паціскаюць плячыма. У Літве ў гэтым бачаць ледзьве не замах на нацыянальную бяспеку. Ну, а спецслужбы ўсходніх суседзяў рэгулярна падліваюць масла ў агонь: графіці «Вільня наша», шалёныя відэазвароты ды іншыя правакацыі...
Але куды на 90% скіраваная актыўнасць саміх «літвіністаў»? Зусім не супраць літоўскай дзяржаўнасці. Не на выбудову сваіх літвінскіх наратываў, выдавецкую ці асветніцкую дзейнасць. Галоўны фокус — гэта абхайванне ўсяго беларускага: «вясковае», «брыдкае», «адсталае», «расійшчына», а урэшце — «беларусы — не нацыя». То-бок, сам праект — антыбеларускі. Цікава, праўда?
Пакінем у баку канспіралогію, хто каму забашляў, хто замаўляе музыку. Будзем шчырымі, прыхільнікі «літвінства» — існуюць. Гэта рэальныя людзі. Няхай сабе і ў фармаце субкультуры ды ананімных каментатараў у сацыяльных сетках. Ананімных за рэдкім выключэннем, адно з якіх — даследчык гісторыі і кулінарыі Алесь Белы.
Днямі Youtube падкінуў дэбаты паміж Вадзімам Сідаравым і Алесем Белым з гучнай назвай «Беларусы ці Літвіны»? На думку пана Белага, сучасная сістэма, выбудаваная Лукашэнкам і яго камандай — лагічны вынік беларускага праекта. Апафеоз усяго беларускага. Гэта расейшчына ў вышыванцы, з рэгіянальным каларытам. Іншай беларушчыны — няма. І ніколі не будзе.
Беларусы, маўляў, схільныя да сацыялізму і расейшчыны на генетычным узроўні. «Свядомыя» беларусы рана ці позна заўжды братаюцца з адкрыта прарасійскімі беларусамі і разам адзначаюць Купалле... Яшчэ ў Белага цікавы набор тэрмінаў, накшталт «марзалюкізм» ці «ГУБАЗІК у вышыванцы», але галоўнае нават не гэта. Што ж тады?
Вадзім Сідараў і Алесь Белы. Скрыншот з відэадэбатаў
Пан Белы сам кажа, што не хоча несці адказнасць за ўсё, што адбываецца ў Беларусі і з беларусамі. За ўсё, ад памылак БНР да Акрэсціна. Не хоча з гэтым асацыявацца. А з чым тады? З фэнтэзійнай Літвой. З крылатымі гусарамі ў бліскучых даспехах, Міцкевічам і верашчакай. Там, у мінулым, хораша і бяспечна. Спакойна, як на могілках.
То-бок, залаты ключык да пытання літвінізму ў тым, каб не быць адказным. На псіхалагічным узроўні яно цалкам зразумела. Хто хоча гуляць за каманду, якая ўвесь час прайграе? Ніхто. А хто хацеў бы мець сваякоў-гвалтаўнікоў ці няўдачнікаў з доўгім спісам пазыкаў? Не-не, лепш сказаць — гэта «аднафамільцы». Гэта не мы. Мы не яны.
Разам з тым уцёкі ад адказнасці — гэта інфантылізм. Калі замест таго, каб сабраць аскепкі ад разбітай філіжанкі і выкінуць у сметніцу, дзіцёнак... ножкай замятае іх пад стол. Маўляў, «гэта не я», «нічога не было». Дарослы чалавек, у сваю чаргу, клеіць разбітую філіжанку ці — купляе новую. Вось і ўся розніца.
Такім чынам, «літвінізм» — усяго толькі неўрастэнічная рэакцыя на тыя перашкоды, з якімі сутыкаўся і сутыкаецца беларускі нацыянальны праект. Надалей сутыкаецца, бо наша гісторыя яшчэ не скончылася. Магчыма, зараз адна з вырашальных яе фазаў.
Можна вечна хавацца за магільнымі крыжамі продкаў, а можна — працаваць на тое, каб было лепей.
Але для гэтага патрэбная смеласць. Акурат смеласць, каб прызнацца найперш самому сабе: так, тыя наглядчыкі з Акрэсціна — этнічныя беларусы. І ў Курапатах людзей стралялі — этнічныя беларусы. І народ у нас той, які ёсць. Іншага няма. Бацькоў і сваякоў мы не выбіраем.
Гэта сур’ёзны выклік. Але ўцякаць ад яго — найбольш слабая пазіцыя з усіх магчымых. Гэта пазіцыя спалоханага дзіцёнка, а зусім не «крылатага гусара ў бліскучых даспехах».
Алесь Кіркевіч, Budzma.org