Сучасныя артысты пераасэнсавалі тэксты, напісаныя сто гадоў таму, і выдалі альбом песень у перакладзе зь ідыш, мовы, якой цяпер не пачуеш на вуліцах у Беларусі, піша «Радыё Свабода».
Мойшэ Кульбак. Адзін з паэтаў, на вершы якога стварылі новы музычны альбом
Yiddish Veršes — музычны альбом, заснаваны на вершах габрэйскiх паэтаў Беларусі, якія пісалі на ідыш у першай палове XX стагодзьдзя. Сем сучасных беларускіх артыстаў пераасэнсавалі забытыя тэксты, перастварылі ў арыгінальныя музычныя кампазыцыі ў розных жанрах: гэта і летуценны даб, і электроніка, і арт-рок-экспэрымэнты, і рэп, пішуць стваральнікі альбому.
Праект ініцыяваў Цэнтар беларуска-габрэйскай культурнай спадчыны ў партнэрстве з музычным лэйблам Radio Plato. Мэта — вярнуць у культурную прастору пласт беларускай гісторыі, выцесьнены з грамадзкай памяці. Yiddish Veršes прапануе новае прачытаньне культурнай спадчыны, што дзесяцігодзьдзямі заставалася ў цені.
У альбом увайшлі кампазыцыі на вершы Лейба Найдуса, Мойшэ Кульбака, Ізі Харыка, Абрама Рэйзэна — вялікіх паэтаў, чые імёны сёньня амаль невядомыя шырокай аўдыторыі, а ідыш — мова, на якой яны пісалі — зьнікла з штодзённага ўжытку ў Беларусі.
Мойшэ Кульбак і Ізі Харык сталі ахвярамі сталінскіх рэпрэсіяў і загінулі ў 1930-х.
Вокладка альбому Yiddish Veršes
Удзельнікамі альбому сталі сем беларускіх выканаўцаў: Palina, Tok Rukoo, KOOB, WTBSK, Syndrom Samazvanca, Лайтовы і Anastasia Rydlevskaya. Артысты вялі відэадзёньнікі, дакумэнтуючы працэс узаемадзеі з паэзіяй — фрагмэнты дзёньнікаў сталі грунтам адмысловай візуальнай Instagram-кампаніі праекту.
Экспэртнае падтрыманьне Yiddish Veršes аказваюць літаратуразнаўца, прафэсар славістыкі і юдаікі Міхаіл Круцікаў (University of Michigan) і лінгвіст, перакладнік Сяргей Шупа (Прага).
Публічная прэзэнтацыя альбому адбудзецца 13 чэрвеня ў Вільні ў рамках гарадзкога фэстывалю «Ноч культуры» з удзелам артыстаў-выканаўцаў.
Yiddish Veršes — гэта ня спроба ўзнавіць мінулае, а спосаб уключыць яго ў сучаснасьць праз музыку, выявы і асабісты водгук. Гэта мастацкі жэст захаваньня і пераасэнсаваньня.
Назва праекту Yiddish Veršes наўмысна ўлучае літару «š» — гэта візуальны і гукавы жэст у бок беларускай лацінкі, што падкрэсьлівае сувязь габрэйскіх паэтаў з рэгіёнам, дзе яны нарадзіліся, жылі і стваралі, пішуць арганізатары праекту.