Галоўны беларускі аксюмарон

Чым далей ад падзеяў 2020 году, тым больш безапэляцыйна гучаць выракі гэнаму народнаму ўздыму — і ня толькі ад рэжымнае прапаганды, але часам і з супрацьлеглага боку. Маўляў, адзінае, на што здольныя беларусы — зьняць абутак, каб стаць на лавачку, а таксама падарыць кветкі мянту, які прыйшоў цябе біць. Безумоўна, супраціўляцца гвалту трэба, усе злачынцы мусяць атрымаць сваё. Але ж, тлумачыць у сваёй рубрыцы «Прыдарожны пыл» Валера Руселік, ня менш важна й захаваць у сабе тое, што ўласна й падштурхоўвала нас пяць гадоў таму берагчы лавачкі й намагацца разьвязаць супрацьстаяньне мірна — нашую людзкасьць. І нашую Любоў.

Часам узгадваю сваё маладафрантоўскае юнацтва. Памятаю, як па начох зь сябрамі прабіраліся на дахі панэлек, каб нараніцу — пакуль яшчэ не прыбеглі камунальнікі і міліцыянты — хаця б на паўгадзінкі ўзрадаваць выпадковых мінакоў прыгожым бела-чырвона-белым сьцягам у ня менш прыгожым гарадзенскім небе. Памятаю і ўлёткі, якія шчодра мазалі з абодвух бакоў самаробным крухмальным клеем: як засохне, то ўжо халера ты тую ўлётку аддзярэш — мо якім нажом адно й сашкрабеш! Ну і, вядома ж, графіці. Памятаю, акрамя кананічных «Жыве Беларусь!» і «Наш дом — Беларусь!» надта ж любіў яшчэ адзін лёзунг:

Люблю Беларусь!

Усяго два словы — а колькі ў іх закладзена! Таемны пароль каліноўцаў надта ж адгукаўся тады ў нашых гарачых юнацкіх сэрцах. А таксама падкупляў сваёй геніяльнай простасьцю: і сапраўды ж усё, чым мы тады былі займаліся, тлумачылася літаральна двума гэтымі словамі. Мы папросту любілі Беларусь, хацелі лепшага жыцьця для ўсяго нашага народу і для ўсяе нашае зямлі. Гэтаксама як любілі яе многія пакаленьні нашых папярэднікаў, і, я ўпэўнены, як будуць любіць Беларусь тыя, хто прыйдзе нам на зьмену.

Valiera Rusielik
Валера Руселік. Фота з асабістага архіву аўтара

І вось гляджу я сёньня на патугі тых, хто дарваўшыся да ўлады, нішчыць усё беларускае. Гаворка ж там даўно ўжо не пра палітыку. Гэта раней на тваю беларускую мову ў публічным месцы ты няўмольна — рана ці позна — сутыкаўся з пытаньнем: «Ты што, бээнэф?!». Ну а сёньня, калі ўсё хоць крыху апазыцыйнае даўно выпаленае дашчэнту альбо закатанае пад асфальт, бадай, галоўнай нагодай абрынуць на кагосьці ўвесь молах рэпрэсіяў у нашай краіне зьяўляецца... любоў да Беларусі.

Хочаш Купальле? Чакай прыдуркаватую Бондараву ў госьці! Размаўляеш па-беларуску? Атрымай два з паловаю гады «хатняй хіміі»! Любіш падарожнічаць па родным краі і распавядаеш розныя краязнаўчыя цікавосткі настолькі захапляльна, што на іх выхоўваюцца цэлыя пакаленьні беларусаў? Рыхтуйся да страты працы, а затым і цунамі рускамірскага гаўна на свой адрас!

Наконт апошняга прыкладу — усе ж адразу здагадаліся, так? Гаворка пра нашыя фантастычныя й сапраўды народныя «Падарожжы Дылетанта» зь Юрасём Жыгамонтам, вядомыя, бадай, кожнаму беларусу і якія пасьля вялікае паўзы, на шчасьце, адрадзіліся як «Падарожжы з Жыгамонтам». Першы ж выпуск адноўленай праграмы, прысьвечаны цудоўнаму мястэчку Гервяты, што на Гарадзеншчыне, выклікаў у рэжымных прапагандыстаў сапраўдны шал.

Skryn z Youtube.com
Вось яна, народная любоў! Праглядаў у першага ж выпуску адноўленых «Падарожжаў з Жыгамонтам» — куды больш, чым у прапагандыстаў, якія паліваюць спадара Юрася брудам і пагражаюць яму. Скрын з Youtube.com

Адзін зь іх, рускамірац Вадзім Гігін (той самы цяперашні дырэктар Нацыянальнае бібліятэкі, які выхваляўся, што гэта дзякуючы яму з школьнае праграмы выкінулі «Каласы пад сярпом тваім») назваў «Падарожжы з Жыгамонтам» «змагарскім гаўном», заклікаў чыноўнікаў нацкоўваць на падарожніка сабакаў (у тым ліку ў пагонах). А таксама пахваліўся, што гэта менавіта ён быў учыніў расправу над праграмай, калі яна яшчэ выходзіла ў тэлефармаце: «У свой час гэтая перадача нанесла нямала шкоды, фармуючы альтэрнатыўнае «краязнаўства» нацыяналістычнага кшталту. І я паўдзельнічаў у выгнаньні гэтай праграмкі з этэру Белтэлерадыёкампаніі».

І ўсё гэта — за любоў да роднага краю й за тое, што сваёю любоўю Юрась Жыгамонт дзеліцца зь іншымі. Ну вось вы хаця б раз чулі ў ягоных праграмах хаця б самую малюпасенькую нотку нянавісьці, якой штодня фантануюць розныя гігіны і азаронкі? Я таксама ня чуў.

Вайна зь любоўю. Аксюмарон нейкі, дальбог!

Ryhor Azaronak i Vadzim Hihin
 Прапагандысты-беларусафобы Рыгор Азаронак і Вадзім Гігін — у этэры «Соловьев LIVE». Фота ctv.by

Дык вось гляджу я на патугі ўсіх гэтых беларусафобаў, гатовых пазабіваць нас усіх толькі за тое, што мы любім Беларусь, і думаю: а якія яны, калі прыходзяць дадому? Можа, хоць там у іх прачынаецца нешта чалавечае? Можа, хаця б сваім жонкам альбо мужам, а таксама сваім дзецям і сваім бацькам — можа, хаця б ім яны здольныя выціснуць зь сябе прынамсі адно-аднюсенькае слаўцо не нянавісьці, а любові? Ці здольныя яны наагул любіць, кахаць? Інакш як яны размнажаюцца? Няўжо выключна праз згвалтаваньні? Альбо... Можа, іх папросту банальна штампуюць на нейкай сакрэтнай падземнай фабрыцы? Альбо яны вырастаюць зь дзетак, якім у маленстве не дадалі любові бацькі і якіх цкавалі ў школе аднаклясьнікі?

Як думаеце? Павінна ж быць нейкае лягічнае тлумачэньне гэтаму, бадай, галоўнаму беларускаму аксюмарону, праўда?

Karykatura «Amapaviec viartajecca dadomu»
Карыкатура «Амапавец вяртаецца дадому». Ілюстрацыя з сацыяльных сетак

Дарэчы, цікавае паходжаньне гэтага тэрміну. З старажытнагрэцкай «аксюмарон» перакладаецца літаральна як «востра-тупы» альбо «кемліва-дурны» і азначае вобразнае спалучэньне паняткаў, якія цалкам пярэчаць адзін адному. Да прыкладу, «весела сумаваць» альбо «жахліва добра».

Ну ці — нарадзіцца ў Беларусі, называць сябе беларусам і пры гэтым перасьледаваць беларусаў за любоў да Беларусі. Цалкам сабе паўнавартасны аксюмарон нацыянальнага маштабу.

Milicyja
Што ў беларускай міліцыі беларускага — акрамя літары «ы»? Фота nn.by

Хаця, як па мне, то калі ўжо й выбіраць нейкі аксюмарон для нашае краіны, то лепш кіравацца словамі гэткага зьненавіднага Гігіну Ўладзімера Караткевіча. Памятаеце гэтыя неўміручыя радкі зь ягонай «Ладзьдзі роспачы»?

«Рабі нечаканае, рабі, як не бывае, рабі, як ня робіць ніхто, — і тады пераможаш. Нават калі ты слабы, як камар пасярод варожага мора. Таму што толькі дурні разважаюць заўсёды па правілах здаровага сэнсу. Таму што чалавек толькі тады чалавек, калі ён дзёрзка рве панылае наканаваньне і плюе на «спрадвечны» закон».

Сапраўдны гімн няскоранасьці насуперак самым змрочным часінам і самым цяжкім выпрабаваньням. Гімн няскоранасьці, магчымай толькі тады, калі ў адным шыхце з табою — тая, пра каго больш як паўтара стагодзьдзя таму сказалі нашыя папярэднікі:

Каго любіш? — Люблю Беларусь! — То ўзаемна!

Валера Руселік, Budzma.org