Старт продажаў раману “Палёт над гняздом зязюлі” па-беларуску

11.12.2017 18:00 - 21:00 Арт-Сядзіба (праспект Машэрава, 18) Уваход вольны

Кніжная серыя “Амерыканка”, выдавецтва “Янушкевіч, Арт-Сядзіба і крама сувеніраў symbal.by запрашаюць на аўтограф–сесію раману “Палёт над гняздом зязюлі” на беларускай мове. 11 снежня (панядзелак) кнігу можна будзе набыць у краме Symbal.by (праспект Машэрава, 18). З 18:00 да 21:00 ў памяшканні Арт-Сядзібы па тым жа адрасе можна будзе сустрэцца з перакладчыкам Аляксеем Знаткевічам, каб падпісаць кнігу і пагутарыць пра амерыканскую літаратуру.

“Амерыканка” – новая кніжная серыя, у якой выйдуць знакавыя кнігі пісьменнікаў Паўночнай Амерыкі ў перакладзе на беларускую мову. Першую кнігу ўдалося апублікаваць дзякуючы краўдфандынгу на платформе ulej.by – перакладчыкі сабралі больш за 7000 рублёў. Генеральным спонсарам выдання зрабіўся мінскі бізнесовец, мецэнат Ігар Жабароўскі.

“Хоць падтрымка мецэнатаў і спонсараў на гэтым этапе вельмі важная, мы не хочам, каб чытачы глядзелі на нашы краўдфандынг толькі як на дабрачыннасць. І самі ўспрымаем сабраныя сродкі не як ахвяраванні, а як інвестыцыю”, – кажа рэдактарка кніжнай серыі Марыя Мартысевіч.

Увесь чысты прыбытак ад продажу раману Кена Кізі перакладчыкі плануюць укласці ў друк наступнай кнігі – “Байцоўскага клубу” Чака Паланюка ў перакладзе Сяржа Мядзведзева. У снежні таксама распачнецца кампанія па зборы сродкаў на новыя кнігі серыі, якая будзе называцца “Каляды з “Амерыканкай””.

Старт продажаў “Палёту…” 11 снежня – не адзіная імпрэза з нагоды выхаду кнігі. 14 снежня прэзентацыя раману адбудзецца ў Магілёве (“Кола сяброў”, вул Чкалава 16, пачатак у 18:30). А 16 снежня для чытачоў у Мінску ў памяшканні Прэс–клубу  (вул. Веры Харужай, 3-601) распачнецца вялікая літаратурна-музычная вечарына “Амерыканка. Пачатак”. Прагучаць вершы і проза Кена Кізі, Чарлза Букоўскага, Чака Паланюка, Маргарэт Этвуд, Курта Вонегута, Боба Дылана, Леанарда Коэна ў беларускіх перакладах. Музычную частку забяспечаць музыкі гуртоў Scarlett, Clara Venus, Deproverst. Пачатак у 19:00

Уваход на ўсе імпрэзы бясплатны.

З 12 снежня “Палёт над гняздом зязюлі” па-беларуску можна будзе купіць не толькі ў краме symbal.by, але ў іншых віртуальных і рэальных кнігарнях: oz.by, knihi.by, januskevic.by, у кнігарнях “Логвінаў” (пр. Незалежнасці, 37а),  “Акадэмкніга” (пр. Незалежнасці, 72) “Сон Гоголя” (вул. Леніна, 15).


Вам можа быць цікава

Вечарына да народзінаў Караткевіча ў Лодзі

11.12.2025 (18:00 - 19:00) Бібліятэка Лодзьскага ўніверсітэта (Jana Matejki 32/38)

Калякалядны Вольскі ў Варшаве

20.12.2025 (19:00 - 21:00) Stand up lokal (Stanisława Noakowskiego 16)

Апошняе
на Budzma.org

чытаць яшчэ