Камерна! Дзёрзка! Эксперыментальна! «Што рабіць з Тыграм ?!» – спектакль / пытанне па матывах жыцця, трагікамічна выкладзеным у п’есах Славаміра Мрожака, не пакіне вас абыякавым!
І толькі 20 і 21 студзеня мы запрашаем вас не проста пагрузіцца ў сам спектакль, мы запрашаем вас у тэатральны клуб, у якім «што рабіць з тыграм ?!» стане асноўнай тэмай дыскусіі. Кава, гарбата і некаторыя сюрпрызы ўключаны ў кошт квітка!
Калі коратка пра спектакль, то перад вачыма гледача разгорнуцца дзве гісторыі ў лепшых традыцыях тэатра абсурду.
Уявіце, што ў адзін цудоўны дзень вы знаходзіце ў вашай звычайнай беларускай ваннай Тыгра. Неверагодна, але факт! Сям’я ваша здзіўляецца, вас ва ўсім абвінавачвае, маўляў, трэба домам займацца было. Так здарылася і з Пятром Ахеем (Генадзь Гатоўчыц). А затым яшчэ ў яго кватэру сталі ўвальвацца адзін за адным і наводзіць парадак падатковы інспектар, мастацкі кіраўнік цырка, навуковы работнік, сакратар МЗС … І давялі Пятра да поўнага адчаю. Можа быць, Тыгр – гэта плён яго хворай фантазіі? Што рабіць: падпарадкавацца, змірыцца, супрацьстаяць? Ён спяшаецца прэч з гэтага абсурду – на курорт!
У другой гісторыі, летнім днём, вечна няўдачлівы Пётр-НЕЎД сустракае свайго антыпода заўсёды паспяховага ЎДа. Абодва падумваюць звесці рахункі з жыццём – душа з’едзена. Невытлумачальная няўдача перасьледуе НЕЎДа ўсё жыццё. УД, у сваю чаргу, стаміўся ад шчаслівага лёсу, які не прыносіць задавальнення… Гэта сустрэча будзе мець непрадказальны фінал, бо аднойчы з’явіцца Дама (Юлія Шпілеўская).
Водгукі гледачоў пасля першага паказа:
“Гэтая п’еса патрэбная. Яна з многімі сэнсамі і падтэкстамі і той, хто бачыць не проста паляванне на тыгра, а паляванне на чалавечыя душы, свядомасць і свабоду, зразумее, пра што спектакль. Тое, як гэта вырашана сцэнічна мне падабаецца. Вельмі лаканічна і ўтварае дастатковую глыбіню, у якой чытаецца прасторавая і часавая метафара. Харошая работа акцёраў, рэжысёрская і мастака вельмі добрая”. Уладзімір Някляеў, пісьменнік
“МРОЖАК, у той час, калі ўсе накіраваны на зараблянне грошай, раптам МРОЖАК … Такая смеласць, сама па сабе, ды яшчэ ў цяперашніх рэаліях выклікае павагу. Галоўны поспех, Генадзь Гатоўчыц. Менавіта яму ўдавалася рабіць паветра ў зале «густым». Хто яго ведае, можа менавіта зараз і саспела сітуацыя, калі «афіцыйнаму» тэатру, бліскучаму часам, і заўсёды гладкаму як шкло, хтосьці здолее супрацьпаставіць нешта іншае, хай шурпатае і не гэтак бліскучае? Так як было ў пачатку дзевяностых. Тады ўсё пачыналася менавіта з гэтага. Хто ведае, можа менавіта цяпер як ніколі нам, ТЭРМІНОВА ПАТРАБУЕЦЦА такі ТЭАТР ”. Дзяніс Нупрэйчык, тэатральны рэжысёр
“Найперш дзякую стваральнікам спектакля за такое цікавае відовішча! Гэта быў першы спектакль “Тэатра Ч”, які я наведаў, і я планую прыйсці на бліжэйшыя прэм’еры. У першай частцы было багата адметных персанажаў (прывітанне дачцэ галоўных герояў), але пасля антракту значна паболела кранальных эмоцый. Збольшага, абедзве дзеі прызначаны для аматара і гледача ўважлівага і ўдумлівага. Праблематыка спектакля аказалася блізкай і зразумелай. Дзякуй вялікі акцёрам і арганізатарам, у нас з сябрамі быў выдатны культурны вечар”. Ігар Хмара, студэнт
Пры падтрымцы Польскага Інстытута ў Мінску, Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Беларусі
Квіткі ад 100 тыс. Замова па тэл.: 8 (029) 120-5555