У выставачнай зале на Белабародава адкрылася рэтраспектыўная выстава Валянціны Ляховіч «Цягнік часу», прымеркаваная да 80-годдзя мастачкі.
Вобраз цягніка ўзяты мастачкай са скрыначкі цукерак, якую падаравалі ёй ў дзяцінстве бацькі — ім і прысвячаецца выстава. Метафара «Цягнік часу» дае ключ для разумення ўсяго творчага шляху мастачкі.
Валянціна Ляховіч — адна са старэйшых творцаў Віцебскай школы акварэлі і разам з тым нястомная мастачка-эксперыментатарка.
Яна смела бярэцца за новыя формы мастацкай практыкі, актыўна працуе з калажом, асамбляжам, інсталяцыяй, спалучае друк, жывапіс, скульптуру, стварае прасторавыя выставачныя праекты. У сваім пошуку яна прыйшла да пісьма, што сінтэзуе шматразовыя змывы, адбіткі, пацёртасці, зрывы маляўнічай паверхні і калаж.
Акварэлі Валянціны Ляховіч набываюць глыбіню і фактуру, якая захоўвае памяць аб раней створаных вобразах накшталт палімпсеста сярэднявечных кодаксаў альбо палеалітычных роспісаў пячор.
А ў асамбляжы мастачка выпрацавала сваю аўтарскую тэхналогію асамбляжу, якая заснавана на жаночых рамесных магчымасцях. Яе можна назваць сцяжкай — скарыстанне вяровак для зборкі знойдзеных аб’ектаў ў адно цэлае.
Працуе выстава да 28 верасня.