Ідэнтычнасць і падзел беларусаў. Як адказваць на выклік?

Беларуская асацыяцыя журналістаў правяла дыскусію «Ідэнтычнасць у выгнанні: што значыць быць беларусам/беларускай сёння і як медыі ствараюць новы наратыў».

Тэма дыскусіі, што адбылася 13 жніўня ў Вільні, зразумела, занадта адчувальная і складаная, каб разгледзець яе да драбніц за некалькі гадзін. Мы падабралі самыя цікавыя меркаванні.

Мадэратар дыскусіі Зміцер Лукашук, рэдактар эфіра «Еўрарадыё», аўтар і вядоўца праграмы «Ідэя Х», аўтар кнігі «Беларуская нацыянальная ідэя», на пачатку ўспомніў сваю размову з пісьменнікам Альгердам Бахарэвічам увесну 2022 года. На думку Бахарэвіча, падзел «на тых, хто біў, і на тых, каго білі» не настолькі страшны як падзел «на тых, хто з’ехаў, і тых, хто застаўся».

Zmicier Lukašuk
Зміцер Лукашук. Фота з асабістага архіву 

«Я тады не паверыў гэтаму. Можа быць, не да канца веру і зараз. Але ўсё больш відавочным бачыцца, што мы ўсё больш і больш аддаляемся, нават пры сучасных сродках сувязі», — зазначыў Зміцер Лукашук.

Алесь Пашкевіч, гісторык, сябра Беларускага інстытута публічнай гісторыі, згодны з Альгердам Бахарэвічам наконт гэтага выкліку.

Aliaksandr Paškievič
Аляксандр Пашкевіч. Фота з асабістага архіву

«Частка беларускай эліты апынулася ў эміграцыі, частка засталася на месцы. І сапраўды, ёсць такое, што чым далей, тым больш людзі аддаляюцца, жывуць іншымі праблемамі, не кожны сочыць за тым, што адбываецца на процілеглым баку — тут проста і натуральная чалавечая стомленасць, і зусім іншыя праблемы, — кажа Алесь Пашкевіч. — Сапраўды — гэта той галоўны выклік, які цяпер — праз пяць гадоў пасля падзеяў — перад намі паўстае.

Не ўсе, можа быць, гэта зараз усведамляюць, але само жыццё ставіць нас перад гэтым. 

Думаю, што наша нацыянальная ідэя цяпер якраз будзе ў тым, што рабіць, каб сувязі заставаліся, каб заставаліся агульныя каштоўнасці, каб гэта непаразуменне, якое непазбежна будзе, усё ж такі захоўвалася на мінімальным, а не максімальным узроўні. Гэта якраз тое, на што мусяць адказваць людзі з таго боку і з гэтага.

Падзел у любым выпадку будзе, гэта працэс натуральны. Я прыхільнік таго, каб натуральныя працэсы не ігнараваць, не ствараць паралельную рэчаіснасць, а разумець тое, што мы можам зрабіць, а што не можам зрабіць».

На думку журналісткі, папулярызатаркі беларускіх народных традыцый Ірыны Новік, на сёння нацыянальная ідэя выглядае «як захаванне зярнятак беларускасці», «наша ідэя сёння — стварыць умовы для тых беларусаў, якія жывуць беларускасцю, каб некалі — у больш спрыяльныя часы — з гэтых клетачак ідэя змагла прарасці».

Iryna Novik
Ірына Новік. Фота: БАЖ

Зоя Хруцкая, журналістка, менеджарка PALATNO Media, бачыць «мэту нацыянальнай ідэі ў тым, каб яна давала адказ на пытанне, чаму быць класна часткай гэтай нацыі, чаму мы сябруем з тымі, з кім сябруем, і варагуем з тымі, з кім варагуем».

Zoja Chruckaja
Зоя Хруцкая. Фота з асабістага архіву

Алесь Кіркевіч, журналіст, пісьменнік, аўтар відэапраектаў кампаніі «Будзьма беларусамі!», зазначае, што «сёння ёсць свае падзелы і ў Беларусі, і ў эміграцыі, да таго ж дадаюцца фактары фрустрацыі, дэпрэсіі шмат у каго».

Alieś Kirkievič
Алесь Кіркевіч. Фота з асабістага архіву

«Калі ёсць пазітыўнае — хочацца быць разам з кімсьці, калі негатыў — шукаюць вінаватых, як правіла, сярод блізкіх, сярод сваіх. Пра беларускую ідэю не думае большасць ані ў Беларусі, ані ў эміграцыі — людзі проста жывуць сваё жыццё.

Ну а задача людзей актыўных, якія думаюць катэгорыямі гісторыі, нацыі, займацца праблемамі ідэнтычнасці. Каб былі «маячкі», якія нас аб’ядноўваюць і да якіх чалавек мог бы звярнуцца, калі ўжо ён даспеў да гэтых пытанняў. Дзе паглядзець-пачытаць пра нацыянальныя традыцыі, строі, дзе знайсці гістарычны кантэнт і г.д. Ідэнтычнасць — гэта тое, што робіць нас уласна людзьмі, а не біямасай з постсаўка».

Як беларусу ў Беларусі заставацца беларусам?

Алесь Пашкевіч канстатуе: «Мы ўсе ведаем, што большасць беларусаў не гаворыць па-беларуску. Не ведаюць мовы, не ведаюць гісторыі, не ведаюць шмат таго, што нам здаецца ведаць натуральна. Але тым не менш лічаць сябе беларусамі. Пазначаюць, што яны не расейцы, што яны патрыёты Беларусі. І яны таксама беларусы.

Я не скажу, што гэта добра, але так склалася гістарычна, мы не мусім ад гэтага адмахвацца. А вось як захаваць масы, якія ў эміграцыі засталіся, каб яны не сталі проста палякамі, літоўцамі, немцамі ў будучым пакаленні ці яшчэ кімсьці, куды лёс закіне. Так што тым, хто застаўся ў Беларусі, гэта — застацца беларусамі — можа, нават і прасцей будзе.

Яны жывуць там, там у іх ёсць нейкая аб’ектнасць так ці іначай, ёсць тэрыторыя, якая мае назву Беларусь. Гэта мае вельмі вялікае значэнне. Таму нават можна сказаць, што беларускасць у Беларусі так ці інакш будзе захоўвацца, гэта фармавалася ўжо даволі доўгі час, і проста так гэта ўжо не выкінеш. Іншая рэч, што гэта можа быць не той беларускасцю, якую б мы хацелі бачыць».

Няма ўніверсальнага рэцэпту, лічыць Алесь Кіркевіч. На ягоную думку, памылкова чакаць ад беларусаў у Беларусі «нейкай галоўнай беларускасці, такой, дзе ў хаце вісіць партрэт Купалы, сцяг і Пагоня ў куце — гэтага і ў лепшыя часы не было, а зараз тым больш».

«Не трэба і чакаць таго, што ўсе неяк пяройдуць на беларускую мову. Калі ў цябе няма сістэмы адукацыі, сістэмы прапаганды, СМІ, калі праз беларускасць ты маеш толькі праблемы, а не бонусы ў жыцці — нельга чакаць росту беларускасці. Але мне здаецца, недзе хаваецца адказ на гэта пытанне пра націдэю, захаванне ідэнтычнасці.

Укладаецца ў адну тэзу «Мы — беларусы, мы — не рускія». З гэтым пагодзіцца і ўмоўны фанат Каржа, і прыхільнік Пазняка. Не рускія — ёмка і арганічна. Беларусі зараз не пагражае ні паланізацыя, ні літуанізацыя, а вось русіфікацыя — пагражае. І на гэтым адмаўленні ты знойдзеш сабе сяброў і аднадумцаў. Калі мы можам падкінуць нейкія паленцы ў гэты агонь, то будзе вельмі класна. Са ўсім астатнім — чакаць акна магчымасцяў».

З пункту гледжання беларускай журналістыкі

«Галоўнае, што ёсць беларускія СМІ, розныя, больш ці менш папулярныя, якія злучаюць ды сшываюць гэтыя дзве часткі народу. Іх усё ж такі чытаюць у Беларусі, у многіх большая частка аўдыторыі — беларуская ў Беларусі. Гэта вельмі важна, — кажа Алесь Пашкевіч. — Усім хацелася б большага — каб незалежныя СМІ дамінавалі ў беларускай інфармацыйнай прасторы, як гэта было ў 2020 годзе. Цяпер сітуацыя другая. Галоўнае дасягненне — медыя засталіся, не ў заняпадзе». На думку Пашкевіча, беларускім медыя «не варта закансервоўвацца», а трэба «імкнуцца пераходзіць на новыя платформы, дзе людзі пасуцца, і не грэбаваць так званымі нізкімі жанрамі».

Паводле Ірыны Новік, самая складаная задача — «змагацца на два франты, па-першае, гэта расейскі тэлевізар, па-другое, гэта Гугл, які не дае нам прасоўваць кантэнт па-беларуску, беларускай мовы Гугл увогуле не прызнае».

Зоя Хруцкая пагаджаецца: «Гугл і беларуская мова — гэта праблема кожнага, хто працуе з беларускім прадуктам».

Алесь Кіркевіч: «Вельмі правільная думка пра тое, што не трэба грэбаваць «нізкімі жанрамі». І паспяваць, бо платформы мяняюцца, «не ваяваць з рэальнасцю, а працаваць з той рэальнасцю, якой яна ёсць».

Напрыканцы дыскусіі сузаснавальніца і каардынатарка кампаніі «Будзьма беларусамі!» Ніна Шыдлоўская заўважыла, што сёння мы апынуліся амаль у той самай сітуацыі, што і паваенная беларуская дыяспара.

Nina Šydloŭskaja
Ніна Шыдлоўская 

«А якраз дыяспара, паваенная дыяспара асабліва, дапамагла шмат у чым нам, беларусам, захаваць сваю культуру, сваю мову, свае літаратурныя здабыткі», — зазначыла яна.

«Таму ёсць сэнс максімальна развіваць усё, што мы можам развіць. Калі хтосьці не творчай натуры, значыць, трэба ў той сферы, дзе ён ці яна могуць прымяніць свае веды. (...) Зараз у інфармацыйным свеце пра ўсё гэта людзі даведваюцца нашмат хутчэй, чым тады, калі мы (ЗБС «Бацькаўшчына») працавалі з дыяспарай у 90-я гады. Гэта стварае імідж, а таксама аказвае падтрымку тым, хто ў Беларусі, гэта і пэўная надзея, і практычнае ўвасабленне. Тым больш, што музыка, літаратура, лекцыі, відэа — гэта не мае зараз межаў, гэта патрэбнае».

Паводле Ніны Шыдлоўскай, сёння найбольш не хапае «кантэнту для дзяцей усіх узростаў».

«Каб ён проста выцясняў усе гэтыя рускія пераклады, мульцікі, гульні, нейкія забаўкі. Каб усё тое, што зараз у дзяцей і моладзі запатрабавана, лілося з кожнага праса на беларускай мове. Тады нам будзе прасцей, ім будзе прасцей. І гэта мусіць быць паслядоўная праца, не спарадычная. Але ж мусіць быць і вельмі грунтоўная падтрымка, бо кантэнт павінен стварацца канкурэнтаздольным, сучасным».

Рыгор Сапежынскі, budzma.org