У суботу, 14 лютага, у галерэі Савіцкага адбудзецца творчая сустрэча з фатографам Сяргеем Міхалюком у межах яго выставы «Флюксізм. Твой след у сусвеце».
Уявіце фатографа, які стварае працы, не гледзячы ў відашукальнік. На камеры ў яго руках усталявана доўгая вытрымка, а матрыца фіксуе не аб'екты, а светлавыя струмені, народжаныя рухам.
Гэта і ёсць «флюксізм» (ад англ. flux – паток), напрамак, заснаваны беларускім фатографам і харэографам Сяргеем Міхалюком.
Па словах аўтара, гэты кірунак - своечасовы адказ эпосе штучнага інтэлекту.
Калі нейрасеткі навучыліся генераваць бездакорныя выявы, каштоўнасць фатаграфіі ссоўваецца з плоскасці тэхнічнай дасканаласці ў вобласць сапраўднага чалавечага досведу.
Флюксізм фіксуе не аб'ектыўную рэальнасць, а яе непасрэднае, спантаннае, цялеснае перажыванне мастаком.
Прыходзьце прасякнуцца філасофіяй і эстэтыкай флюксізму.
Уваход - па квітку на выставу. Рэгістрацыі не патрэбна - проста прыходзьце.