Фотавыстава Анатоля Кухарчука "Таямніца чорнага квадрата" ў Мінску

15.01.2026 - 01.03.2026 18:00 - 19:00 Галерэя Шчамялёва (вул. Рэвалюцыйная, 10) Бясплатнае

У чацвер, 15 студзеня, у галерэі Шчамялёва адкрываецца выстава фатаграфіі Анатоля Кухарчука "Таямніца чорнага квадрата".


Выстава ўяўляе сабой філасофскае падарожжа ў трох актах, дзе фатаграфія становіцца інструментам пераадолення нігілізму.

Аўтар спрачаецца з Малевічам: калі для супрэматыста квадрат быў "нулём формаў", то для А. Кухарчука – гэта "ўлонне", якое хавае святло.

Кожная зала экспазіцыі прысвечана асобнай тэме і мае сваю назву.

"Бездань" (ніцшэанскі пачатак) уводзіць гледача ў прастору "абсалютнай пустаты".

Чорны колер тут - алегорыя "смерці старых сэнсаў" і хаосу. Услед за Ніцшэ аўтар прызнае: каб нарадзіць "танцуючую зорку", трэба насіць у сабе хаос.

Гэта зала - кропка сустрэчы чалавека з яго ўласнымі ценямі і страхам перад нязведаным.

Цэнтральная частка экспазіцыі - "Стварэнне святла" (кантаўскі імператыў).

Тут святло - не выпадковы блік, а вынік тытанічнай працы і маральнага выбару чалавека. Кожная фотаработа – гэта "нітачка святла", якая прабівае маналіт цемры, сімвал свядомага намагання па самаўдасканаленні.

Заключная тэма - "Святло як сэнс" - фінал шляху, дзе святло перастае быць фрагментарным і становіцца дамінантай. Гэта прастора надзеі і аптымізму. Святло выступае як стваральная сіла, якая пераўтварае "чорны квадрат быцця" з пужалай бездані ў гарманічны свет.

Гледачы ўбачаць каля 100 фатаграфій, выкананых пры дапамозе мабільнага тэлефона. Аўтар выступае не толькі як фатограф, але і як мысляр. Яго працы - не проста пейзажы або абстракцыі, а "кардыяграмы" душэўнага стану, запрашэнне да дыялогу, дзе глядач становіцца суаўтарам працэсу нараджэння сэнсу з цемры.

Выстава працягнецца па 1 сакавіка.


Вам можа быць цікава

Апошняе
на Budzma.org

чытаць яшчэ