У беларускай мове нямала загадкавых слоў, значэнні якіх не заўсёды вядомыя шырокаму колу людзей, нават тых, хто добра размаўляе ды чытае кніжкі і артыкулы па-беларуску. Ці ведалі вы, што слова «капец» у беларускай мове з’яўляецца літаратурным і набыло адценне жаргоннага толькі пад уплывам рускага арго? Хоць у рускую «капец» з вялікай доляй верагоднасці трапіў менавіта з нашай мовы.
Крыніца: «Звязда»
Тры значэнні слова «капец» у беларускай мове
Слова «капец» фіксавалася стваральнікамі слоўнікаў у канцы ХІХ — першай палове ХХ стагоддзяў. У беларускай мове яно мае ажно тры значэнні:
1) Валападобная куча бульбы ці карняплодаў, укладзеных на паверхні зямлі або ў неглыбокі катлаван, укрытых саломай і зверху зямлёй;
2) Невялікі насып, звычайна са слупком, для абазначэння мяжы;
3) Курган, старадаўняе пахаванне.
Цікава, што ў тлумачальных слоўніках беларускай мовы 1950-х, 1960-х і 1970-х гг. паняцце «капец» мае значэнне таксама з гутарковай мовы «гібель, канец» (Прыклад фразеалагічнага спалучэння: «Тут яму і капец»). Прычым у слоўніках гэтых гадоў тэрмін «капец» не мае тлумачэння ў якасці кургана ці старадаўняга пахавання.
Краёвыя слоўнікі Віцебшчыны і Чэрвеньшчыны. Крыніца: arche-paczatak.livejournal.com
У «Віцебскім краёвым слоўніку» 1927 года Каспяровіча сустракаюцца таксама ўсе тры агучаныя значэнні:
1) Межавы слуп. Што ты капца ня відзіш — гэтак закасіў майго (Заазер’е, Сенненскі р-н);
2) Яма для захоўвання бульбы на зіму. Мы бульбу заўсёгды сыпем у капцы на зіму (Заазер’е, Сенненскі р-н);
3) Курган. У нас у бару раскапалі бальшы капец і нашлі гаршчок (Русінава, Сенненскі р-н).
Ва ўсіх трох значэннях паняцце «капец» прысутнічае і ў «Краёвым слоўніку Чэрвеньшчыны»:
1) Межавы знак у выглядзе невялікага насыпу, а таксама наогул усялякі земляны насып. Ціпер граніцы ніхто ня зьверня: парабілі капцэ.
2) Курган, пахаванне. У іх за сялом нейкія капцэ: мусіць там пахаваныя салдаты, як была вайна с пранцузамі.
3) Прысыпаная куча бульбы на зіму.
Гэты ж тэрмін зафіксаваны быў і Янкам Бялькевічам — стваральнікам «Краёвага слоўніка Усходняй Магілёўшчыны». Аднак падчас працы над слоўнікам у 1920-х гг. слова «капец» Бялькевічам зафіксавана ў адзінкавым значэнні — куча бульбы або агародніны, прыкрытая саломай і зямлёй на зіму. Адпаведна аўтарам даецца і зафіксаваны прыклад выкарыстання тэрміна: «Абкыпаць капцы трэба, бо картошка зыцячэ» (Зарэчча, Мсціслаўскі р-н).
Яшчэ ў адным слоўніку беларускай мовы Івана Насовіча «капец» азначае «межавы знак, земляны насып». Пры гэтым у слоўніку Насовіча, як бачна, адсутнічае паняцце, зафіксаванае Бялькевічам.
Беларускі капец-курган. Крыніца: pokoy.by
Увесь спектр значэнняў паняцця «капец» з падрабязным тлумачэннем прыводзіцца і ў слоўніку беларускіх мясцовых геаграфічных тэрмінаў: 1) Межавы каморніцкі знак у выглядзе круглага накапанага насыпу з канаўкай кругом; пасярэдзіне землянога круга ў ямку насыпаецца драўлянае вуголле і ўстаўляецца завостраны слупок з выразам на ім зверху і знакам, лічбай квартала. Таксама наогул падобны земляны насып. 2) Месца на паверхні зямлі для захавання бульбы, агародніны, яблык; бурт круглай формы. Тое ж копчык (малы), капячок, капчачок, каппячок, каппяк. 3) Славянскі старажытны магільны насып з азначэннем «шведскі», «французскі», «валатоўка». Адзін з варыянтаў тлумачэння тэрміна аўтар слоўніка Іван Яшкін прыводзіць з прац Сержпутоўскага, дзе «капец» азначае «старажытны легендарны бязлесны ўзгорак». Важна адзначыць, што сустракаецца і варыянтнае значэнне гэтага слова — «скапец» або «скопец». Значэнні паняцця аналагічныя вышэйзгаданым: 1) Каморніцкі межавы слупок ці невялічкі земляны насып; 2) Куча бульбы (агародніны, садавіны) круглай формы, накрытая саломай і абсыпаная зямлёй. Між іншым слова «скапец» можна разглядаць як суфіксальнае ўтварэнне (суфікс — ец) ад дзеяслова скапіць, г. зн. скласці ў копы. Пры гэтым відавочна, што назоўнік «капец» этымалагічна блізкі да слова «капіца» — капа сена. (Прыклад: «Пяць капіцаў сена накасіў з грутка таго»). Сыходзячы з гэтага можна ўбачыць і этымалагічную сувязь са словам «капа» — куча сена, саломы, складзеная конусам.
Капец для бульбы на прыватным агародзе ў Слаўгарадскім раёне Магілёўскай вобласці. Здымак аўтара
Беларускі капец трапіў у рускую мову і стаў жарганізмам, які цяпер усе ведаюць
Цікава, што паняцце «капец» з аналагічнымі значэннямі прысутнічае таксама ў польскай і чэшскай мовах. У рускай мове канатацыя гэтага слова іншая, і адносіцца яно да жарганізму ці сучаснага моладзевага слэнгу са значэннем «усе скончана», «канец». Існуюць таксама падобныя тлумачэнні гэтага слова — «провал, катастрофа, неудача». На пэўных інтэрнэт-рэсурсах адзначаецца сінанімічнасць слоў з моладзевага слэнгу «капец» і «пипец». Прычым для многіх рускамоўных гэтыя словы не з’яўляюцца нечым непрыстойным, непрымальным або зневажальным і ўвайшлі ў штодзённае жыццё і мову. Між іншым, падобнага слова немагчыма сустрэць ні ўводным нарматыўным слоўніку рускай мовы, і зафіксавалі яго выкарыстанне толькі збіральнікі сучасных жаргонаў і арго.
Цішотка з выкарыстаннем слова «капец», папулярным у моладзевым слэнгу. Крыніца: fabrikamaek.ru
Беларускі «капец» — слова шматзначнае, іншага зместу. Слова, якое азначае безнадзейнасць, канец нейкай справе (пераважна негатыўны) у беларускай мове гучыць як «гамон». Пры гэтым адпаведнікам тэрміна «капец — месца захавання агародніны, бульбы» ва ўкраінскай і рускай мовах з’яўляецца тэрмін «бурт». Гэта ж слова выкарыстоўваецца і ў беларускай мове, з’яўляючыся сінонімам паняцця «капец». Калі ўзяць адзін з самых вядомых беларуска-рускіх слоўнікаў Грабчыкава С. М., то тэрмін «капец» перакладаецца на рускую мову ў наступных значэннях: 1) (овощей, картофеля) бурт; 2) насыпь со столбиком как межевой знак; 3) разг. (гибель, конец) крышка, конец.
Беларуска-рускі слоўнік Грабчыкава С.М., які вядомы шмат якім беларусам. Крыніца: Ay.by
Дык адкуль падобнае слова з’явілася ў рускай мове? Аўтарытэтны даследчык расійскіх жарганізмаў і аргатызмаў Уладзімір Елістратаў слова «капец» адносіць да рускага арго, што мае наступныя тлумачэнні: 1) Конец, провал — тебе настал — ты пропал; 2) (в значении междометья) Всё, баста, пропали. Прычым рускі даследчык мяркуе, што гэта слова ўвайшло ў мову зняволеных з латышскай мовы («kāpēc» — «чаму?»), бо шмат латышоў служыла ў НКУС. Такім чынам, у моладзевы жаргон слова адназначна трапіла з турэмнай мовы. Аднак, як лічыць беларускі мовазнавец Вінцук Вячорка, гэтае слова прыйшло ў турэмнае арго менавіта з беларускай мовы: «Пасля таго як Расейская імпэрыя акупавала Беларусь і Украіну, то натуральна, многія насельнікі былога Вялікага княства траплялі ў вязьніцы. Ну а ў вязьніцы заўсёды карысна мець сваё арго, якое не надта разумеюць дазорцы. І мноства беларусізмаў, украінізмаў, ідышызмаў, палянізмаў якраз трапілі ў гэтае расейскае турэмнае арго». Такім чынам, з часоў акупацыі Рэчы Паспалітай шмат беларускіх слоў трапляла ў мову зняволеных. Варта прыгадаць яшчэ некалькі словаў, што сталі жарганізмамі ў рускай са змененымі значэннямі: «канать» — 1) куда, откуда. Идти, уходить. 2) под кого. Подделываться под кого-либо, подражать кому-либо; «хата» — 1) Дом, квартира. Пойдём ко мне на хату. 2) Притон; «халява» — Что-либо нетрудное, пустяковое, доставшееся без труда, окольным путем; подделка, легкая работа.
Беларускі аналаг рускага жаргоннага «капца». Крыніца — суполка «Сапраўдная беларуская лаянка»
Прычым, як адзначае Вінцук Вячорка ў сваёй моўнай перадачы на інтэрнэт-партале «Радыё Свабода», слова «капец» па-руску гучыць з выразным аканнем і націскам на другі склад. З прыведзеных фактаў вынікае, што ў рускай мове слова «капец» з’яўляецца беларусізмам, аднак ужываецца з трансфармаваным значэннем і іншым моўным адценнем. Менавіта ў гэтым сэнсе паняцце «капец» выкарыстоўваецца і рускамоўнай беларускай моладдзю і людзьмі сярэдняга ўзросту. Такім чынам, беларусы зрабілі свой унёсак у лексіку суседніх народаў, а менавіта рускіх і ўкраінцаў, мовы якіх ведаюць гэтае слова пад уплывам беларускай.
Як слова «капец» выкарыстоўваецца ў беларускай паэзіі
Варта пагадзіцца з меркаваннем Вінцука Вячоркі, які сцвярджае, што паняцце «капец» у нашай матчынай мове паўнавартаснае і літаратурнае: «У нас у беларускай мове гэтае слова не жаргоннае, старадаўняе і паўнавартаснае, з многімі значэньнямі. Ёсьць яно ва ўсіх, дарэчы, нашых нарматыўных слоўніках і мае множны лік «капец-капцы». Гэта паняцце ва ўсіх трох значэннях выкарыстоўвалася ў беларускай літаратуры як класікамі, так і сучаснымі аўтарамі. У значэнні старадаўняга пахавання «капец» прысутнічае ў выдатным вершы славутага беларускага паэта з трагічным лёсам Анатоля Сыса, які мае назву «Капцы»:
На дне агню танцуюць саламандры,
блукае прывідамі шэры дым па небе,
як алень па чорных лядах,
між зоркамі губляючы сьляды.
Надыдзе дзень. Паснуць агні і зоркі,
любоў аддаўшы людзям і зямлі,
павырастуць з палёў капцы-пагоркі,
балючыя, нібыта мазалі.
Як людзі ўмерлі, не сказаўшы штосьці,
так і яны дзірваньнем зарасьлі,
і толькі птахі ды зьвяры — іх госьці
у час чырвонай золкавай расы.
Араты прыйдзе, кіне рупным вокам,
адчуўшы сум і боль нямых капцоў,
зямлю ўзарэ і шчыра, і глыбока,
збудзіўшы жрыц паганскіх і жрацоў.
Іх ноч засьцігне разам за бяседай
пра гэты час і пра тутэйшы люд,
і ў белым жрэц прамовіць:
— А я ведаў...
Забылі нас і занядбалі тут.
У вершы знакамітага Рыгора Барадуліна «У верасня — свой, асаблівы пах» слова «капец» выкарыстоўваецца ў значэнні месца для захавання бульбы:
У верасня — свой, асаблівы пах.
Курыць сівец — плыве дымок гаркавы,
Зямлёю пахне бульба у капцах,
Антонаўкамі — зоры па начах
I туманы — ляжалаю атавай.
Беларускі адраджэнец і класік айчыннай літаратуры Янка Купала ў вершы «Маладая Беларусь» слова «капец» выкарыстаў у трэцім яго значэнні, а менавіта ў якасці межавога насыпу:
Ад мяжы да мяжы, ад капца да капца
Абнаўлення напевы расходзяцца,
Абнімае душу без граніц, без канца
Маці-радасць, што лепшы дзень родзіцца.
Нават у вершаваных радках дзіцячага твора беларускага класіка Якуба Коласа, які пясняр прысвяціў свайму малодшаму сыну Міхасю, ёсць згадкі паняцця «капец» у спалучэнні з словам-сінонімам «курган»:
Пацешыўся з іх наш хлапец —
Ну і стварэнні на свеце!
Закрыў ён курганік-капец
І сказаў ім: «Жывеце».
Такім чынам, паэтычныя радкі беларускіх класікаў і славутых творцаў пацвярджаюць, што слова «капец» з’яўляецца натуральным і ўласцівым для літаратурнай беларускай мовы, якое актыўна скарыстоўвалася ва ўсіх сваіх значэннях айчыннымі пісьменнікамі і паэтамі. Прычым адзначу, што гэтае паняцце мае багатую і эмацыйную фразеалогію, што не характэрна мовам суседніх народаў.
Хведар Прылёпаўскі, budzma.org