«У Беларусі нагоды для ныцця знаходзіліся заўсёды. То чэргі ў паліклініцы, то цэны ў краме высокія, то дрэнна пахне ў гарадской электрычцы. Добрае, тое, што ўжо было, не вельмі цанілася». Ганна Златкоўская разважае пра звычку многіх беларусаў скардзіцца і ныць. Як новы досвед і жыццёвыя выпрабаванні дапамагаюць пазбавіцца ад гэтай звычкі? Ці магчыма ўвесь час радавацца дробязям?
Ганна Златкоўская. Фота з асабістага архіву
Як і ўсе апошнія гады эміграцыі, мне цікава назіраць за ўнутранымі зменамі. Было б сумна жыць, не заўважаючы, наколькі знешнія выпрабаванні ўплываюць на досвед і асабістыя паводзіны. Рэфлексія — наша ўсё.
Да мяне нядаўна прыехала адна знаёмая, і амаль з першай хвіліны яна пачала скардзіцца. То цяжка было ехаць, то пакой арэнднай кватэры не вельмі ўтульны ды яшчэ не на першым паверсе. Ёй вельмі падабаецца Вільня, але пра гэта яна гаварыла мала, больш падмячала нейкія непрыемныя дробязі. Я разумела, што ўсялякае бывае і трэба з цярпеннем ставіцца да яе скаргаў, але ў нейкі момант не вытрымала і сказала: «Ну ўбач ты ўжо нешта добрае! Нельга ж увесь час ныць і ныць».
А потым я стала думаць, а колькі я ныю ў жыцці? Там, у Беларусі, нагоды для ныцця знаходзіліся заўсёды. То чэргі ў паліклініцы, то цэны ў краме высокія, то дрэнна пахне ў гарадской электрычцы.
Добрае, тое, што ўжо было, не вельмі цанілася. Ну ёсць і ёсць, чаго тут хваліцца? Гэта ж само сабой зразумелае — дом, прырода, грамадзянства.
Ды і навокал людзі таксама больш скардзяцца. Сяброўка скардзіцца на працу: усе дасталі, вакол адны ідыёты, дыхаць няма чым, радасці мала. Суседка скардзіцца на суседзяў, на ЖЭС, на машыны ў двары. Доктар скардзіцца на пацыентаў і немагчымасць перапынку.
Краіна скаргаў і смутку, дзе кожны збольшага нешчаслівы і гэтым чамусьці ганарыцца. Быць проста шчаслівым і не скардзіцца дарэмна — гэта нейкі фантастычны скіл.
Дзіўна, але менавіта эміграцыя паспрыяла таму, што я і мой каханы сталі менш ныць.
Нам настолькі было патрэбна нанова будаваць сваё жыццё, настолькі гэта патрабавала высілкаў і цярпення, што неяк змянілі ўнутраную матрыцу. Бо крок за крокам ты нешта робіш, і калі гэта атрымліваецца — радуешся, як дзіця.
Вось кватэру добрую знялі ды з катамі — цуд! ВНЖ атрымалі — ура! Першы заробак, першае зразумелае слова па-літоўску — божа, ну як жа файна! Доктар у паліклініцы не лаецца, што дрэнна размаўляеш, і ўвогуле нейкі прыемны чалавек — свецішся, як навагодні ліхтарык.
Тое, што ў мінулым жыцці было звычайнай справай, у эміграцыі стала прывілеем, які ты сам выгрызаеш кожны дзень. На скаргі проста не было часу. Таму што было відавочна — лёгка не будзе, чаго жаліцца? Ты тут чужы чалавек, якому трэба неяк уладкаваць жыццё, каб самыя простыя рэчы сталі тваімі.
Дзіця адправіць у мясцовую школу, рэгістрацыя па месцы жыхарства, разабрацца, як выплачваць падаткі ды медстрахоўку — той яшчэ чэлендж! А калі атрымалася — выдыхаеш ды дзякуеш усім святым, што здолеў.
Так звычка ныць знікае сама сабою. Няма часу на ныццё, ёсць толькі кожны дзень, які трэба пражыць, радуючыся даху над галавой і што на картцы яшчэ ёсць некалькі еўра. Бо вельмі добра памятаеш, як іх зусім не было, а трэба было купляць ежу, пра адзенне і абутак ужо і гаворкі няма. Адна куртка на ўсю зіму ёсць — і добра.
Разумееце, веды, што будзе цяжка ў новым жыцці ў іншай краіне, паспрыялі таму, што змяніліся адносіны да ўсяго. Як радуешся пакупцы новай патэльні! А новым ботам сыну! Божа, такіх дробязей шмат у жыцці эмігранта — тое, што там, у звыклай стабільнасці, успрымаецца як норма. Але людзі не разумеюць каштоўнасці, бо не трацілі гэта ў адну хвіліну. А мы — так.
Ганна Златкоўская. Фота з асабістага архіву
Падаецца, што такое пазітыўнае стаўленне калісьці ператворыцца ў звычайнае і далей пойдзе, як ва ўсіх, не можаш жа ты вечна іскрыць на новы рондаль ці паліто. Але фішка ў тым, што радасці жыцця пачынаюць, быццам Сусвет, толькі пашырацца. Падарожжы, знаёмствы, новыя дарогі і ўражанні — ізноў, як першы раз, ізноў нагода для радасці. Благое — усяго толькі перашкода, якую магчыма пераадолець, рабілі не аднойчы. А вось асалода — гэта прывілей, які цэніш як ніколі.
Дзіўна, аднойчы маё жыццё перакулілася за адну хвіліну, і я плакала, не разумеючы, як далей быць. А зараз я бачу, што менавіта гэты досвед дазволіў мне стаць іншым чалавекам, які забыўся, што такое ныццё.
Ганна Златкоўская, Budzma.org
*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org