Як адзін галоўнакамандуючы «Партызанфільм» разграміў. Піша Лявон Вольскі

Лявон Вольскі ў рубрыцы «Мама, не журыся!» на Budzma.org піша пра нядаўні візіт Лукашэнкі на кінастудыю «Беларусьфільм». «Cамо наведваньне начальствам «Беларусьфільму» — таксама цалкам, як гавораць людзі рэклямы і кіно, «глядзібельная» стужка. Ізноў-ткі ня надта высокабюджэтная, але ўсё прысутнічае — накал жарсьцяў, праведнае абурэньне, жывёльны страх — як не паглядзець такое?» — іранізуе Лявон Вольскі і прапануе геніяльны план, як зрабіць з «Беларусьфільма» паспяховае, а галоўнае — патрыятычнае прадпрыемства.

tarantino-by-zahaplenni_krambambula-4502.jpg
Лявон Вольскі

Нязьменны лідэр нацыі чарговым разам напусьціўся на «творчых работнікаў».

Гэтым разам ён наведаў кінастудыю «Беларусьфільм», ці то «Партызанфільм», як яе называюць у кулюарах. Такая назва прычапілася да «Белавуду», бо раней студыя спэцыялізавалася на фільмах пра вайну, партызанаў ды немцаў. А цяпер абслугоўвае расейскія студыі, якія кляпаюць сэрыялы пра вайну, партызанаў ды немцаў. Ці то пра гераічную службу ў шэрагах НКВД. Ці то пра пасьляваенныя савецкія няпростыя гады. Бо на «Партызанфільме» назапасілася вельмі шмат рознае атрыбутыкі таго пэрыяду — шынялі ўсялякія, боты, партупэі, формы танкістаў — савецкіх і варожых, жаўнераў, афіцэраў, пілётаў, паліцаяў, сялянаў, партызанаў, энкавэдыстаў — карацей, размаіты антураж, якім ты можаш напоўніцу пакарыстацца, калі маеш пэўныя сродкі і мэту.

Ды што там расейскія студыі! Мы самі неаднаразова карысталіся паслугамі касьцюмэрнага цэху славутай менскай кінастудыі — калі здымалі відэа пра чатырох танкістаў ці то пра партызанаў у зімовых лясах... Але гэта так, лірыка.

tarantino-by-zahaplenni_krambambula-4589.jpg
Гурт "Крамабамбуля падчс здымак відэа для праекта «Захапленні» ГКК "Будзьма беларусамі!", 2012 г.

А суворая рэчаіснасьць — гэта тое, што «Партызанфільм» даўно ўжо зрабіўся прыдаткам расейцаў — свайго амаль нічога не здымае (а калі здымае, дык такое ніхто глядзець ня будзе, апроч мэтавае групы, якую гвалтам загоняць на прагляд і паставяць «галачку» — пастаўленая задача выкананая).

«Bielaruśfiĺm»
Крыніца: belarusfilm.by

«Беларусьфільм» цяпер толькі здае ў арэнду прасторныя студыйныя плошчы на вуліцы Макаёнка і мэрчэндайз — строі, пра якія я казаў вышэй, а таксама муляжы «калашоў» ды «шмайсараў», «наганаў» ды «парабэлюмаў». Ёсьць нават тэхніка — матацыклы, грузавікі, дакладна ведаю, што ёсьць, як мінімум, адзін танк. І вось, здаючы ўсё гэта ў арэнду надзіва працаздольным і запатрабаваным расейскім калегам, студыя неяк зводзіць канцы з канцамі. І ўсе даўно прызвычаіліся да гэткага парадку рэчаў.

А тут прыяжджае шэф і ўчыняе (як ён любіць) страшны разгром! Проста камяня на камяні не пакідае — ніхто з пэрсаналу «Партызанфільму» ня можа схавацца ад шквалу начальніцкае крытыкі — «народны лідэр» паліць, рыхтык, як пераможнае савецкае войска ў фільмах таго самага «Партызанфільму» тых
часоў, калі ён гэтыя фільмы здымаў.

Маўляў, вось працаўнік за станком точыць дэталь. Потым з гэтых дэталяў зьбіраюць чарговы МАЗ — вынік працы навідавоку.

Вось калгасьнік сее рапс. Потым з гэтага рапсу вырабляюць алей. «А вы? Дзе вынік вашае працы?» — пытаецца гаспадар краіны ў сваіх васалаў — рэжысэраў, сцэнарыстаў, мастакоў-пастаноўшчыкаў і адміністратараў. Васалы нешта нягегла (як заўжды ў такіх сытуацыях) мармычуць.

Гаспадарова абурэньне ў гэтай сытуацыі цалкам зразумелае — ён сам вялікі майстар пастаноўкі, напісаньня сцэнару, здымкаў і рэалізацыі прадукту — яшчэ з часоў балятаваньня на высокі пост прэзыдэнта.

Памятаеце, у тыя дагістарычныя часы быў зьняты пасьпяховы, хаця й нізкабюджэтны баявік — страляніна па машыне народнага кандыдата? А потым чаго толькі не было — і мёртвыя пацукі, якімі «Малады Фронт» хацеў атруціць гарадзкую каналізацыю, і джыпы з кулямётамі, якія прарываліся празь мяжу, і фраў А са сваімі апакаліптычнымі папярэджаньнямі, і арматура з інгрэдыентамі для кактэйлю Молатава ў машыне «шафёра Статкевіча», і бясконцыя «пакаянныя відэа» (кожнае зь іх — як частка вялікага шматсэрыйнага трылера) — якіх толькі пакручастых сюжэтаў зь нечаканымі паваротамі не наздымаў народны лідэр! І крэатыўна анансоўваў наступныя часткі сэрыялу: «Будзет очэнь інцярэсна!».

Але прэзыдэнт — чалавек заняты, таму яго захаплялі іншыя неадкладныя справы, і сюжэт сэрыялу абрываўся. «Будзет очэнь інцярэсна» — і на гэтым — усё, канец фільму. Але — ну, хаця б так — уся краіна прыкутая да экрану і чакае працягу, разьвіцьця і разьвязкі.

Дый само наведваньне начальствам «Беларусьфільму» — таксама цалкам, як гавораць людзі рэклямы і кіно, «глядзібельная» стужка. Ізноў-ткі ня надта высокабюджэтная, але ўсё прысутнічае — накал жарсьцяў, праведнае абурэньне, жывёльны страх — як не паглядзець такое?

А з прадуктам «партызанфільму» — што? Трэба гвалтам заганяць піянэраў і школьнікаў, студэнтаў-чальцоў БРСМ? Не, так ня пойдзе! Такі «Беларусьфільм» нам не патрэбны!

І — галоўнае! — кажаш ім, кажаш, тлумачыш, тлумачыш, а яны — усё адно — нейкага «Купалу» здымуць, якога нельга паказваць людзям і трэба класьці на паліцу! Абы-што!

Kadr z fiĺma «Kupala»
Кадр з фільма «Купала»

Што рабіць?

А вось што. Трэба усё, зьвязанае з культурай і мастацтвам, засяродзіць у межах адной сям’і. Прынамсі, там, на сямейнай нарадзе, можна паставіць задачы і быць упэўненым, што ўсё выканаецца ў належны тэрмін і ў поўным аб’ёме.

Вось як з музыкай — валтузіліся-валтузіліся, пісалі-сачынялі нейкія там нібыта ляяльныя кампазытары-паэты — выніку нуль. І грошы такія бухалі ў гэты дзяржаўны шоў-бізнэс — мама не журыся! А як толькі занялася гэтай справай сям’я — тут усё й пайшло. І лэйблы дзяржаўныя зьявіліся, і маладых артыстаў падгадавалі. І «ногі самі ў пляс ідуць», і ўсё выверана — патрыятычна і чырвона-зелена.

Belarusfilm
Малюнак Лявона Вольскага

Так трэба і з кіно — хтосьці зь сям’і піша сцэнары, хтосьці рэжысуе, хтосьці — адміністратар. Спачатку, можа, і ня надта будзе атрымлівацца, але ўрэшце навучацца. Так і з тэатрам, і зь літаратурай трэба. І з выяўленчым мастацтвам. Сям’я ж не маленькая. Усё новыя чальцы падгадоўваюцца, гатовыя ўжо заступіць да выкананьня творчых задачаў.

«Дык наперад!» — як заклікаў вялікі беларускі пясьняр Янка Купала, баёпік пра якога надзейна і назаўсёды (як ім здаецца) паклалі на пыльную паліцу. Але ў інтэрнэце ўсё можна знайсці. І «Купалу» таксама. І гэта абнадзейвае.

Лявон Вольскі, Budzma.org