«Няма іншых беларусаў, акрамя нас. І не важна, жывём мы за мяжой або ў краіне. Нельга дзяліць на тых, хто з’ехаў, і тых, хто застаўся, — у кожнага чалавека асабісты лёс». Ганна Златкоўская разважае пра штучны падзел беларусаў на тых, хто з’ехаў, і тых, хто застаўся, і пра будучыню Беларусі.
Ганна Златкоўская. Фота з асабістага архіву
Сёння лёс Беларусі ўвогуле складаны. Бясконцыя рэпрэсіі, немагчымасць гаварыць праўду без наступстваў, людзі, якім так патрэбна падтрымка, вымушаная эміграцыя ад гэтага ўсяго або выбар жыць у сваёй краіне, кожны дзень чакаючы, што можаш аказацца ў закладніках.
Калі я бачу сваркі наконт таго, што беларусы дзеляцца на збеглых і тых, хто застаўся, — мне сумна. Калі намагаюцца параўноўваць, каму горш, — такім чынам усё больш паглыбляюць падзел паміж людзьмі, які ў выніку становіцца безданню. Менавіта гэтага і дамагаецца рэжым — раз’яднання, бо менавіта нашай усеагульнай салідарнасці ён і баіцца.
Праўда ў тым, што дзяленне на «сваіх» і «чужых» — гэта насамрэч голас нашага болю. Нам баліць. У такія моманты мы быццам дзеці, якія не могуць справіцца з клубком эмоцый і кідаюць у прастору толькі моцны крык адчаю ды шукаюць вінаватых, не разумеючы, што рабіць, каб стала лягчэй. Таму паранім іншых і паранімся самі. Бо таго, хто стаў вінаватым ад болю, немагчыма прымусіць несці адказнасць за зробленае.
Крыніца: ФБ «Майстэрні паштовак салідарнасці»
Ведаеце, што мяне яшчэ ўразіла ў 2020 годзе? Гэта эмігранты, якія з’ехалі з Беларусі даволі даўно, але ўсё роўна сачылі за падзеямі ў краіне і вельмі перажывалі за ўсіх нас. Іх падтрымка была таксама неверагодная. Мне ж здавалася, што тыя, хто жыве ў Англіі, ЗША ці Іспаніі, наладжваюць сваё жыццё, і што ім да Беларусі няма справы. Але я памылялася.
Цяпер і мы сталі гэтымі людзьмі, і я таксама бачу, што немагчыма ні адарвацца, ні забыць радзіму, — заўсёды будзеш звязаны нябачнай ніткай. Хай і пабег шлях лёсу іншымі дарогамі чужых краін.
Калі я сустракаю кагосьці з Беларусі, заўсёды пытаю: «Ну як вы там?». Таксама некаторыя людзі пішуць у асабістыя паведамленні ў сацсетках. Цешуся такім размовам, магчымасці дакрануцца да маленькіх падзей Беларусі. Бо гэта праўда, што ўжо немагчыма на сто адсоткаў разумець атмасферу — пра што там гавораць, як сённяшняя сітуацыя адгукаецца на настроі і ўвогуле з якіх дробязяў складаецца звычайнае жыццё беларусаў.
Жыве надзея на перамены, але кожны дзень трэба памятаць пра небяспеку: што нельга чытаць у транспарце, абмяркоўваць падзеі ва Украіне побач з незнаёмымі людзьмі, кожную раніцу прыслухоўвацца да грукату дзвярэй і шуму ліфта... Нехта возіць перадачы ў калоніі і чакае вестак адтуль, лічачы дні, калі родны чалавек нарэшце зноў апынецца на волі.
Твор «Чаканне непазбежных гасцей» арт-групы Rekta Ag. Фота з выставы «Водар волі» ў Варшаве, 2022 г.
Некаторыя гавораць, што Мінск трошкі апусцеў — адчуваецца, колькі людзей пакінулі свае хаты і збеглі за мяжу. Але ўсё роўна працягваецца жыццё — з намі або без нас, і толькі Бог ведае, якой будзе будучыня ў Беларусі.
Аднойчы жонка аднаго вядомага палітыка (на жаль, ён цяпер палітзняволены) сказала мне: «Усё добрае і дрэннае здарыцца толькі тут, у Беларусі». Гэта значыць, што немагчыма паўплываць на краіну, калі ты жывеш за мяжой. Яна мае рацыю.
Але я думаю, што, разбягаючыся па ўсім свеце, мы быццам раскідваем кавалачкі Беларусі — так яна становіцца большай, і ўсё больш людзей у свеце даведваюцца, што ёсць недзе такая краіна.
Таксама мне падабаецца прыклад літоўскага гісторыка, які распавёў у інтэрв’ю Мікіту Мелказёраву, як Літва нарэшце вырвалася з-пад савецкага гнёту, і пачалі ў краіну вяртацца эмігранты, што адразу ўключыліся ў змены. Яны дзяліліся сваім досведам, што дапамагала краіне праводзіць хуткія рэформы. Гэта гісторыя, на мой погляд, вельмі паказальная: калі ты ўсім сэрцам клапоцішся пра сваю радзіму, то заўсёды зможаш быць ёй карысным. Проста на ўсё — свой час. У кожнага — свой лёс.
Таму сварыцца сёння наконт таго, хто дзе жыве, — гэта нават моветон. Усюды людзі, усюды свае. І было б цудоўна, каб мы ўзмацнялі беларускую дыяспару, ведалі, што куды б ні прыехалі, — нас сустрэнуць беларусы і беларускі, і будуць радыя пабачыць суайчынніка. Распавядуць нюансы, правядуць экскурсіі ды падтрымаюць, таму што замежжа — гэта незнаёмая тэрыторыя, і ніхто адразу не адчувае сябе бадзёра. Праверана на ўласным прыкладзе.
Ганна Златкоўская. Фота з асабістага архіву
Было б цудоўна, каб мы ведалі, што калі зможам вярнуцца ў Беларусь без наступстваў — крымінальнага пераследу і гэтак далей — нас будуць радыя вітаць і проста з цеплынёй скажуць: «Вітаем дома, нарэшце дачакаліся».
Ну можна яшчэ адкаркаваць шампанскае, але гэта ўжо дэталі.
Ганна Златкоўская, Budzma.org