10 галоўных фактаў пра а. Аляксандра Надсана

15.04.2025 Асоба
15 красавіка 2015-га года памёр Аляксандр Надсан, беларускі грэка-каталіцкі святар, апостальскі візітар для беларусаў-каталікоў у замежжы і дзеяч беларускай эміграцыі ў Вялікабрытаніі.

10 гадоў таму не стала чалавека, які зацікавіў Захад беларускімі даследаваннямі і адкрыў многім брытанцам, а яшчэ як ні дзіўна, і шматлікім зрусіфікаваным беларусам Беларусь. Мы абралі дзесяць фактаў з біяграфіі легендарнага грэка-каталіцкага святара, якія мусіць ведаць кожны беларус, што паважае сябе.

Aliaksandr Nadsan
 Аляксандр Надсан. Крыніца: archivioradiovaticana.va

1. Ад нараджэння меў іншае прозвішча 

Сапраўднае прозвішча айца Аляксандра — Бочка. Псеўданім Надсан ён узяў сабе адразу пасля эміграцыі з СССР. Паходзіў з сям’і настаўніка Антона Бочкі, маці таксама была настаўніцай. З дзяцінства хлопец размаўляў з маці па-французску. Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, дзе, як і бацька, вучыўся на настаўніка матэматыкі. Семінарыя, паводле ягоных пазнейшых сведчанняў, не толькі дала яму адукацыю, але й назаўсёды зрабіла перакананым беларусам.

2. Бацька а. Надсана Антон Бочка таксама быў апантаным беларусам

У 1920 годзе ён ваяваў у Слуцкім збройным чыне.

3. Аляксандр Надсан ахоўваў ІІ Усебеларускі кангрэс

Падчас Другой сусветнайвайны а. Аляксандр далучаецца да Саюза беларускай моладзі, Беларускай Краёвай абароны, ахоўвае ІІ Усебеларускі кангрэс. Калі вы пачытаеце гісторыю пра гэтыя арганізацыі, то зразумееце, якія гэта былі адважныя і адчайныя маладыя юнакі.

4. Ваяваў у войску войску генерала Андэрса

Пасля вымушанай эміграцыі ў 1944 годзе а. Надсан ваюе ў французскім Супраціўленні, войску генерала Андэрса.

5. За некалькі месяцаў а. Надсан самастойна вывучыў англійскую мову

У Брытаніі, дзе айцец Аляксандр апынуўся пасля вайны, ён за некалькі месяцаў самастойна авалодаў англійскай мовай і паступіў у Лонданскі універсітэт на аддзяленне матэматыкі.

6. Быў адным з заснавальнікаў Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі 

Калі ўляглася Другая сусветная, а. Надсан пачынае самым актыўным чынам разбудоўваць беларускія эмігранцкія арганізацыі. Згуртаванне беларусаў Вялікай Брытаніі, Англа-Беларускае навуковае таварыства, Беларускае хрысціянскае аб’яднанне «Рунь» — справа яднання беларусаў за мяжой стала для айца Аляксандра справай жыцця.

7. Адзін са ставаральнікаў Беларускай бібліятэкі імя Ф. Скарыны ў Лондане

Skarynaŭskaja biblijateka ŭ LondanieСкарынаўская бібліятэка ў Лондане. Фота: facebook.com/skaryna

Калі вы будзеце ў Лондане, разам з Букінгемскім палацам і музеем мадам Цюсо абавязкова наведайце Скарынаўскую бібліятэку. А. Надсан пачаў збіраць яе ў 1971 годзе. Ён сачыў за кніжнымі аўкцыёнамі, падтрымліваў сувязі з букіністамі і беларускімі дыяспарамі, каб набываць кнігі, карты, архівы, каштоўныя рэчы, звязаныя з Беларуссю. У фондзе бібліятэкі больш за 40 000 выданняў.

8. Правёў першую пасля развалу СССР беларускамоўную імшу 

Aliaksandr Nadsan

Першая беларускамоўная імша пасля развалу СССР у Гародні адбылася ў 1992 годзе, згадвала паэтка Данута Бічэль. У Францішканскім касцёле яе правёў а. Аляксандр Надсан. Тады ён часта ездзіў у Беларусь, бо вазіў лекі для дзяцей з Чарнобыльскай зоны. Публічную грэка-каталіцкую літургію, першую за 150 гадоў пасля скасавання Уніі ў 1839 г., адслужыў таксама а. Надсан. Гэта адбылося ў Мінску ў Кальварыйскім касцёле ў 1990 годзе. Праз некалькі дзён а. Надсан правёў яшчэ адну літургію. Пра рэзананс падзеі кажа тое, што на яе прыехала здымачная група культавай на той час перадачы «Взгляд».

9. Першы пасля доўгай эміграцыі прыезд Аляксандра Надсана ў Беларусь выглядаў як вялікая патрыятычная акцыя

Гэта было ў 1990 годзе. Мінск. Сакавік. 5 раніцы. На пероне вакзала поўна людзей з бел-чырвона-белымі сцягамі і сімваламі Чарнобыльскага шляху. Так людзі прыйшлі сустракаць з цягніка старшыню дабрачыннага Чарнобыльскага фонду, апостальскага візітатара для беларусаў-каталікоў замежжа.

10. Дзякуючы перакладам айца Надсана беларуская мова ўвайшла ў сям’ю сакральных моваў 

А. Аляксандр пераклаў на беларускую мову з грэцкай больш за 40 літургічных тэкстаў — фактычна на ўсе выпадкі царкоўнага жыцця: службы святочныя, нядзельныя і штодзённыя, акафісты і малебны. Сёння гэтымі тэкстамі афіцыйна карыстаецца Беларуская грэка-каталіцкая царква.