10 фільмаў і серыялаў, дзе «засвяцілася» Беларусь

14.09.2022 Кіно

Planetabelarus.by прапануе паглядзець, як уяўляюць Беларусь замежныя кінематаграфісты.


Аўтар: Крысціна Троска
Фота: з адкрытых крыніц

КРАКОЗІЯ, ГОМЕЛЬ

Пачнём, мабыць, са знаёмага многім фільма «Тэрмінал» (2004 год). Галоўны герой, Віктар Наварскі, па сюжэце з’яўляецца грамадзянінам выдуманай усходнееўрапейскай краіны Кракозіі. Пакуль герой ляцеў у самалёце, на яго радзіме адбыўся дзяржаўны пераварот, і зараз яго дакументы несапраўдныя, з-за чаго Віктар вымушаны пасяліцца ў аэрапорце Джона Кэнэдзі ў Нью-Ёрку.

elkf9zz0zfrhtz02g9w6sch8tnnp3r6k.jpg

Дзе ж тут Беларусь? У адным з кадраў можна разгледзець дакументы ў руках героя: пашпарт, анкету і пасведчанне кіроўцы. А дакладней, «вадзіцельскае пасведчанне», дзе «месцам жыхарства» значыцца горад Гомель. Праўда, кірыліцай імя персанажа выглядае як Гуліна Гульнара Надыраўна, але гэта ўсё роўна куды лепш, чым, напрыклад, пашпарт іншага галівудскага персанажа — Джэйсана Борна, дзе яго клічуць Ашчф Лштшфум («Foma Kiniaev» у кірылічнай раскладцы).

А на вокладцы пашпарта можна разгледзець герб краіны, які вельмі падобны да герба Беларусі.

ua4jrbfk54bkhltryxisu8nfqio31cid.jpg

49de62d00ca1704a6d95e4a8a231df82.png

Дарэчы, праз некалькі гадоў пасля выхаду фільма высветлілася, што правы кіроўцы — цалкам рэальны дакумент: жанчына па імені Гульнара Гуліна сапраўды жыла ў ваенным гарадку пад Гомелем і ў 1999 годзе эмігравала ў ЗША.

САРОЧЫНСКІ КІРМАШ... У МІНСКУ

e8q8ac1ke2h30afrystqq0hlcys0fzzj.jpg

Культавы серыял "Friends" таксама не абышоўся без Беларусі. Навуковец і па сумяшчальніцтве малады чалавек самай экстравагантнай гераіні — Фібі Буфе — у адной з серый аб’яўляе, што атрымаў трохгадовы грант на працу ў Мінску. Пры гэтым ён удакладняе, што «Мінск — гэта ў Расіі!». З’яўляючыся яшчэ пару разоў у пазнейшых сезонах, ён распавядае пра тое, што паўсюль у Мінску стаяць статуі Леніна, тут прынята на развітанне цалавацца два разы ў шчаку і адзін — у вусны, увесну можна схадзіць на Сарочынскі кірмаш, а самалёты з Нью-Ёрка у Мінск лятаюць раз на паўгода. Але самая дакладная характарыстыка горада гучыць у выглядзе жарту: «Не, не! Ён восем гадоў жыў у Мінску — занадта шмат прамых сонечных прамянёў, і ён памрэ!».

6e9a0ac1022ae3b3241ebabd5b3649dc.jpg

Верагодна, з’яўленне ў амерыканскім сіткоме Беларусі не так ужо і выпадкова: прабабка, дзед і бабуля Лізы Кудроу (той самай Фібі) па лініі бацькі яшчэ да вайны імігравалі ў ЗША з вёскі Ілья (цяпер Вілейскі раён). У 2008 годзе актрыса са здымачнай групай тэлеканала NBC нават прыязджала на гістарычную радзіму, каб зняць дакументальны фільм пра гэтыя мясціны. У працэсе здымак высветлілася, што ўсе яе сваякі, якія засталіся тут, былі знішчаны фашысцкімі войскамі разам з 2 тысячамі мясцовых яўрэяў.

«ШТО СА СПРАВАЙ Ў РАСІІ?» — «У БЕЛАРУСІ»

6r9jv7pzkeajnwnm4fto3vz3bgqh3wyg.jpg

Адным з нядаўніх з’яўленняў Беларусі на экранах стала згадка ў суперпапулярным серыяле BBC «Шэрлак». У адным з эпізодаў Шэрлак Холмс знаходзіцца ў нейкай турме і, седзячы на фоне нацыянальнага сцяга на ўсю сцяну, размаўляе са зняволеным пра яго злачынства. Той на ламанай ангельскай з жахлівым акцэнтам тлумачыць акалічнасці справы, але Шэрлак, стаміўшыся ўвесь час выпраўляць памылкі, устае і сыходзіць. Злачынец у роспачы крычыць яму ў спіну, што яго павесяць, але сышчык не звяртае на гэта ўвагі.

Магчыма, менавіта таму, што ў нашай краіне дазволена смяротнае пакаранне, аўтары вырашылі «адправіць» галоўнага героя ў Мінск, толькі не ўлічылі, што вышэйшая мера пакарання ў Беларусі — расстрэл, а не павешанне.

470c8348e9e451d01500c4b2fafc9eb2.jpg

Дарэчы, гэта адзін з нямногіх выпадкаў, калі Мінск не называюць Расіяй. Крыху пазней па сюжэце доктар Ватсан пытаецца: «Што са справай у Расіі?», на што Шэрлак папраўляе яго: «У Беларусі. Простае бытавое забойства, не вартае маёй увагі». Але і тут не ўсё так гладка, як хацелася б: эпізод адбываецца пад акампанемент балалайкі, а не, напрыклад, цымбал.

БЕЛАРУСКАМАЎНАЯ МАФІЯ

Дэтэктыўны трылер «Турыст», які выйшаў на экраны ў 2010 годзе, таксама не абышоўся без «беларускага следу». Амерыканскі турыст Фрэнк адпраўляецца ў Італію, каб загаіць душэўныя раны. У Венецыі ён знаёміцца з Элізай, загадкавай дзяўчынай, і пасля гэтага яго жыццё ператвараецца ў чараду інтрыг і небяспек. У адной з заварушак яму даводзіцца ўступіць у бойку з наймітамі галоўнага злыдня, якія гавораць па-беларуску. А аднойчы і сам мафіёзі пераходзіць на мову. Варта адзначыць, што беларуская тут даволі ніштаватая, што не часта сустракаецца.

t8et6ypprgcb8m4of77g1ms2ukxh6hgq.jpg

ВАМПІРСКІ БАР У МІНСКУ

m2h58k7j9ukmqktj7cg8hc9cz6ulbd1z.jpg

Успомнілі Мінск і ў адной з самых вядомых франшыз 21 стагоддзя — Гары Потэры. Дабрадушны волат Хагрыд, вярнуўшыся з небяспечнай вандроўкі па даручэнні Альбуса Дамблдора, распавядае сваім юным сябрам, дзе ён пабываў. Сярод іншага з’яўляецца і магічная мінская карчма, дзе ён «трохі пасварыўся з вампірам». У камплекце з ёй ідзе і «пара троляў-вар’ятаў на польскай мяжы», так што Усходняя Еўропа ў свеце Гары Потэра выглядае не вельмі прыязна.

2q5j0zdudhf3frukh4vuvbnesqqgjiaz.jpg

ТЭЛЕПАРТУЙЦЕСЯ АКУРАТНА

05buctx5f4qdrmckc5qt4rv9t8mw392y.jpg

Мільганула Беларусь і ў бясконцым серыяле «Звышнатуральнае». Гісторыя двух братоў, якія вось ужо 15 сезонаў ваююць з тагасветнымі сіламі і ўсялякімі звышнатуральнымі з’явамі, двойчы перасякалася з нашай краінай. Упершыню — калі галоўныя героі аказваюцца на валасінку ад гібелі ў доме, поўным газу, і іх верны сябар анёл Кастыэль тэлепартуе ўсю кампанію на цёмны ўзлесак. З кароткага дыялогу высвятляецца, што хлопцы трапілі ў Беларусь. Ваўкі, што выюць у начным лесе, — магчыма, менавіта ў такія абставіны трапіць той, хто тэлепартуецца, калі не ўдакладніць свой запыт хоць бы да горада, бо, па апошніх дадзеных, у нашай краіне лясамі пакрыта каля 40% тэрыторыі.

Другая згадка здараецца на некалькі сезонаў пазней, і яна больш важкая. У гэтай серыі гісторыя пераносіць гледача ў Віцебск 1944 гады. Праўда, горад убачыць не атрымаецца, бо дзеянне адбываецца ўначы і ацаніць можна толькі неўласцівы для беларускай архітэктуры будынак. Гаворка ў серыі ідзе аб спадчыне Другой сусветнай (вядома ж, у той форме, якая можа з’явіцца ў фантастычным серыяле) — големе, якога стварылі равіны для барацьбы са служкамі фашысцкай акультнай супольнасці. Браты, як заўсёды, перамаглі зло і ўсіх выратавалі.

4c6f190e25f0ae365f7d9cf3849255ac.jpg

«ЗА ГАДЗІНУ ЯЗДЫ АД ВІЦЕБСКА»

n2k4tj33sqaknocs5pvvf55db0fg9kvu.jpg

У сусвеце Marvel Беларусь з’яўляецца ў даволі разгорнутым, але не вельмі праўдападобным выглядзе. Пачнём з серыяла "Agents of S.H.I.E.L.D.". У першым сезоне героям даводзіцца адправіцца ў нібыты беларускі горад Злода. Падчас паездкі адбываецца дыялог, дзе з’яўляецца крыху праўдзівых фактаў:

— Дзіўна, з дзяцінства марыла пабываць у Злодзе.

— Злода ў Беларусі? Мара спраўдзілася? (на твары — відавочнае здзіўленне)

— Тут нарадзіўся нобелеўскі лаўрэат па фізіцы Жарэс Алфёраў. То бок ён, вядома, з Віцебска, але да яго адсюль менш за гадзіну язды і мне сумна, што ты гэта не ведаў.

— Не, канешне, я ведаю хто гэта. Бацька паўправадніковых транзістараў. Дзякуй яму!

Знешне «беларускі» горад аказваецца абсалютна не беларускім. Чарапічныя дахі, гатычны храм, сярэднявечная архітэктура, брукаваныя маставыя — такога ў невялікіх мястэчках «за гадзіну язды ад Віцебска» ў нас не знойдзеш. Затое ўсе шыльды напісаны на беларускай мове, а ў дадатак паўсюль развешаны чырвона-зялёныя сцягі. Іранічна, што пры гэтым жыхары горада гавораць па-руску.

759c2d16143dcf018338a087ef3f7f6c.png

У адной са сцэн можна ўбачыць чэк, які апроч мовы аперуе яшчэ і коштамі. І хоць яны наогул завоблачныя (але калі ўлічыць, што чэк гэты з нейкага мінскага атэля, то ўсё рэальна), выглядаюць пры гэтым даволі праўдападобна. Хаця б таму, што сумы пазначаныя ў рублях да дэнамінацыі (сезон выйшаў у 2013 годзе) і не выклікаюць жадання закрычаць «Не веру!».

f0fa810325a965f2cd3e28867138358f.png

АД АШМЯН ДА МАР’ІНАЙ ГОРКІ АДЗІН КРОК?

a50chnz02ga0cjlvvpz8fgvsfwwl046d.jpg

Другі серыял гэтага сусвету выходзіў на іншым канале, але гэта не выратавала яго ад дзівацтваў і нестыковак. «Агент Картэр» расказвае пра жыццё дзяўчыны-спецагента ў 1950-я, і ўжо ў пятай серыі першага сезона мы сустракаемся са згадваннямі Беларусі. Трэба прызнаць, што ўвогуле гаворка ідзе ў асноўным не столькі пра краіну, колькі пра савецкую школу па выхаванні жанчын-супершпіёнаў «Акадэмія Чырвонага пакоя». Парадкі і норавы ў ёй проста жудасныя, і ў пачатку серыі аўтары імкнуцца паказаць гэта як мага ярчэй. Але гэта не тое, на чым мы жадаем засяродзіцца. Нас цікавіць, што далей па сюжэце злачынная групоўка збіраецца купіць партыю зброі, а месцам здзелкі прызначаная Мар’іна Горка. Вядома ж, героі неадкладна збіраюцца ў Беларусь супрацьстаяць злу. І вось тут і адбываецца першы ашаламляльны дыялог:

— Агент Томпсан, ведаеце, што значыць пах селядца ў паветры ў Беларусі летам?

— Хтосьці пячэ рыбу?

— Значыць, што вецер дзьме з Балтыкі. У ліпені ён прадказвае завіруху. І калі вы адчуваеце пах, то ў вас паўгадзіны на пошук хованкі і развядзенне агню, каб не памерці да раніцы ад пераахаладжэння. Я ведаю гэта, бо была там.

Дзіўна, наколькі далёкія мы ад амерыканскіх вытворцаў серыялаў — літаральна ў другім паўшар’і, мяркуючы па гэтых рэпліках. Лагістыка ў гэтай аперацыі таксама падкачала. Агенты першапачаткова збіраліся ў Польшчу, каб перайсці мяжу з СССР, але потым змянілі свае планы і вырашылі адправіцца ў Літву і перайсці мяжу побач з Ашмянамі. Ашмяны сапраўды недалёка ад літоўскай мяжы, вось толькі ў той час трапіць у Літву і пры гэтым не трапіць у СССР было крыху немагчыма. Ды і тое, што ад Ашмянаў да Мар’інай Горкі амаль 200 кіламетраў, у сюжэце ніяк не выяўляецца, хоць героі рухаюцца на відавочна замежных грузавіках, і прытым з амерыканскай сімволікай. Практычна адразу пасля траплення на тэрыторыю СССР героі адпраўляюцца ў тую самую школу шпіёнак, якую мы бачылі ў пачатку. Вось ужо і праўда ідэальнае месца для сакрэтнай школы — у Мар’інай Горцы, недалёка ад Ашмян.

c6113d8a5c4d0734934c46dfeaabc616.jpg

ФЕРМЕРЫ БЕЛАРУСКІХ АЛЬПАЎ

d7ob7fqrxerm2husvqljsl9200l1ay7c.jpg

Адзін з самых скандальных мультсерыялаў — "The South Park" — таксама не абышоў увагай нашу краіну. Цэлая серыя 16-га сезона прысвечана канфлікту паміж беларускімі (назва краіны шмат разоў гучыць у серыі, так што сумненняў быць не можа) фермерамі і ўладамі, якія з дапамогай двух бульдозераў спрабуюць адабраць у фермераў іх зямлю, засеяную капустай. Пры гэтым на фоне бачныя горы з заснежанымі вяршынямі, сярэднявечны замак і мястэчка. Супрацьстаянне не дае патрэбнага выніку, і ў фінале з’яўляецца Ісус, каб выратаваць сітуацыю (ён, зрэшты, нават вымавіць назву краіны не можа). Сканчаецца серыя сумна — пасля слоў Ісуса пра тое, што сітуацыя вырашальная, за кадрам чутныя аўтаматныя чэргі, а бульдозеры ідуць наперад.

2286a1a332dbf94380351d34ef6a854f.jpg

ЦЭЛЫ ФІЛЬМ ПРА БЕЛАРУСЬ? ПАРТЫЗАНЫ!

ythtrs245my1wsybody6ile6qw7qlq1u.jpg

І нарэшце самы «беларускі», але ад гэтага не менш спрэчны галівудскі фільм «Выклік». Сюжэт пабудаваны на рэальных падзеях з беларускай гісторыі — у цэнтры ўвагі аказваюцца партызанскі атрад і лагер для яўрэяў, якія ўцяклі з гета (яго арганізавалі пад Навагрудкам чацвёра братоў Бельскіх. Іх намаганнямі былі выратаваны больш за 1200 яўрэяў). Фільм здымалі ў Літве, хаця дзеянне павінна адбывацца ў Налібоцкай пушчы. Адну з галоўных роляў сыграў Дэніэл Крэйг, вядомы па ролі Джэймса Бонда, з-за чаго, часткова, фільм атрымаў сваю дозу крытыкі — маўляў, занадта ўжо аднатыпныя персанажы ў акцёра атрымліваюцца.

vi8o86sih7vdpmlzpdxa3xk1r0cgb2y7.jpg

Некаторыя адзначалі залішнюю схільнасць аўтараў да падзелу на «дрэнных» і «добрых», а таксама папракалі ў недастатковым разуменні матэрыялу. Ну і за такія ўжо амаль традыцыйныя рэчы, як неадпаведнасць касцюмаў і бытавых дробязяў таго часу, фільм таксама атрымаў непахвальныя водгукі. Пагадзіцеся, складана ўявіць беларускага хлопца, які партызаніў у лясах падчас Другой сусветнай, апранутага ў скуранку на маланцы і з шыйнай хусткай.