10 фільмаў з летнім настроем

27.07.2024 Кіно

У гэтым годзе лета выдалася анамальна гарачым. Для тых, хто праводзіць яго ў горадзе, але марыць аб падарожжах і летніх прыгодах, мы сабралі падборку фільмаў для натхнення — ад класікі кінематографа да сучасных роўд-муві.


«У дзікіх умовах» (Into the Wild)

Рэжысёр: Шон Пэн
Год: 2007
Жанр: драма, прыгоды, біяграфія

1-in-to-the-wild.jpg

Крыстафер паходзіць з заможнай сям’і: ён вучыцца ў прэстыжным універсітэце, а на выпускны яму дораць дарагое аўто — здавалася б, што яшчэ трэба 22-гадоваму юнаку? Бацькі чакаюць ад яго імкнення да поспеху і амерыканскай мары. Але Крыс выбірае іншы шлях: грошы, падораныя бацькамі, ён аддае на дабрачыннасць, кідае машыну і адпраўляецца падарожнічаць па Амерыцы аўтаспынам. На шляху яму сустракаюцца розныя людзі — простыя рабацягі, немаладыя хіпі і самотныя падлеткі. Але Крыс ні з кім не затрымліваецца надоўга — яго вабяць бязлюдныя дарогі і дзікія пейзажы.

У аснову фільма легла рэальная гісторыя амерыканца Крыстафера Маккэндлеса, які вырашыў адмовіцца ад выгод цывілізацыі і абраў шлях пустэльніка.

«Каралеўства поўнага месяца» (Moonrise Kingdom)

Рэжысёр: Уэс Андэрсан
Год: 2012
Жанр: камедыя, драма, прыгоды

2 kingdom.jpg

Лета ў фільме Уэса Андэрсана па-сапраўднаму спякотнае і яркае. Працы рэжысёра праславіліся аўтарскім почыркам, і «Каралеўства поўнага месяца» — не выключэнне.

Фільм, зняты ў рэтрастылі, адсылае гледачоў у 1960-я гады. Падлетак Сэм збягае са скаўцкага лагера і знаёміцца са Сьюзэн. У абоіх няпросты лёс: хлопец-сірата, якога недалюбліваюць аднагодкі, а дзяўчынка адчувае сябе адзінокай і непатрэбнай роднай сям’і. І пакуль устрывожаныя дарослыя арганізоўваюць пошукі, а сышчыкі расследуюць знікненне дзяцей, Сэм і Сьюзэн жывуць адным момантам.

«Забрыскі Пойнт» (Zabriskie Point)

Рэжысёр: Мікеланджэла Антаніёні
Год: 1970
Жанр: драма

3 zabrijski point.jpg

Фільм класіка кінематографа Мікеланджэла Антаніёні натхнёны студэнцкімі хваляваннямі 1970-х гадоў.

У адным з амерыканскіх універсітэтаў наспявае страйк — маладыя людзі не згодныя з парушэннем іх правоў. Марк аказваецца ў радыкальнай групе. Уцякаючы ад пераследу, ён зганяе лёгкаматорны самалёт і аказваецца ў пустыні. Так ён сустракае Дарʼю, дзяўчыну-хіпі, якая згаджаецца падвезці яго. Марк хутка знаходзіць агульную мову з Дарʼяй — яны абое пратэстуюць супраць старога свету і імкнуцца да свабоды.

«Праект Фларыда» (The Florida Project)

Рэжысёр: Шон Бэйкер
Год: 2017
Жанр: драма

4 thefloridaproject.jpg

Хэйлі разам з дачкой Муні жыве ў матэлі ў бедным раёне Фларыды. Хэйлі не мае сталай працы, паліць прама ў нумары і перыядычна затрымлівае арэндную плату, з-за чаго яе перыядычна хочуць выселіць. Пакуль мама разбіраецца з праблемамі, шасцігадовая Муні праводзіць час з хлопчыкамі-хуліганамі, лазіць па закінутых будынках і робіць гадасці суседзям.

Нягледзячы на змрочны сацыяльны кантэкст, аўтару фільма ўдалося паказаць дзяцінства з яго лепшага боку. Муні, якая вырасла сярод аднагодкаў з такіх жа малазабяспечаных і праблемных семʼяў, пакуль не разумее цяжкасцяў дарослых і радуецца кожнаму новаму дню, напоўненаму прыгодамі.

«На дарозе» (On the Road)

Рэжысёр: Уолтар Салес
Год: 2012
Жанр: драма, прыгоды

5 on the road.jpg

Фільм, зняты па аднайменнай аповесці Джэка Керуака, распавядае пра жыццё амерыканскага пісьменніка з Нью-Ёрка — Сэла Парадайза.

Сэл шукае натхнення, і лёс зводзіць яго з Дзінам, які нядаўна выйшаў з турмы і імкнецца жыць на поўную катушку. У Дзіна ёсць маладая жонка — 16-гадовая Марыла. Пара прапануе Сэлу адправіцца з імі ў падарожжа. Так пачынаецца новая старонка ў жыцці мужчыны, якую ён называе «ў дарозе».

Фільм адлюстроўвае пасляваенныя гады ў ЗША, калі, з аднаго боку, на краіну ціснулі пурытанскія настроі, а з другога — зʼявілася культура бітнікаў, якая адмаўляе традыцыйныя амерыканскія каштоўнасці.

«Бестурботны яздок» (Easy Rider)

Рэжысёр: Дэніс Хопер
Год: 1969
Жанр: драма, роўд-муві

6 easy rider.jpg

Культавы для пакалення 1970-х фільм распавядае гісторыю двух байкераў Уайата і Білі. Хлопцы ў пошуках лёгкага заробку згаджаюцца на крымінальную здзелку — ім трэба адвезці наркотыкі ў Мексіку. Сябры адпраўляюцца ў дарогу праз дарожныя закусачныя, матэлі і непрыязных жыхароў маленькіх гарадоў.

Фільм распавядае пра эпоху расколу ў грамадстве і сутыкненне кансерватыўнага пакалення з моладдзю.

«Любоўны настрой» (In the Mood for Love)

Рэжысёр: Вонг Карвай
Год: 2000
Жанр: драма

mood-of-love.jpg

Гісторыя, напоўненая летняй меланхоліяй і ганконгскімі ліўнямі, распавядае пра Чоу Мо Ван і Су Лі, якія жывуць у суседніх кватэрах. Абое яны знаходзяцца ў шлюбе, але адчуваюць сябе самотнымі. Муж Су пастаянна зʼязджае ў камандзіроўкі, і яна пачынае падазраваць, што ў яго ёсць палюбоўніца. У падобнай сітуацыі знаходзіцца і Чоу.

Самотныя і разгубленыя, яны пачынаюць сябраваць. Неўзабаве паміж героямі ўзнікаюць пачуцці, якія Чоу і Су, даўшы абяцанне вернасці сваім выбраннікам, спрабуюць стрымліваць.

«Зямля качэўнікаў» (Nomadland)

Рэжысёр: Хлоя Чжао
Год: 2020
Жанр: драма

8 normadland.jpg

Гісторыя Ферн пачынаецца ў студзені ў Невадзе: завод, дзе працавала жанчына, закрываюць, і гераіня вымушана зʼехаць са штата. Ферн пераязджае з горада ў горад, перабіваецца сезоннымі падпрацоўкамі і сустракае розных людзей, якія таксама вандруюць па Амерыцы ў сваіх фургонах.

Фільм распавядае пра рэальнасць сучаснага свету, дзе качэўнікі — гэта не маладыя хіпі, а людзі сярэдніх гадоў, якія не могуць знайсці сабе месца ў звычайным жыцці.

«Лета з Монікай» (Sommaren med Monika)

Рэжысёр: Інгмар Бергман
Год: 1953
Жанр: драма

10-SUMMER-WITH-MONIKA.jpg

Фільм у духу неарэалізму пра двух закаханых. Моніка працуе на фруктовым складзе, дзе знаёміцца з грузчыкам Хары. У дзяўчыны складаныя адносіны ў сямʼі, яе бацька шмат пʼе, і яна марыць збегчы далей ад дома.

Спачатку Моніцы здаецца, што з мілым рай у «шалашы», але неўзабаве бадзяжніцтва і бедная жыццё пачынаюць яе напружваць.

«Сонцастаянне» (Midsommar)

Рэжысёр: Ары Астэр
Год: 2019
Жанр: хорар

9-missummer.jpg

Хорар пра кампанію сяброў, якія вырашаюць адправіцца ў шведскую камуну на свята сонцастаяння. Галоўная гераіня Дэні пакутуе на моцную псіхалагічную траўму пасля таго, як яе родная сятра забівае бацькоў і здзяйсняе самазабойства. Сябры, спрабуючы выцягнуць Дэні з дэпрэсіі, прапануюць адправіцца ў падарожжа.

На першы погляд усё здаецца вельмі прыязным: іх ветліва сустракаюць жыхары камуны — усё выглядае бяскрыўдна. Але неўзабаве пачынаюць адбывацца дзіўныя падзеі.

Марта Радушкевіч, Budzma.org

Чытайце яшчэ:

Дзе беларусы могуць глядзець кіно і серыялы — гайд па стрымінгах