У чэрвені пачаўся сезон прэм’ер летніх серыяльных блакбастараў. Гледачоў чакаюць працягі запатрабаваных шоу «Дом цмока», «Уладар пярсцёнкаў», сатыры на супергероіку «Пацаны», новы спін-оф «Зорных войнаў» — серыял «Акаліт», піша Тарас Тарналіцкі на «Еўрарадыё».
Глядзець ёсць што. Пытанне толькі, ці можна гэта легальна рабіць з Беларусі. Ды яшчэ б і з якасным перакладам ці хаця б з субтытрамі...
Бітва легальных анлайн-платформ / @rubanau_collage
Расказваем, якія стрымінгавыя сэрвісы яшчэ працуюць у Беларусі і што там можна паглядзець.
Apple vs Netflix
Disney+, SkyShowtime, Paramount+, Max, Prime Video, Hulu, Peacock TV альбо так і не прыйшлі ў наш рэгіён, альбо абмежавалі сваю працу пасля пачатку поўнамаштабнай вайны. Але імі таксама магчыма скарыстацца, калі ў вас ёсць VPN і рахунак у замежным банку.
З усіх заходніх стрымінгаў у Беларусі на гэты момант афіцыйна працуюць толькі два — амерыканскія Apple TV+ і Netflix.
Асаблівасць Apple TV+ ва ўнікальным кантэнце, які ствараецца выключна для сэрвісу і не прадаецца канкурэнтам. Тут ёсць палітычны серыял «Ранішняе шоу», фантастычны трылер «Цёмная матэрыя» і шмат што яшчэ. Найбольш запатрабаваны кантэнт мае прафесійную агучку на рускую мову, усё астатняе ідзе з рускімі субтытрамі.
Каштуе месячная падпіска Apple TV+ 9,99 долараў (7 дзён бясплатна). Таксама пры набыцці новага гаджэта кампанія дае 1 год бясплатнага доступу.
У адрозненне ад Apple TV+, у Netflix нашмат шырэйшая база кантэнту з усяго свету, сярод якога можна знайсці шмат вядомых серыялаў, фільмаў і мультфільмаў. Напрыклад, нядаўна выйшаў фантастычны баявік «Атлас» з Джэніфер Лопес. Хутка чакаецца новы сезон фэнтэзі «Вядзьмар».
На платформе кантэнт суправаджаюць субтытры на рускай мове, а нядаўна там аднавілі рускамоўны дубляж — гэтым займаецца кампанія Videofilm International, зарэгістраваная ў Ізраілі. Магчыма, некалі там з’явяцца і беларускія субтытры — у карыстальнікаў сэрвісу ёсць магчымасць на гэта паўплываць зваротамі ў тэхпадтрымку. Падпіска на Netflix трохі даражэйшая, чым на Apple TV+. Базавая каштуе 7 еўра, стандартная — 10 еўра, прэміум — 12 еўра.
«Кинопоиск»
Ва ўсходніх суседзяў таксама хапае анлайн-кінатэатраў, сярод якіх самым уплывовым і разнастайным па кантэнтнай базе застаецца «Кинопоиск», што сёння належыць карпарацыі «Яндэкс». Ён дае доступ да 6 тысяч фільмаў і 2 тысяч серыялаў з усяго свету. Таксама «Кинопоиск» займае траціну расійскага рынку анлайн-кінатэатраў, сур’ёзна абганяючы там астатніх канкурэнтаў.
Пры гэтым у платформы ёсць свае праблемы. Адна з іх — паступова знікае заходні кантэнт. Колькасць замежных серыялаў і фільмаў адчувальна скарачаецца праз неаднаўленне дамоваў з заходнімі праваўладальнікамі. А частку кантэнту выдалілі самі ўладальнікі платформы, кіруючыся законам пра «ЛГБТ-прапаганду».
Каштуе падпіска на «Кинопоиск» 12 рублёў за месяц (у новых карыстальнікаў ёсць тры месяцы на бясплатны прагляд).
Voka і Vodblisk
Сярод выключна беларускіх анлайн-кінатэатраў варта згадаць Voka — сэрвіс кампаніі А1. У яго фільматэку ўваходзіць як заходні кантэнт, так і стужкі ад расійскіх платформаў і дыстрыб’ютараў: Start, more.tv, «Амедиатека», Ivi, Premier і г.д. Ёсць мульцікі і фільмы, перакладзеныя на беларускую мову. Штомесячная падпіска каштуе 14,9 рубля (першыя два тыдні — бясплатныя).
У якасці альтэрнатывы варта згадаць кінатэатр беларускага кіно Vodblisk, які робіць каманда кінафестывалю «Паўночнае ззянне». Там можна паглядзець некалькі дзясяткаў дакументальных і ігравых фільмаў не залежных ад дзяржаўнага фінансавання аўтараў. Фільматэка невялікая, але можна знайсці цікавыя працы (мы рабілі аж дзве падборкі: ігравая і дакументальная). Для карыстальнікаў з тэрыторыі Беларусі сэрвіс цалкам бясплатны, для ўсіх астатніх — 5 долараў за месяц карыстання.