10 млн даляраў накіруюць на рэстаўрацыю інтэр’ераў унікальнага касцёла ў Нясвіжы

Пра пачатак рэстаўрацыі інтэр’ераў касцёла Божага Цела ў Нясвіжы даведаўся Katolik.life — цяпер заканчваецца працэдура выбару падрадчыка для 4-й чаргі рэканструкцыі гэтага каталіцкага храма.

Kasciol u Niasvižy

Касцёл у Нясвіжы 1593 года пабудовы з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Гэта адзіны рэлігійны аб’ект Беларусі, які знаходзіцца ў спісе Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Храм вядомы як другі ў свеце і першы ва Усходняй Еўропе касцёл у стылі ранняга барока.

Да гэтага на працягу 13 гадоў праводзілася рэстаўрацыя фасадаў храма, якая завяршылася ў 2023 годзе. У красавіку 2025 года пачнуцца падрыхтоўчыя работы па рэстаўрацыі інтэр’ераў. Што менавіта зробяць, у колькі абыдуцца працы і як доўга яны працягнуцца, ці закрыюць касцёл для парафіі і турыстаў — прыводзім самае галоўнае з дакументацыі абвешчанага тэндэру.

Kasciol u Niasvižy

У апошні раз храм рэканструявалі ў пачатку-сярэдзіне XVIII стагоддзя, гаворыцца ў абгрунтаванні праектных рашэнняў «Белрэстаўрацыі». Касцёл унутры і звонку быў нанова атынкаваны і багата распісаны, з’явіліся новыя алтары. З тых часоў інтэр’еры атрымалі мноства пашкоджанняў — фота, якія іх дэманструюць, прыводзяцца ў дакуменце «Белрэстаўрацыі».

Напрыклад, гэта страта малюнка фрэсак з-за замочвання скляпенняў, разбурэнне фрагментаў скульптур, шматгадовыя пыл і курава на барэльефах, аварыйны стан абразоў. Паглядзець дакумент з фотаздымкамі і падрабязным апісаннем інтэр’еру храма і яго стану можна тут.

Будаўнічым праектам прадугледжаны рэстаўрацыя жывапісу малельнай залы, бабінца, прэсбітэрыя, памяшкання правай сакрыстыі ва ўзроўні першага паверха, хораў, сцен лесвіцы правай сакрыстыі ва ўзроўні другога паверха, рэстаўрацыя алтароў, амбона, аднаўленне люстраў, спавядальні, лавак і іншыя працы. Адзначаецца, што гэты праект з’яўляецца толькі пачатковым этапам навуковай рэстаўрацыі інтэр’ераў.

Агульная працягласць работ складзе 66 месяцаў — пяць з паловай гадоў. Работы плануецца пачаць ужо ў красавіку 2025 года, яны працягнуцца да канца 2030 года. Мяркуючы па фота турыстаў, падрыхтоўчыя працы ўжо пачаліся — паміж калонамі храма заўважаны будаўнічыя лясы.

Kasciol u Niasvižy

На рэстаўрацыю будзе выдзелена амаль 34 млн рублёў — гэта больш за 10 млн даляраў па цяперашнім курсе. Ліміт фінансавання на 2025 год складае 1 млн 330 тыс. рублёў.

Нягледзячы на маштабныя працы, храм не плануецца цалкам закрываць для парафіі — а толькі для турыстаў.

«На перыяд выканання работ па рэстаўрацыі інтэр’ераў для забеспячэння бяспекі будынак касцёла эксплуатавацца не будзе. У непрацоўны час дапускаецца выкарыстанне храма ў богаслужбовых мэтах. Таксама ў асобныя ўзгодненыя перыяды будзе планавацца эксплуатацыя храма для правядзення набажэнстваў», — гаворыцца ў будаўнічым праекце.