У гэтым артыкуле сабралі 10 рэлізаў, што выйшлі ў кастрычніку і якія, на наш суб’ектыўны погляд, могуць пазмагацца не толькі за месца ў вашым плэйлісце, а яшчэ і трапіць у самае сэрца. А таксама дададуць крыху фарбаў у восеньскія шэрасць і маркоту.
«Няміга» — «Вольная»
Адкрывае нашу падборку фолкавая, гітарная балада пра сапраўдную жаночую моц. Пры ўсёй простасці інструменталу ён гарманічна яднаецца з тэмбрам вакалісткі, ствараючы магію ва ўсіх сваіх амаль чатырох хвілінах гучання. У моманты пройгрышаў адчуваецца нейкі асаблівы вайб «Песняроў», і гэта не можа не крануць да самай глыбіні душы.
5051 — «Вечарына, па якой мы сумавалі»
Ад пяшчотнасці папярэдняга трэку імгненна перамяшчаемся на тусоўку з гуртом 5051 у стылі панк-рок. І гэта сапраўды тая вечарына, па якой мы сумавалі: шчыльная гітарная партыя, чоткая ўдарка, напоўнены юнацкім максімалізмам і настальгіяй тэкст разам з морам энергіі. Гучанне нагадвае гурт The Offspring ці наш гурт Amaroka ў яго лепшыя часы.
Znich — Čur Viedźma Čur
Якая ж восень без песні метал-гурта, створанай па матывах міфалогіі? Правільна, ніякай. Ведзьмы павыпаўзалі са сваіх балотаў, калі пачулі гэты трэк, а лесавікі і вадзянікі схаваліся як мага глыбей. Гэта мог бы быць ідэальна-жудасны гімн самага змрочнага свята восені, альбо канкрэтнай крывавай месы. Як, дзе і калі слухаць гэты сінгл — вырашаць толькі вам.
Дзіма Нікановіч — «Унісонная з ветрам»
Музычны стыль Дзімы Нікановіча — заўсёды цікавы, калі глядзець на яго ў разрэзе беларускай музыкі. Чаго не адняць, дык гэта мяккай рамантычнасці ў яго трэках. Сінгл «Унісонная з ветрам» — гэта прыджазаваная гісторыя, прысвечаная каханай, з ноткамі Christmas style. Хоць да Новага года і Калядаў яшчэ далёка, але гэта кампазіцыя дакладна ідзе з задзелам на будучыню.
Sw@da, Niczos — Uzory Vyšyvat’
Ідэальны трэк для рэйва — які ён? Прыкладна такі, які ў кастрычніку выпусціў падляскі дуэт Sw@da i Niczos. Складана падлічыць колькасць жанраў і паджанраў, якія за адну кампазіцыю музыкі паспяваюць заміксаваць, але галоўнае — падляскі дыялект, які жыве ў іх песнях і, гледзячы па праслухоўваннях на ўсіх лічбавых пляцоўках, карыстаецца попытам.
Ніка Юрчук (Нічос) так пракаментавала новы рэліз:
«Наш новы трэк — пра тое, што кожны з нас вышывае ўзоры на сваім жыцці. Вышывалі нашыя бабулі, вышываем зараз мы на свой лад. Да песні мы знялі кліп у старой хаце, інтэр’ер якой быў шчодра аздоблены традыцыйнай вышыўкай. Гэта цэлы космаc. Сэнсы ўзораў уступаюць у нейкае магічнае ўзаемадзеянне з прасторай хаты і нашай музыкай. Гэта натхніла нас на творчы пошук сучасных „узораў“, якія „вышывае“ маё пакаленне на сваім целе, рэчах, на сваім жыцці».
Trava — Miadźviedź
Квадроберскія трэнды ўпэўнена крочаць па свеце, не абмінаючы і беларускую музыку. Ладна, гэта ўсё жарты. А вось песня Miadźviedź ад дуэта Trava натуральна пра блуканні па лесе і мядзведзяў. Праўда, крыху ў метафарычным плане, дзе гаворка ідзе пра змаганне з унутранымі жахамі і іх наступствамі, а класнае электроннае гучанне дадае этнатрэку толькі яшчэ больш містычнасці і глыбіні.
Kriwi — DaDomu
Матывы народных спеваў у сучаснай апрацоўцы амаль заўсёды гучаць файна. І трохгалоссе калектыву Kriwi ў іх новай песні гэта яшчэ раз падкрэслівае. Тэматыка вяртання дадому тут пераплялася з фальклорам, змешваючы ўсё гэта з цёплым гітарным інструменталам.
«Правяду русалачку да бору, а сама малада вярнусь дадому... Прысвячаем гэтую песню ўсім, хто, як і мы, мараць вярнуцца дадому з выгнання», — напісаў гурт на сваёй старонцы ў Інстаграмe.
Спадзяемся, што вяртанне дадому хутка будзе не толькі ў песнях, але і ў рэальнасці.
Intelligency — THE IDEALS
Новы альбом гурта змяшчае ў сабе 16 кампазіцый, кожная з якіх можа стаць як трэкам да фільму, так і вашым асабістым спадарожнікам у паўсядзённай руціне, крыху дадаючы фарбаў у гэту шэрую восень.
У дадатак гурт зрабіў відэа з прагулкай па Мінску пад музыку альбома, паглядзеўшы якое, мінчукі змогуць пабачыць знаёмыя да болю мясціны роднага горада.
«Пятля Прыхільнасці» — «Суперпазіцыя»
Гэта першы цалкам беларускамоўны альбом гурта, які атрымаў у сацсетках шмат розных водгукаў, як пазітыўных, так і не вельмі. Нехта лаяў яго за сырасць і недасканаласць, хтосьці, наадварот, асыпаў кампліментамі за такога кшталту гук і лічыў найбольш поўным раскрыццё агульнай панк-тэматыкі. Ёсць у ім лірычныя трэкі, як, напрыклад, «Алоха» ці перапрацаваны ва ўгоду мяккаму гучанню, ужо знаёмы трэк «Жах». Аднак складана схаваць факт, што ўсё ж такі слухаецца альбом маруднавата, а агульная кампазіцыйная карціна выглядае зробленай наспех.
«Барысаўскі Тракт» — «Город и Любовь»
Асцярожна, вінтажная эстэтыка гэтага дэбютнага індзі-альбому можа быць заразнай. Іншыя мінусы тут адшукаць складана. Выдатны мікс жаночага і мужчынскага вакалу, лёгкія інструменталы з элементамі летуценнасці і сапраўдны вайб маладосці — гэта ўсё можна адшукаць тут, у альбоме гурта «Барысаўскі Тракт». З дзясятак гісторый, якія нібыта распавядаюць вам вашыя сябры на ўтульнай кухні.