Лявон Вольскі распрацаваў уласную кваліфікацыю беларускіх эмігрантаў. У ёй ажно 10 розных тыпаў. Вядома, класіфікацыя вельмі ўмоўная і нават месцамі жартаўліва-іранічная (куды ж без іроніі ў наш няпросты час), але створана на падставе рэальных прыкладаў і жыццёвага досведу Лявона Вольскага.
Лявон Вольскі
Вось, назьбіраў для вас некалькі тыпаў беларускіх эмігрантаў. Можа, пазнаеце кагосьці?
Пасьля ад’езду зь Беларусі зьмяніў ужо сем краінаў. Паўсюль нешта не падабаецца, не задавальняе. Там кепска з мэдыцынай, тут мала зарабляюць. А яшчэ недзе было нядобра з інтэрнэтам. А ў іншай краіне — занадта дарагое жытло. Валацуга жыве на валізках, у кожнай краіне кантактуе па-ангельску, злуецца, што дзе-нідзе ягоную ангельскую не разумеюць. Увесь час імкнецца знайсьці сваю краіну мары — гэткае Эльдарада, дзе ўсё танна, але шмат зарабляюць, імклівы і недарагі інтэрнэт, супэрскія і танныя кавярні ды рэстарацыі, дазвол на жыхарства робіцца за лічаныя гадзіны, і зьняць палову дому можна за 500€.
Пакуль што Эльдарада не знаходзіцца. Часьцяком, не знайшоўшы яго, Валацуга вяртаецца ў РБ.
Рэгулярна матляецца ў РБ, у «зону». Прыехаў на Захад па гуманітарнай візе. Атрымаў дазвол на жыхарства. Стала жыве і працуе за мяжой. З розных нагодаў стабільна раз на месяц едзе на радзіму. Цяпер гэта няпроста, улічваючы тое, што ягонае прозьвішча можа быць у сьпісах. Таму ён едзе праз Расею — Калінінград ці то Пскоў. Ён спадзяецца, што, калі і фігуруе ў беларускіх памежных сьпісах, дык да расейцаў яны яшчэ не дайшлі. Ён правярае сваё прозьвішча па дадзеных, якія публікуе расейская «Медуза». Яго ў сьпісах няма, значыцца, чарговым разам можна ехаць, бо трэба ж аформіць даверанасьць на кватэру. Праз год карта побыту сканчаецца, і трэба падавацца на міжнародную абарону. Сталкер цікавіцца ў сетках: ці езьдзіць хтосьці ў РБ маючы статус уцекача?
Высьвятляецца, што такія, як і ён, сталкеры, рэгулярна курсуюць туды-сюды пры наяўнасьці міжнароднае абароны. Значыцца — нічога страшнага! — можна працягваць гэтую практыку.
Гэты тып абудзіўся ў 2020-м на хвалі народнага забурэньня. Дагэтуль ён не заўважаў крывадушнасьці і несправядлівасьці ладу ў РБ, працаваў на дзьвюх працах, зарабляў, плаціў падаткі. Беларускія апазыцыйныя дзеячы падаваліся яму бажаволкамі, нейкімі непрытомнымі пэрсанажамі. Беларуская мова выклікала адно пагардлівую ўсьмешку. Маўляў, калгас. Але ў 2020-м актыўна ўключыўся ў пратэст, разьвешваў стужачкі, крычэў «Жыве Беларусь!». Быў арыштаваны і зьбіты. Прысудзілі хімію, уцёк за мяжу.
Лічыць усіх, хто зьехаў туды раней за яго, да 20-га, «эканамічнымі эмігрантамі», тымі, хто пацягнуўся за добрымі заробкамі і грантамі. Не разумее, што шмат хто і да 20-х зьяжджаў ад перасьледу, ад турмы, бо яму здаецца, што тады не магло быць ніякага палітычнага ціску і цкаваньня. Ня ходзіць на беларускія імпрэзы, бо лічыць усіх, хто там зьбіраецца, прыкарытнікамі і бізнэсоўцамі ад так званай апазыцыі.

Тыпы эмігрантаў. Малюнак Лявона Вольскага
Чакае, калі ў РБ ўсё зьменіцца, і можна будзе вярнуцца. Успрымае свой побыт за мяжой як нешта часовае. Гады мінаюць, а ён з зайздроснай трываласьцю чакае хуткіх зьменаў. Наведвае беларускія імпрэзы, актыўнічае. Ня мае сталае працы, дасканала не валодае мяйсцовай моваю, бо ня хоча «ўрастаць» у замежную зямлю. Заўжды напагатове сарвацца і рвануць у Беларусь.
Тып, адваротны папярэдняму. Зразумеў, што ўсё гэта надоўга, вывучыў мову, знайшоў добрую працу, уладкаваў дзяцей у мяйсцовую навучальную ўстанову, атрымаў мяйсцовы пашпарт. Зь дзецьмі размаўляе на мове краіны, у якой жыве. Пачуваецца ўжо болей палякам (немцам, амэрыканцам), чымсьці беларусам. У РБ вяртацца не зьбіраецца. На беларускія канцэрты дв івэнты ня ходзіць, каб не пераймацца і не прыгадваць сваё колішняе жыцьцё. Намагаецца на яго забыцца.
Усё сваё цяперашняе эмігранцкае жыцьцё, увесь вольны час ён прысьвячае барацьбе з Офісам Сьвятланы Ціханоўскай. Ён піша безьліч усялякіх рэакцыяў на пасты ў інтэрнэце, дзе выкрывае Офіс у бязьдзейнасьці і марнаваньні грошай. Наогул, ва ўсіх бедах Змагара вінаваты Офіс. Цяжкасьці зь легалізацыяй, высокая арэнда жытла, праблемы з працаўладкаваньнем — Офіс мог бы ўсім гэтым непасрэдна заняцца, а ён толькі лётае па сьвеце і марнуе народныя (і ягоныя, Змагаровы) грошы.
Ён усё ведае. У 2020-м прамаскоўскія кандыдаты-агенты разыгралі крамлёўскі сцэнар, вывелі народ на вуліцы і лоб у лоб сутыкнулі з праваахоўнікамі. Вынік гэтага — Беларусь апынулася ў цесных абдымках Расеі, і ўсё гэта было падрыхтоўкай да вайны з Украінай. Цяпер, як ні круці, Лукашэнка выступае адзіным гарантам беларускай незалежнасьці, бо, каб быў ня ён, а які Бабарыка, нашыя хлопчыкі даўно б ляжалі ў акопах пад Харкавам. На пытаньне, чаму ён так думае, Кансьпіроляг адказвае безапэляцыйным: «Дык гэтага толькі дурань не разумее!», намякаючы на твае абмежаваныя разумовыя здольнасьці.
Ён ненавідзіць краіну, у якой выпала жыць. І мова тут ідыёцкая (ён дэманструе гэта, парадуючы мяйсцовае маўленьне), і народ тутэйшы — натоўп алькаголікаў-дэгенэратаў. Мэдыцына кашмарная, прадукты — немагчыма есьці, урад — карумпаваны й некампэтэнтны, мяйсцовая музыка — лепей затыкнуць вушы. На пытаньне, чаму ён не вяртаецца дадому з гэтае невыноснае краіны, Хэйтар адказвае: «Я якраз зьбіраюся вяртацца. Хутка паеду». Але мінаюць гады, а ён усё не вяртаецца. Сядзіць за мяжой і ўсё там праклінае.
Сьвядома не наведвае ніякія беларускія імпрэзы. Бо на радзіме мама (брат, цётка, стрыечная сястра), раптам яго на івэнце нехта сфоткае, а там патрапіць у кадр сьцяг ці то Пагоня, ці нехта з экстрэмістаў! Не, лепей ён пасядзіць дома, трэба быць максымальна асьцярожным! На ўсякі выпадак.
Колькі ўжо гадоў у эміграцыі, а звычкі ўсё ты я ж — слухаць Бутусава і «Чайф», чытаць Дастаеўскага, цытаваць Пушкіна і савецкія фільмы, хадзіць на канцэрты расейскіх зорак, купляць у эмігранцкіх крамах згушчонку і печыва «К чаю», сьвяткаваць Новы год паводле новае традыцыі, Раство — паводле старой, глядзець «Іронію лёсу», гатаваць «аліўе», гучна размаўляць па-расейску, настальгаваць на кухні, выпіўшы пару кілішкаў.
Сустракаюцца яшчэ мяшаныя тыпы — Змагар з Офісам+Кансьпіроляг ці то Хэйтар+Русабел. Можа, вы дадасьцё пару тыпаў у гэты далёка ня поўны сьпіс?
Лявон Вольскі, Budzma.org
*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org