Лявон Вольскі: «Паніку сярод насельніцтва прадухілялі цаною здароўя гэтага насельніцтва»

«За савецкім часам, шмат хто гаворыць, было багата ўсяго — і добрага, і дрэннага. Дык што можна лічыць бясспрэчным сымбалем СССР, ягоным увасабленьнем? Вайну, якую ідэолягі нараклі Вялікай Айчыннай? Пасьляваенную адбудову? Рэпрэсіі? Татальны дэфіцыт? Палёты ў космас? Для мяне ўвасабленьнем таго саюзу зьяўляецца Чарнобыль». У аўтарскай рубрыцы «Мама, не журыся!» на Budzma.org.Лявон Вольскі разважае пра прычыны і наступствы Чарнобыльскай катастрофы.

Liavon Voĺski

Паказальная рэакцыя савецкага кіраўніцтва на аварыю

Для мяне ўвасабленьнем таго саюзу зьяўляецца Чарнобыль. Аварыя, якая здарылася праз нядбайнае стаўленьне да працы пэрсаналу атамнае станцыі. Празь недастатковую абароненасьць на выпадак аварыі. Празь ігнараваньне сусьветных правілаў і нормаў. Маўляў, мы тут самі разумныя, і ня трэба да нас лезьці са сваімі парадамі!

Калі ўжо на такім патэнцыйна небясьпечным (амаль да апакаліптычнага маштабу) аб’екце ігнаравалі нормы бясьпекі, што казаць пра іншыя! Тады казалі: у нас усё кепска, апроч навукі, зьвязанае з абароннай прамысловасьцю. І, маўляў, з такімі сур’ёзнымі аб’ектамі, як атамная станцыя, таксама ўсё нармальна. Навукоўцы, тэхнікі, інжынэры — усе працуюць дакладна і адладжана. Высьветлілася, што не. Там тое самае, што й паўсюль!

Дзеля бадзёрага рапарту рызыкавалі жыцьцямі сотняў тысячаў людзей. Да пэўнага часу праскоквала неяк, але нарэшце здарыўся збой.

Паказальная і рэакцыя савецкага кіраўніцтва на аварыю. Спачатку хацелі ўсё схаваць, але катастрофа была такога маштабу, што гэта не ўдалося, бо падвысіўся радыяцыйны фон у Нямеччыне й Швэцыі.

Тады давялося са скрыпам, як яны любяць (я кажу «любяць», а не «любілі», бо, напрыклад, у РБ падыходы з таго часу зусім не зьмяніліся, засталіся наскрозь савецкія, і гэтыя «яны» наверсе — такой самай пароды, што былі тады), прызнаваць, што сапраўды ёсьць праблемы, але яны пасьпяхова вырашаюцца, хаця дапамога б не пашкодзіла, бо праблемы аказаліся сур’ёзьнейшыя, чым мы думалі, і вырашаюцца яны не зусім пасьпяхова…

Prypiać

Насустрач шчасьлівай камуністычнай будучыні пад радыеактыўным паветрам

Аварыя здарылася ў ноч на 26 красавіка, а 1 траўня людзей выгналі на сьвяточную дэманстрацыю, не папярэдзіўшы пра небясьпеку — несьці транспаранты «Мир, труд, май» і арганізавана крочыць насустрач шчасьлівай камуністычнай будучыні пад радыеактыўным паветрам. Пазьней гэтыя «яны» апраўдваліся, маўляў, трэба было прадухіліць паніку сярод насельніцтва.

Атрымліваецца, паніку сярод насельніцтва прадухілялі цаною здароўя гэтага насельніцтва.

Спачатку спрабавалі схаваць, а потым, калі ўбачылі, што гэта не атрымаецца, перайшлі да патэтычна-патрыятычнае партытуры: подзьвіг герояў-ліквідатараў, гераічная праца пажарнікаў ды жаўнераў…

Новая пагроза

Так, для мяне Чарнобыль — гэта ўвасабленьне Савецкага Саюзу.

Maliunak Liavona Voĺskaha

Чарнобыль — гэта ўвасабленьне Савецкага Саюзу. Малюнак Лявона Вольскага

Пачытайце пра Чарнобыльскую катастрофу, і вы знойдзеце ўсё, што трэба ведаць пра СССР — абыякавае стаўленьне да працы, ігнараваньне сусьветных нормаў тэхнікі бясьпекі, хлусьня і ўтойваньне праўды, гібель людзей, што не былі абазнаныя, на якую сьмяротную небясьпеку іх накіроўваюць, і цынічнае апяваньне вечнага «подзьвіга гераічнага савецкага народу», які (подзьвіг з ускладаньнямі жыцьцяў на савецкі алтар) ніколі б не спатрэбіўся, каб кожны сумленна рабіў сваю справу і атрымліваў за гэта адпаведныя грошы. Але пры савецкай мадэлі гэта немагчыма: адны плацяць мала, і, адпаведна, другія працуюць кепска.

І на гэтым можна было б скончыць тэкст, прымеркаваны да саракагадовага юбілею Чарнобыльскае катастрофы, аварыі на ЧАЭС імя Леніна, каб не адна акалічнасьць. Улады РБ вырашылі з дапамогаю братняе Расеі будаваць новую атамную электрастанцыю.

І пабудавалі.


Лявон Вольскі, Budzma.org

*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org

______________________________________________________________________

Калі вы працуеце ў Літве, вы можаце падтрымаць «Будзьма беларусамі!», пералічыўшы нам 1,2% ад сваіх падаткаў. Вам уласна гэта не будзе каштаваць анічога.

Вось як можна гэта зрабіць.