Лаўрэаткай прэстыжнай нямецкай літаратурнай прэміі Hilde-Domin-Preis у галіне літаратуры ў выгнанні 2026 года горада Гайдэльберг сёлета стала беларуская аўтарка Юля Цімафеева. Пра гэта паведаміў Альгерд Бахарэвіч на сваёй старонцы ў Фэйсбук.
Юля Цімафеева. Фота: Фота: facebook/alhierd.bacharevic
Прэмія, названая ў гонар вядомай паэткі Гільдэ Дамін (1909-2006), уручаецца раз на тры гады аўтару або аўтарцы, якія жывуць у Германіі і працуюць з тэмай экзылю. Заснаваў узнагароду славуты горад Гайдэльбэрг, дзе ўвосень і адбудзецца ўрачыстая цырымонія. Прэмія ўручаецца з 1992 году.
Журы асабліва адзначыла кнігу Юлі Цімафеевай «Кровазварот», а афіцыйная фармулёўка гучыць так:
«У сваёй творчасьці, асабліва ў паэтычным цыкле «Кровазварот» (Edition Fototapeta, 2025), беларуская паэтка і перакладчыца Юля Цімафеева выкарыстоўвае ўласны досьвед выгнаньня як адпраўную кропку для разважаньняў у тонка сплеценых вобразах пра перажываньні і ўспаміны пра дом, уцёкі, выгнаньне і «прыбыцьцё». Робячы гэта, яна вяртаецца да гісторыі крывавага 20-га стагодзьдзя — да Чарнобыля, а таксама да нацысцкіх лягераў прымусовай працы, празь якую прайшлі члены яе сям’і. Яе разважаньні, што ўвесь час абнаўляюцца, прасякнутыя лірычнай мовай, якая ставіць пад сумнеў як саму сябе, так і звыклыя ўяўленьні пра Эўропу: каму належыць памяць? Як можна выказаць міжпакаленчы досьвед выгнаньня? Што спараджае надзею?»
У журы прэміі сёлета ўвайшлі прафэсарка Дортэ Бішоф з Гамбурскага ўнівэрсытэта, літаратурны крытык і эсэіст Ёрг Датцаўэр, крытык, перакладчыца і журналістка Мары-Луізэ Кнот, прафэсар Керстын Шор з унівэрсытэта Віядрына і літаратурны крытык і журналістка Карнэлія Цэчэ.

Кніга Юлі Цімафеевай "Кровазварот" па-нямецку. Фота: facebook/alhierd.bacharevic
«Кровазварот» выйшаў па-беларуску ў выдавецтве «Янушкевіч» у 2025 годзе, а напрыканцы мінулага году з’явіўся і ў нямецкім перакладзе Ціны Вюншман берлінскім выдавецтве Edition Fototapeta (herzlichen Glückwunsch, Andreas Rostek!).
«Я верыў у гэтую кнігу з самага пачатку. І ўпэўнены, што гэта толькі пачатак яе доўгага шляху», — напісаў Альгерд Бахарэвіч.
Кнігу па-беларуску можна купіць на сайце выдавецтва «Gutenberg Publisher» і ў кнігарні «Кнігаўка».
Калі вы працуеце ў Літве, вы можаце падтрымаць «Будзьма беларусамі!», пералічыўшы нам 1,2% ад сваіх падаткаў. Вам уласна гэта не будзе каштаваць анічога.