100 % беларускай мовы

1kustava_niaklaeu_gledaczy_niasvirz_2

Літаратурныя сустрэчы з пісьменнікам Уладзімірам Някляевым і паэткай Валярынай Куставай прайшлі ў г. Нясвіжы Мінскай вобласці 19 жніўня.

Сустрэчы назбіралі поўныя залі і прайшлі на 100% на беларускай мове, што прыемна здзівіла паэтку.
Пра свае ўражанні апавядае В. Кустава: “Уразіла тое, што ўзрост гледачоў вагаўся ад 12 да 86 гадоў. Пытанні ад залі задаваліся выключна на беларускай мове. У бібліятэцы ў асноўным прысутнічалі настаўнікі беларускай мовы, моладзь і бібліятэкары. Усіх разам было каля 50 чалавек”.

5gledaczy1

На другім выступе, што адбыўся ў нясвіжскім Доме польскім Валярына нават праспявала пад гітару свае песні і песні на словы Уладзіміра Някляева. На гэтай сустрэчы размовы больш ішлі пра Польшу і беларуска-польскія стасункі, што актуальна для Дому польскага.

В. Кустава: “Цікавая рэч адбылася з Уладзімірам Някляевым. Ён апавядаў усё больш пра тэму Бога і Космасу, навошта прыйшоў чалавек на Зямлю, як знайсці сябе і зразумець. А маладыя слухачкі ўсё прасілі прачытаць пра каханне. Наогул, нягледзячы на тое, што мы з Уладзімірам з’яўляемся прадстаўнікамі розных пакаленняў, у нас вельмі гарманічна атрымліваецца выступаць, бо вельмі шмат аднолькавых зацікаўленасцяў, агульных тэм”.

4niakliaeu_vystup1

В. Кустава была вельмі захопленая гасціннасцю нясвіжцаў. “Гэта вельмі прыемныя людзі, якія не толькі прыйшлі на выступы, але і правялі шыкоўную экскурсію па горадзе, а таксама запрасілі яшчэ на дзве новыя сустрэчы, якія мы плануем правесці ўвосень”.

Літаратурныя сустрэчы прайшлі ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”

Тэгі: