11 фільмаў пра паэзію, паэтаў і паэтак

22.03.2024 Забавы Кіно

Bellit.info склаў спіс 11 кінастужак пра паэтак, паэтаў і паэзію. Калі вы пра нешта чуеце ўпершыню, то абавязкова захоўвайце ў закладках, а калі нам не ўдалося вас здзівіць, то проста няхай гэты дзень стане нагодай пераглядзець добры фільм.


dead-poets-society.png

1. «Таварыства мёртвых паэтаў» (Dead Poets Society)

Настаўнік-індывідуаліст Джон Кітынг вяртаецца ў 1959 годзе ў прэстыжную школу-інтэрнат для хлопчыкаў у Новай Англіі, дзе ён калісьці быў зорным вучнем. Ён выкарыстоўвае паэзію, каб падштурхнуць сваіх вучняў да новых вышынь і самавыяўлення. Фільм пра сяброўства, маладосць, памкненні і важнасць узаемаразумення дзяцей і бацькоў. Класіка фільмаў пра паэзію.

le-couleur-de-grenade.jpeg

2. «Колер граната» (Նռան գույնը — «Цвет граната»)

Паэтычная кінапрытча Сяргея Параджанава пра армянскага паэта і містыфікатара Саят-Нове, знятая ў 1968 годзе на кінастудыі «Арменфільм».

У фільме адзінай сюжэтнай лініяй паказаны духоўны свет паэта, гісторыя яго кахання, стаўленне паэта да рэлігіі, свецкай улады, народу. Пры адсутнасці звычайнага літаратурнага маналогу ўсе рашэнні аўтара фільма ляжаць у чыста выяўленчай сферы.

Total-Eclipse.jpg

3. «Поўнае зацменне» (Total Eclipse)

Гістарычны драматычны фільм з элементамі эротыкі 1995 года рэжысёркі Агнешкі Холанд.

Стужка ўяўляе сабой гістарычна дакладную справаздачу аб адносінах паміж французскімі паэтамі 19 стагоддзя Артурам Рэмбо і Полем Верленам. Фільм створаны на аснове лістоў і вершаў паэтаў. Рэмбо, дарэчы, сыграў Леанарда Ды Капрыа.

Bright-Star.jpg

4. «Яркая зорка» (Bright Star)

Біяграфічная рамантычная драма 2009 года, заснаваная на звестках пра апошнія тры гады жыцця англійскага паэта Джона Кітса (яго грае Бэн Уішоў) і ягоных рамантычных адносінах з Фані Брон (Эбі Корніш).

Назва фільма з’яўляецца спасылкай на санет Кітса, які ён напісаў, калі быў са сваёй каханай.

Sylvia.jpg

5. «Сільвія» (Sylvia)

Брытанская біяграфічная драма 2003 года рэжысёра з Гвінет Пэлтроў і Дэніэлам Крэйгам у галоўных ролях. У фільме распавядаецца гісторыя, заснаваная на рэальным рамане паміж выбітнымі амерыканскімі паэтамі Сільвіяй Плат і Тэдам Х’юзам. Фільм пачынаецца з іх сустрэчы ў Кембрыджы ў 1956 годзе, а чым заканчваецца — мы не будзем спойлерыць.

Neruda.jpg

6. «Нэруда» (Neruda)

Біяграфічны драматычны фільм пра чылійскага паэта, лаўрэата Нобелеўскай прэміі па літаратуры 1971 года Пабла Нэруду.

Змешваючы гісторыю і мастацкую літаратуру, фільм паказвае драматычныя падзеі падаўлення камуністаў у Чылі ў 1948 годзе і тое, як паэту (і дыпламату) прыйшлося выходзіць са складаных жыццёвых сітуацый.

Louder-than-a-bomb.jpg

7. «Гучней за бомбу» (Louder than a bomb)

Фільм распавядае пра лёсы чатырох школьных паэтычных каманд Чыкага, якія рыхтуюцца да найбуйнейшага ў свеце моладзевага паэтычнага слэма і спаборнічаюць у ім. Вельмі эмацыйнае кіно, якое пакідае яркае ўражанне.

Фестываль моладзевай паэзіі Louder Than a Bomb (цяпер ён называецца Rooted & Radical — штогадовы моладзевы паэтычны слэм, які праводзіцца ў Чыкага кожную вясну. Гэта найбуйнейшы моладзевы слэм у свеце: напрыклад, у 2014 годзе ў ім прынялі ўдзел больш за 1000 каманд.

Papucza.png

8. «Папуча» (Papucza)

Біяграфічная драма паэткі Папучы (Браніславы Вайс), якая пісала на цыганскай мове і стала вядомай у Польшчы.

Паэтка была адной з нямногіх жанчын-рома, якія самастойна навучыліся пісаць і чытаць. Яна ніколі не хадзіла ў школу. Матывам творчасці паэткі стаў згублены свет свабоды і вандроўных табараў. У сваёй паэзіі, якая вырасла з народнай цыганскай песні, яна апявала лёсы свайго народа, выяўляла яго звычкі.

У фільме апісваецца складаны лёс Папучы: асабістыя цяжкасці і непрыманне паэткі «сваімі» праз пісанне вершаў.

The-Disappearance-of-Garcia-Lorca.jpg

9. «Знікненне Гарсія Лоркі» (The Disappearance of Garcia Lorca)

Іспана-амерыканскі біяграфічны фільм 1996 года. Ён заснаваны на кнізе Іэна Гібсана пра жыццё і забойства іспанскага паэта Федэрыка Гарсія Лоркі.

Па сюжэце журналіст расследуе знікненне Лоркі ў першыя гады Грамадзянскай вайны ў Іспаніі. Ён спрабуе высветліць, хто і чаму забіў паэта, а таксама разглядае іншыя версіі яго знікнення.

film_kupala.jpg

10. «Купала»

Беларускі мастацкі фільм пра жыццё і творчасць беларускага класіка Янкі Купалы. Фільм быў публічна паказаны толькі адзін раз на маскоўскім кінафестывалі ў 2020 годзе, пасля чаго не дэманстраваўся з палітычных прычын.

Гэта гістарычная драма паказвае жыццяпіс народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. У карціне раскрываюцца асноўныя вехі жыццёвага і творчага шляху паэта, якія супалі з найбольш трагічнымі падзеямі XX стагоддзя.

Paterson.jpeg

11. «Патэрсан» (Paterson)

Драматычны фільм 2016 года ад рэжысёра Джыма Джармуша. У фільме здымаюцца Адам Драйвер ў ролі кіроўцы аўтобуса і паэта Патэрсана, а таксама Гальшыфтэ Фарахані ў ролі яго жонкі, якая марыць стаць зоркай кантры-музыкі і адкрыць бізнес па вытворчасці кексаў.

Жыццё Патэрсана — суцэльная рамантыка: ён працуе кіроўцам аўтобуса ў горадзе Патэрсан, штат Нью-Джэрсі, а ў вольны час піша вершы для каханай жонкі Лоры. Патэрсан пераўтварае прыгажосць штодзённасці ў вершы і сустракае паэтаў паўсюль — такая магія горада — радзімы паэтаў Алена Гінзберга і Уільяма Карласа Уільямса. Патэрсан піша ў стол і нават не марыць публікавацца, аднак адна маленькая падзея змяняе ягоныя планы.

Чытайце яшчэ:

7 серыялаў, заснаваных на рэальных падзеях