Гісторыя тэрарыста-філосафа, маці з сіндромам Мюнхгаўзена і фармкампанія, якая стала прычынай смерці сотні тысяч амерыканцаў — расказваем пра сучасныя серыялы, у аснову якіх ляглі гісторыі рэальных людзей.
«Ломка» (Dopesick)
Жанр: драма
Рэжысёры: Майкл Куэста, Бары Левінсан, Патрысія Рыген
Год: 2021
Сэмюэл Фінікс — лекар у невялікім амерыканскім шахцёрскім мястэчку. Шахцёры, як вядома, часта атрымліваюць траўмы на вытворчасці, таму пацыёнтаў у доктара шмат. Аднойчы на парозе клінікі, дзе працуе Сэмюэл, з’яўляецца менеджар фармацэўтычнай кампаніі, які прапануе цудадзейны прэпарат: ён эфектыўны пры моцным болю і не выклікае прывыкання. Аднак неўзабаве ў мястэчку пачынае зʼяўляцца ўсё больш людзей, якія пакутуюць на апіятную залежнасць.
Тэма наркатычнай адыкцыі ў амерыканскіх серыялах не новая. Для тых, хто не ў кантэксце, гэта можа паказацца элементам драматызацыі сюжэту. Аднак калі зазірнуць глыбей, то стане ясна, што гэтая праблема сапраўды актуальная для амерыканскага грамадства, і вялікую ролю ў яе распаўсюдзе адыграла фармацэўтычная індустрыя, якая належыць мільярдэрам. Яны, падкупляючы чыноўнікаў і лекараў, на працягу многіх гадоў прасоўвалі апіятны прэпарат «Оксіканцін», які нават мацней за гераін.
У серыяле паказаны карупцыйныя схемы, дзякуючы якім гэты прэпарат трапіў на рынак, амаральныя паводзіны менеджараў, гатовых на ўсё дзеля нажывы і амерыканскай мары, а таксама гісторыі звычайных людзей, якія сталі ахвярамі апіятнага крызісу.
«Перапоўнены пакой» (the Crowded Room)
Жанр: Крымінал
Рэжысёры: Брэдзі Корбет, Мона Фастволд Лерчэ, Карнэл Мундруца і інш.
Год: 2023
Дэні — складаны падлетак, які з-за жорсткага абыходжання ў сямʼі часта збягае з дому і праводзіць час у закінутым суседскім доме. Там перыядычна зʼяўляецца загадкавая дзяўчына, такая ж забытая ўсімі, як і ён. Раптам у горадзе адбываецца тэракт, і Дэні аказваецца галоўным падазраваным. У ходзе расследавання высвятляецца, што хлопец пакутуе на множны разлад асобы... ці гэта хітры ход, прыдуманы для пазбягання пакарання?
Фільм часткова заснаваны на гісторыі Білі Мілігана — асуджанага, у якога, як аказалася, унутры жыло яшчэ 24 асобы. Дысацыятыўны разлад асобы — вельмі рэдкае захворванне, доўгі час многія псіхіятры яго не прызнавалі. Хворым дыягнаставалі шызафрэнію ці наогул абвінавачвалі ў сімуляцыі. Тым не менш цяпер гэтае захворванне ўваходзіць у пералік Сусветнай арганізацыі аховы здароўя.
«Прытворства» (The Act)
Жанр: драма, крымінал
Рэжысёры: Лор дэ Клермон-Тонер, Стывен Піт, Адам Аркін і інш.
Год: 2019
Некалькі гадоў таму ў мястэчку штата Місуры адбылося забойства, шакаваўшы мясцовых жыхароў. Ахвярай стала жанчына, якая клапацілася аб сваёй цяжкахворай дачцэ — Джыпсі. Дзі Дзі ведалі як адданую маці, якая прысвяціла ўсё сваё жыццё догляду за дачкой. Аднак ніхто не падазраваў, што дзяўчынка насамрэч была абсалютна здаровая.
Серыял распавядае гісторыю Джыпсі Роўз, маці якой пакутавала на сіндром Мюнхгаўзена і прыкавала дзяўчынку да інваліднага вазка. У падлеткавым узросце Джіпсі пачала марыць аб нармальным жыцці: пра тое, каб фарбавацца, сустракацца з сяброўкамі і хадзіць на спатканні. Але яе маці ўсяляк перашкаджала гэтаму, што прывяло да трагічных наступстваў.
«Вынаходзячы Ганну» (Inventing Anna)
Жанр: драма
Рэжысёры: Дэвід Фрэнкель, Элен Керас, Зінга Сцюарт і інш.
Год: 2022
Серыял распавядае пра жыццё вядомай аферысткі Ганны Дэлві (яна жа Ганна Сарокіна). Ганна вырасла ў сям’і рускіх эмігрантаў у Германіі, а затым зʼехала ў Нью-Ёрк. Там яна трапіла ў кола мясцовай эліты, і каб зацікавіць нью-ёркскую багему, дзяўчына прыдумала гісторыю пра багатых бацькоў з Германіі. Ганна лёгка брала грошы ў доўг (прыдумлячы розныя фарс-мажоры), вяла багемны лад жыцця і нават змагла падмануць крэдытораў.
Будучы ў турме, куды яе пасадзілі за махлярства, Дэлві прадала Netflix правы на экранізацыю гісторыі. Сума, атрыманая за серыял, сышла за пагашэнне яе даўгоў перад банкамі.
«Пад сцягам нябёсаў» (Under the Banner of Heaven)
Жанр: трылер, драма
Рэжысёры: Кортні Хант, Дэвід Макензі, Дастын Лэнс Блэк і інш.
Год: 2022
Фільм пра суполку мармонаў, у якой адбываецца страшнае забойства: ахвярай становіцца маці з дзіцем. За справу бярэцца дэтэктыў Джеб Пайры, які сам належыць да мармонаў. У ходзе расследавання Джебу адкрываюцца страшныя таямніцы, якія захоўваюць, на першы погляд, здавалася б, руплівыя хрысціяне. Але ці вытрымае яго вера гэтыя выпрабаванні?
«Пад сцягам нябёсаў» заснаваны на рэальных падзеях, якія адбыліся ў 1984 годзе ў штаце Юта. Серыял дапамагае гледачам глыбей зразумець вытокі і асаблівасці мармонскай культуры, а таксама закранае тэму рэлігійнага фанатызму, які прывёў да злачынства.
«Паляванне на Унабомбера» (Manhunt: Unabomber)
Жанр: трылер, драма, крымінал
Рэжысёры: Грэг Яйтанс, Майкл Дзінер, Джон Эвнэт
Гады: 2017-2020
Гісторыя Тэда Качынскага — гэта гісторыя злога генія. Цяжка ўявіць, як матэматык, філосаф і ўніверсітэцкі выкладчык можа стаць тэрарыстам. Тым не менш гэта адбылося: кінуўшы карʼеру, Качынскі зʼехаў жыць у лес і адмовіўся ад выгод цывілізацыі. Але цывілізацыя сама дабралася да яго: недалёка ад месца, дзе ён жыў, пачалі будаваць дарогу. Тады прафесар стаў адпраўляць лісты з бомбамі, каб прыцягнуць увагу да праблем тэхнічнага прагрэсу.
Серыял распавядае пра кампанію па пошуку і арышце Тэда Качынскага, вядомага як Унабомбер. Справу ўзначальвае агент ФБР Джым Фіцджэральд, які павінен глыбока пагрузіцца ў псіхалогію злачынца, каб зразумець яго матывы і метады дзеянняў, а таксама не дапусціць памылак, учыненых яго калегамі, з-за якіх Качынскі гадамі заставаўся на волі.
«Калі нас убачаць» (When They See Us)
Рэжысёр: Ава Дзювернэй
Год: 2019
Некалькі падлеткаў афрыканскага і лацінаамерыканскага паходжання трапляюць у турму: па выпадковасці яны апынуліся ў парку, у якім хтосьці напаў на дзяўчыну і згвалціў яе. Суд прызнаў хлопцаў вінаватымі. Толькі праз некалькі гадоў іх апраўдалі.
«Калі нас убачаць» — міні-серыял пра расізм і памылкі правасуддзя, якое пакалечыла жыццё нявінных маладых людзей. У фільме таксама падымаецца тэма адаптацыі былых асуджаных на волі: нягледзячы на тое, што ўсе абвінавачанні былі знятыя, героі сутыкаюцца са шматлікімі цяжкасцямі.
Серыял быў адзначаны некалькімі прэміямі Эмі.
М. К., Budzma.org