Гісторык і пісьменнік Алесь Кіркевіч распавядае на budzma.by пра галоўнае свята міжваеннай Беларусі.
У Гродне, у Старым горадзе, ёсць вулачка. На два дамы. Часам у размове яна фігуравала як «П. Ліпеня». Хто такі П. Ліпень, ніхто не ведаў. Яго і не было ніколі. Бо сапраўдная назва — 11 Ліпеня. Але што адбылося 11 ліпеня, нават у познім БССР таксама ніхто не памятаў...
Кожная міфалогія мусіць мець пункт адліку. Для хрысціянскага свету — меркаванае нараджэнне Хрыста. Для бальшавікоў — кастрычнік 1917-га. Для міжваеннай БССР — 11 ліпеня 1920 года. Дзень, калі Чырвоная армія выгнала з Мінска палякаў. Дакладней, «белапалякаў», як тады казалі.
Дэманстрацыя ў цэнтры Менска ў гадавіну вызвалення Беларусі ад "белапалякаў" 11 ліпеня 1935 года. Крыніца – t.me/belaruskipioner
Да 1939 года гэта было галоўнае ідэалагічнае свята рэспублікі. Прычым унікальнае. Калі Першамай ці 7 лістапада святкавалі па ўсім Саюзе, то 11 ліпеня — толькі ў нас. Свята нагадвала сённяшняе 3 ліпеня: таксама вызваленне сталіцы, таксама military style, таксама сімвалічны пункт адліку, урэшце, таксама лета: зручна для народных гулянняў.
На першую гадавіну вызвалення ад «белапалякаў» абвясцілі стварэнне БДУ. У 1930-м у Камароўскім парку (сёння Чалюскінцаў) быў адкрыты Усебеларускі стадыён імя 10-годдзя вызвалення Беларусі. У 1933-м быў закладзены фундамент Дзяржаўнага тэатра оперы і балета. У 1935 Калінін узнагародзіў БССР ордэнам Леніна.
Фрагмент помніка Аляксея Глебава
Пасля 1920-га, як і пасля 1944-га, у Беларусі кіраваў «партызанскі клан». Калі пасля Другой сусветнай гэта былі Машэраў з Мазуравым, то ў 1920-я — Шаранговіч, Гікала і іншыя. У Грамадзянскую вайну яны партызанілі супраць «белапалякаў». Для іх 11 ліпеня мела персанальнае значэнне, бо падзея фактычна вызначыла іх лёсы.
«Белапалякі» як архетыповы вораг
Вобраз «белапалякаў» быў максімальна дэманізаваны. Такое сабе канцэнтраванае зло. Польская акупацыя цэнтральнай Беларусі — даволі кароткі перыяд, менш за год: з восені 1919-га да лета 1920-га. Цікава, што немцы не займелі такога гонару, хоць стаялі ў Беларусі нашмат даўжэй і геаграфічна зайшлі ажно да Магілёва (палякі — толькі да Бярэзіны).
Разбурэнні ў Менску пасля адыхода польскай арміі і ўваходу ў горад чырвонаармецаў 11 ліпеня (на фота памылкова ўказаны чэрвень) 1920 года. Крыніца – t.me/belaruskipioner.
У «белапалякі» запісвалі не толькі рэгулярныя часткі фармату 1919–1920, але і корпус Доўбур-Мусніцкага, і баевікоў польскай вайсковай арганізацыі, і стракатую армію Балаховіча, якая не складалася з этнічных палякаў, але дзейнічала пад крылом Варшавы. «Белапалякі» сталі архетыповым злом.
Святочны нумар газеты «Чырвоная зьмена» ад 10 ліпеня 1925 года.Крыніца – t.me/belaruskipioner
Уся міфалогія БССР 1920-х — 1930-х круцілася вакол гэтага. Першы беларускі фільм «Лясная быль» (1926). Коласава «Дрыгва». Міхась Лынькоў і ягоны Мішка, які лётаў у кабіне лётчыка. «Палескія рабінзоны» Янкі Маўра. Рудабельская рэспубліка. Дзед Талаш, легенда якога пачынаецца акурат з антыпольскай партызанкі... Кожны больш-менш значны творца меў далучыцца да ўвекавечвання той вайны.
«Беларускі дом» ці плацдарм-буфер?
Нагадаем, што БССР была складаным савецкім праектам, які змяняўся ў залежнасці ад абставінаў. Савецкая гістарыяграфія падавала яе з’яўленне таксама ў легендарным ключы. Маўляў, Іосіф Вісарыёнавіч з Уладзімірам Іллічом «перацерлі» і вырашылі стварыць рэспубліку. Нацыянал-камуністы ўзяліся за працу, і так паўстаў «беларускі дом». Усё не так проста.
Усебеларускі стадыён у Менску на фота канца 1930-х гадоў. Быў адчынены ў дзень святкавання 10-годдзя вызвалення Беларусі ад "белапалякаў" 11 ліпеня 1930 года. Крыніца – t.me/belaruskipioner
Стаўленне Масквы да праекта некалькі разоў змянялася. 1 студзеня 1919-га Савецкая Беларусь была абвешчаная ў складзе шасці губерняў, але ўжо ў лютым «усохлася» да Гродзенскай і Віленскай (ЛітБел), якія бальшавікі нават не кантралявалі цалкам. Чаму так сталася?
Ёсць думка, што ад пачатку БССР быў знешнепалітычным праектам, на экспарт. Не столькі насуперак БНР, колькі для таго, каб стварыць буфер паміж сабой і Польшчай. Фармальна рэспубліка магла весці самастойную палітыку і прэтэндаваць на заходнія тэрыторыі як на свае этнічныя. Калі ж назваць усё гэта часткай савецкай Расіі, так прыгожа не атрымалася б.
Адсюль і «ўсыханне» з шасці губерняў да дзвюх заходніх: калі ў Маскве перасталі адчуваць небяспеку для ўсходніх беларускіх губерняў, іх часова зноў далучылі да РСФСР. Пасля — зноўку нарасцілі. Савецкая Беларусь была патрэбная як плацдарм — вайсковы і ідэалагічны — для прасоўвання на Захад.
Будынак гукавога кінатэатра «Імя 11 ліпеня» ў Оршы. Крыніца – t.me/belaruskipioner
У 1918–1919 гадах у бальшавікоў быў утвораны польскі савецкі ўрад, які меў сесці ў Варшаве. Сфармаваныя польскія войскі: варшаўскі і гродзенскія палкі, чырвоныя ўланы... Усё гэта мела сунуцца далей, на польскую тэрыторыю. Палкі нейкі час тапталіся ў Лідзе, ваявалі, але пазней былі перакінутыя на ўсход — супраць Калчака.
Вітрына для Заходняй Беларусі і польскіх камуністаў
Гэты камбінаваны падыход пасля 1920-га перайшоў у спадчыну да БССР. Рэспубліка стала штыком Саюза, высунутым на Захад. Менавіта праз гэта, а не ад вялікай свабоды і лібералізму, у БССР было ажно чатыры дзяржаўныя мовы, уключна з польскай.
Таму быў створаны польскі аўтаномны раён — Дзяржынскі (Койданаўскі). Сэнс у тым, каб прадэманстраваць палякам «вітрыну сацыялізму». У Мінску выходзілі вялікімі накладамі польскамоўныя газеты. З ксяндзамі вялася праца па стварэнні «Жывога касцёла» — аўтаномнага ад Рыму. Існавала польскамоўная лінія адукацыі, навукі.
Рэцэнзія на фільм «11 ліпеня» кінастудыі «Совецкая Беларусь» з газеты «Літаратура і мастацтва» 1938 года. Крыніца – t.me/belaruskipioner
Усе органы дзяржбяспекі ў БССР былі абсаджаныя этнічнымі палякамі: Багуцкі, Славінскі, Пікель, Апанскі... Збольшага гэта былі былыя польскія сацыял-дэмакраты, якія маглі пайсці за Пілсудскім, але абралі бок бальшавікоў. Менавіта яны спачатку кантралявалі, а пасля згортвалі беларусізацыю. Заўважым, што з нашай нацыянальнай эліты на высокія пасады ў органы нікога не пусцілі: беларусы займаліся культурай і кніжкамі, у найлепшым выпадку — эканомікай.
У сталінскія 30-я гады БССР уваходзіла менавіта як беларуска-польскі праект. Беларушчына была вітрынай для Заходняй Беларусі: для «Грамады», ТБШ і сялянскіх масаў. Польскі складнік — для польскіх камуністаў і рабочых. Адсюль і тлумачэнне назвы архетыповага ворага — «белапалякі». Бо рэч не ў нацыянальных катэгорыях, а ў сацыяльных і ідэалагічных. «Чырвоныя» палякі былі зусім не ворагамі, а перспектыўным кірункам, мэтай.
Альтэрнатыўны ідэалагічны канон БССР
Усю гэтую лавачку прыкрыў Сталін. У польскіх чэкістаў, у «айцоў беларусізацыі», у Гікалы з Шаранговічам, прыкладна адзін год смерці — 1937–1938. Разам са згортваннем камінтэрнаўскай тэмы ў БССР канчаткова прыкрылі і польскі праект. Прыбралі Дзяржынскую польскую аўтаномную акругу. Прыбралі польскую мову разам з ідышам з ліку дзяржаўных. Прыбралі польскамоўную прэсу.
Сустрэча старшыні ЦВК СССР Міхаіла Калініна на вакзале ў Менску 11 ліпеня 1935 года.Крыніца – t.me/belaruskipioner
Фармат партыі і краіны, народжаны яшчэ ў часы Леніна—Троцкага, не ўпісваўся ў сталінскае бачанне свету. Занадта складана, трэба прасцей. І людзі патрэбныя новыя, не абцяжараныя ідэалагічнымі пошукамі, здольныя змяняцца маланкава, згодна з лініяй партыі.
Але 11 ліпеня як святочны дзень захаваўся ажно да «вызвольнага паходу» 1939 года. У студзені 1940-га на новых тэрыторыях прайшло павальнае перайменаванне вуліцаў. Так, вуліца Святога Мікалая (яшчэ вялікая і доўгая) у Гродне ператварылася ў 11 Ліпеня.
Вокладка часопіса «Работніца і калгасніца Беларусі», 1935 год
Уявім сабе альтэрнатыўную гісторыю, паводле якой Гітлер не напаў бы на СССР, не было б 41-га года. Тады 17 верасня дапоўніла б 11 ліпеня — завяршыла б фундаментальны ідэалагічны канон БССР, які круціўся б вакол вызвалення ад «белапалякаў»... Але сталася па-іншаму. Час запатрабаваў новых герояў, датаў, мастацкіх твораў. Усё старое — у пэўнай меры штучнае — сышло ў нябыт: перастала быць патрэбным і нават зразумелым, як той загадкавы «П. Ліпень».
Алесь Кіркевіч, budzma.by