Ідзеш па вуліцы Савецкай каля помніка савецкаму маршалу Ракасоўскаму і клюмбаў у выглядзе савецкіх зорак... Стоп, гэта ў якой краіне? Савецкі Саюз? Расея? Не, шаноўныя, на жаль — гэта Гомель, Беларусь. Зрэшты, падобны культурны ляндшафт усё больш прыпадабняе да расейскіх чэлябінскаў і мухасранскаў ня толькі цудоўнае места над Сожам, але і ўсю астатнюю нашую цудоўную краіну. На мапе — усё яшчэ Беларусь, але падымі вочы і азірніся — рыхтык нейкая расейская правінцыя! У сваёй рубрыцы «Прыдарожны пыл» Валера Руселік распавядае пра тое, як адбываецца акупацыя, якую ніхто не абвяшчаў уголас.
Імпэрыя мае ўвесь час пашырацца — інакш яна папросту ня можа, гэта яе прырода, сэнс яе існаваньня. Менавіта таму імпэрыі, як паветра, патрэбныя вайна, кроў, сьлёзы і, вядома ж, усё новыя й новыя землі.
Пры гэтым імпэрыя заўжды пазначае сваю тэрыторыю. Штопраўда, перад тым, як паставяць на чарговай захопленай тэрыторыі памежныя слупы, там зьяўляюцца... помнікі.
Памятаеце ўсіх гэтых пушкіных, жаўнераў расейскага імпэратарскага войска, аляксандраў неўскіх, розных чэкістаў, менскага гарадавога і гарадзенскага дзядзю сьцёпу? З расейскіх бронзавых балванаў, якіх за гады незалежнасьці (?!) Беларусі па ўсёй краіне панавырастала, як грыбоў пасьля цёплага дожджыку, даўно ўжо можна сфармаваць цэлае войска.
Бронзавае войска імпэрыі.

Зьлева — навучэнцы слонімскай школы № 9 у форме Расейскай імпэрыі на выставе «Вайсковая атрыбутыка» ў мясцовым краязнаўчым музэі. Справа — тыя ж слонімскія дзеці са сьцягам Расейскай імпэрыі. Фота: sch9.slonim-uo.by
Вось і зараз у Гомлі адкрылі помнік савецкаму маршалу Канстанціну Ракасоўскаму. Каб паставіць коннага вершніка на пастамэнце (агулам у шэсьць мэтраў вышыні — імпэрскі размах), мясцовыя чыноўнікі нават высеклі цэлы сквэр у цэнтры места. Цікавае супадзеньне: усе дрэвы з таго сквэру рэзка і гэтак своечасова былі выявіліся «аварыйнымі». Ну бо секчы здаровыя дрэвы забараняе закон. Але калі тыя дрэвы замінаюць задуме ўладаў — гэта ж ужо сама па сабе нейкая «нездаровасьць», якую ў краіне, дзе «иногда не до законов», трэба секчы пад корань, праўда? І аніякае грамадзкае абмеркаваньне, таксама вымаганае гэтым нязручным і дурным заканадаўствам, тут не патрэбнае — дастаткова абвесьціць, што ты папросту «ўпарадкоўваеш тэрыторыю», а таму не абавязаны нічога ўзгадняць зь мясцовымі жыхарамі.
Шах і мат!
І нагода ж якая — лічы, сьвятая! 82-я гадавіна вызваленьня Гомля ад нямецкай акупацыі! Ды тут дзеля помніка савецкаму маршалу, які кіраваў апэрацыяй, ня толькі дрэвы высячэш, але і... і... і... ды што заўгодна зробіш, ёпта!

Адкрыцьцё помніка маршалу Ракасоўскаму ў Гомлі, 26 лістапада 2025 г. Фота: t.me/@gomel_region_gov
Зрэшты, д’ябал, то-бок Расея, як заўжды хаваецца ў дэталях. Гэта ж толькі гомельцаў не спыталі, ці хочуць яны помнік Ракасоўскаму. А вось расейцаў — спыталі. Праект помніка ў Гомлі ініцыявала Расейскае вайскова-гістарычнае таварыства, якое ўзначальвае адзін з апалягетаў «расейскага сьвету» памочнік і цёзка Пуціна Мядзінскі. Паводле галасаваньня, што было ладзілася зноўку ж у Расеі, перамог праект скульптаркі з Масквы, якая прапанавала фігуру маршала верхам на кані ў часе параду Перамогі 1945 года на Чырвонай плошчы ў Маскве.
Апяць дваццаць пяць. Ці не зашмат у гэтай гісторыі Расеі, сябры?

Актывісты расейскага руху НОД у Гомлі. Фота: flagshtok.info
Як вядома, усялякі помнік — гэта не папросту тоны бронзы і граніту. Найперш гэта — сымбалізм. Чые помнікі, таго і ўлада. Ці вы думалі, што вялізны надпіс «Мы победили» ў часе адкрыцьця расейскага помніка Ракасоўскаму ў беларускім Гомлі — гэта пра савецкую перамогу над нацыстамі? Не, шаноўныя. Гэта пра перамогу цяперашняе імпэрыі над Беларусьсю.
Крамлёўскі «Гомельнаш». Дажыліся.
І адзіны магчымы лёс у імпэрыі (без ілюзіяў!) і для гомельцаў, і для астатніх беларусаў — служыць гэтай самай імпэрыі. Адмовіцца ад усяго свайго. Стаць янычарамі і пайсьці са зброяй на роднага брата — у імя імпэрыі.
І якраз-ткі Ракасоўскі — сапраўдны помнік гэткага янычарства. Нарадзінец Целяханаў, сын паляка і беларускі, пазьней зьмяніў сваё сапраўднае імя — Казімір — на мілейшага расейскаму вуху Канстанціна.
Альбо Мядзінскі, дзякуючы высілкам якога і зьяўляюцца бронзавыя жаўнеры імпэрыі на беларускіх землях. Нарадзінец Украіны, які пашырае «расейскі сьвет». Меркаваны сапраўдны аўтар артыкулу Пуціна «Об историческом единстве русских и украинцев».
Будзь як яны, і імпэрыя прыме цябе ў свае абдымкі...
Валера Руселік на мітынгу супраць расейскага ўварваньня ўва Ўкраіну (Варшава, люты-2022). Фота з архіву аўтара
Зрэшты, як усялякі мэдаль мае два бакі, гэтак і сымбалізм знаходзіш найперш той, які шукаеш. Адкрыцьцё помніка Ракасоўскаму ў Гомлі адбылося 26 лістапада — у 95-ты дзень народзінаў аднаго з найвялікшых беларускіх пісьменьнікаў Уладзіміра Караткевіча. Таго, хто нават у змрочныя савецкія часы, прабіваючыся праз даносы зайздросьнікаў, перасьлед чэкістаў і цэнзараў, вяртаў да жыцьця нашых герояў, у тым ліку антырасейскіх паўстанцаў, натхняў і запальваў (і працягвае гэта рабіць, дальбог!) беларушчынай цэлыя пакаленьні.
І роўна 105 гадоў таму, 26 лістапада 1920-га, пачаліся першыя баі беларусаў супраць Савецкай Расеі. Наш гераічны Слуцкі збройны чын, калі на абарону сваёй, а не чужой Бацькаўшчыны ўзьняліся і простыя сяляне, і інтэлігенцыя, і шляхта. Тыя, што пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына.
Тыя, каму ў вызваленай ад бронзавых балваноў імпэрыі Беларусі мы абавязкова паставім помнікі.
Валера Руселік, Budzma.org