20 малавядомых фактаў з жыцця Уладзіміра Караткевіча

Уладзімір Караткевіч — класік беларускай літаратуры, заснавальнік нацыянальнага гістарычнага рамана, адзін з самых вядомых беларускіх пісьменнікаў за межамі Беларусі. Але акрамя яго творчай геніяльнасці ён запомніўся як непаўторная асоба з адметнымі здольнасцасцямі і інтарэсамі. Па верных словах Рыгора Барадуліна, «гэта і геній, і жывы натуральны беларус незакамплексаваны». Менавіта таму жыццё, учынкі і паводзіны Караткевіча цікавяць нас і праз дзесяцігоддзі, трэба толькі ўспрымаць іх правільна і натуральна. Аб гэтым, дарэчы, нагадвае і слушная занатоўка ў ягонай запісной кніжцы: «Я проста ёсць я, Караткевіч, з дзвюма нагамі (пакуль), двума вачыма, адным носам і адным сэрцам, з 5 дадатнымі якасцямі і 95 недахопамі. Такім вы мяне і прымайце, калі вам хаця крыху цікава тое, што я кажу вам...»

Uładzimir Karatkievič
Уладзімір Караткевіч у 19 год

1. Першыя вершы пісаў на рускай мове

Трохгадовы Валодзя ведаў усе літары, а праз паўгода ўжо чытаў сам. У малодшым узросце ён прызнаваўся, што калі сядзіць на беразе рэчкі і глядзіць на ваду, то ў яго «вершы набягаюць». Тады ж спрабаваў займацца вершатворчасцю, «пісаць (а спачатку «бубніць») вершы пачаў год у шэсць». А ў юнацкі перыяд напісаў агулам больш за 200 вершаў, якія чытаў на адрыне таварышам. У той час пісаў на рускай мове, бо выхоўваўся ў рускамоўным асяродку.

2. Падчас вучобы ў школе застаўся на другі год

У дзявятым класе вучань Караткевіч застаўся на другі год. Па ўспамінах аднакласнікаў, гэта адбылося з-за непаразуменняў паміж ім і настаўнікам матэматыкі. Адносіны так і не склаліся, таму на пачатку дзясятага класа, пасля першай чвэрці, быў вымушаны перайсці ў іншую школу. Там праблем з вывучэннем матэматыкі ўжо не было.

3. Быў арыгінальным педагогам-наватарам

Больш за чатыры гады Уладзімір Караткевіч прысвяціў настаўніцкай справе. Выкладаў мову і літаратуру, рабіў гэта з захапленнем, урокі праводзіў па-свойму на аснове ўласных педагагічных метадаў. Яго былыя вучні згадваюць, што ён быў арыгінальным выкладчыкам, акрамя «пяцёрак» і «двоек», не ставіў ніякіх другіх адзнак.

4. Дарыў гераіні рамана «Нельга забыць» карціны

На Вышэйшых літаратурных курсах у Маскве Караткевіч закахаўся ў мастацтвазнаўцу Ніну Молеву. Лічыцца, што яна стала правобразам гераіні рамана «Нельга забыць». Каб прыцягнуць увагу любімай жанчыны, Караткевіч купляў і дарыў ёй карціны. Ужо ў наш час Молева перадала свой грандыёзны мастацкі збор у дар Пуціну, магчыма, разам з гэтымі карцінамі.

Nina Moleva
Ніна Молева. Фота: citydog.io

5. Даў 14 рэкамендацый для ўступлення ў Саюз пісьменнікаў

Калегі па пісьменніцкаму цэху ўспрымалі Караткевіча па-рознаму. Вось як характарызуе яго ў дзённіку Максім Танк: «Катэгарычны ў сваіх прысудах. Каго любіць — хваліць без меры, каго ненавідзіць — чарніць і бэсціць». Але нельга не прызнаць, што яго ацэнкі былі аўтарытэтнымі, ён хваліў нямногіх. Па падліках даследчыка Сяргея Шапрана, амаль за дваццаць гадоў Караткевіч даў усяго 14 рэкамендацый для ўступлення ў Саюз пісьменнікаў.

6. Называў халтурныя творы «сацрэалізмам»

Барадулін сведчыць, што «на дух не выносіў Караткевіч афіцыёзнай савецкай паэзіі». Не любіў Маякоўскага, а аднойчы падзякаваў Уладзіміру Ягоўдзіку за тое, што ён у інтэрв’ю «не назваў маім любімым літаратарам Максіма Горкага». Украінскі пісьменнік Мікалай Амельчанка ўспамінаў: «Была ў Валодзі і яшчэ адна лаянка — «сацрэалізм». Яна тычылася перш за ўсё няўдалых альбо проста халтурных літаратурных опусаў».

7. Ведаў раслінны свет як прафесійны батанік

Надзвычай добра разбіраўся ў раслінах, для Караткевіча не было мясцовых кветак ці дрэў, пра якія ён не ведаў. Больш за тое, ён мог дакладна назваць беларускія, рускія і лацінскія назвы раслін.

8. Ганарыўся сваёй папулярнасцю сярод чытачоў

У 1981 годзе на VIII з’ездзе пісьменнікаў БССР Караткевіч пакрытыкаваў стан сучаснай літаратуры: «Сапраўды, большасць таго, што мы пішам і друкуем, сведчыць толькі пра тое, што мы ўмеем пісаць. Але ўмелі пісаць таксама і валасныя пісары... Бяда наша — сярэдні ўзровень, шэрасць». У размовах з калегамі ён казаў: «Пісаць трэба так, каб вашыя кнігі ў бібліятэках кралі. Мае крадуць».

У лісце да Рамана Іванычука паведамляў, што часопіс з «Чорным замкам Альшанскім» прадаецца на рынку аматарам чытва за 50 рублёў: «Магу ганарыцца... мне ў глыбіні душы прыемна».

9. Зянон Пазняк зрабіў яму сімвалічны падарунак

У кабінеце Караткевіча знаходзіцца вялікі партрэт Кастуся Каліноўскага. На адваротным баку партрэта напісана: «Няхай Тваё жыццё будзе вартым Ягонай смерці. 26.11.1965». Каліноўскага падарыў на 35-годдзе Караткевіча Зянон Пазняк.

Uładzimir Karatkievič
На Прыпяці з камандай агітцеплахода «Уладзімір Маякоўскі»: Уладзімір Караткевіч стаіць справа ад кабіны. Злева ад кабіны — фатограф Валянцін Ждановіч. Крайні справа — малады Зянон Пазняк

10. Спяваў у царкве ў часе богаслужэнняў

Паэт Зніч (Алег Бембель) ва ўспамінах пра Караткевіча распавядаў: «У часы ганенняў, калі за веру саджалі ў «псіхушку», Караткевіч у 1960-х — 1970-х гадах кожнае лета ездзіў у Бытэнь, што ля самых Жыровіц, да свайго сябра прафесара Грынчыка. Яны разам у мясцовай царкве спявалі на клірасе ў часе богаслужэнняў. Такія паводзіны знакамітага мастака слова, кожны крок якога адсочваўся адпаведнымі службамі, былі супастаўныя з учынкамі першых хрысціян».

11. Пераканаў Машэрава не руйнаваць гістарычную забудову Мінска

Калі ў 1970-я вырашаўся лёс старога цэнтра Мінска, грамадскасць звярнулася са зваротам у ЦК КПБ, а таксама даручыла Караткевічу сустрэцца з кіраўніцтвам БССР. Яго доўга не хацелі прымаць, пакуль пісьменнік выпадкова не ўбачыў на вуліцы памочніка Машэрава. Патлумачыўшы сітуацыю, ён дамогся абяцання арганізаваць сустрэчу. Згодна з успамінамі сведкаў, Караткевіч некалькі гадзін паказваў Машэраву найбольш знакамітыя месцы старой забудовы сталіцы. У выніку рашэнне аб зносе старажытных будынкаў не прынялі.

12. Жонка Караткевіча чытала Салжаніцына і Оруэла

Калі Караткевіч толькі пачаў заляцацца да будучай жонкі, па-беларуску яна амаль не гаварыла, што адразу не спадабалася некаторым яго знаёмым. Таксама іх уразіла, што яна выкладае студэнтам гісторыю КПСС. Але шлюб Уладзіміра і Валянціны аказаўся вельмі ўдалым, прыязна да нявесткі адносілася і маці Караткевіча. Беларускую мову яна хутка вывучыла, а з часам стала сапраўднай ідэйнай паплечніцай мужа. З яе ліставання можна даведацца, што яна чытала забароненага Салжаніцына і раман Джорджа Оруэла «1984».

Uładzimir Karatkievič z žonkaj Valancinaj
Уладзімір Караткевіч з жонкай Валянцінай. Фота: «Наша Ніва»

13. Верыў у патаемнасць асобных з’яў рэчаіснасці

Як творчы чалавек, Караткевіч не ігнараваў пытанні, на якія не магла даць адказы матэрыялістычная навука. Да прыкладу, у яго была персанальная размова са знакамітым экстрасэнсам Вольфам Месінгам.

А вось які эпізод з жыцця Караткевіча апісвае Барыс Сачанка ў кнізе «Родны кут» (1989 год): «Аднойчы, прыехаўшы з Масквы, ён прывёз «талісман шчасця» — загорнутую ў хусцінку руку егіпецкай муміі. Але, пажыўшы з гэтай рукою нейкі час, аж пахудзеў, бедалага, — як прызнаваўся потым, не мог спаць і нават знаходзіцца ў сваёй кватэры — яму здавалася, што рука жывая, што яна чагосьці шукае, а па начах свеціцца і нават стукае па стале пальцамі. Гэтую руку ён прапаноўваў многім, але яе так ніхто і не ўзяў. Давялося вярнуць ранейшаму ўладальніку — завезці зноў у Маскву...»

14. Лічыў дэтэктывы добрай літаратурай

У Караткевіча было шмат захапленняў. Ён любіў паляванне, вырошчваў лімоны, з замілаваннем размалёўваў велікодныя яйкі, абавязкова глядзеў мультфільмы. Агульным захапленнем у яго і жонкі было чытанне дэтэктываў, якія яны набывалі пры любой зручнай магчымасці. У 1980 годзе Караткевіч нават падкрэсліў у інтэрв’ю: «А я ніколі не лічыў дэтэктывам раманы пра маёра Проніна. Дэтэктыў, калі яго разумець як трэба, гэта таксама добрая літаратура».

15. Адмысловым хобі было збіранне калекцыі чарцей і Швейкаў

Яшчэ адной зацікаўленасцю пісьменніка было збіранне сувенірных і іншых фігурак чарцей. Ён прывозіў іх адусюль і размяшчаў на кніжных паліцах. Таксама збіраў Швейкаў, літаратурнага героя з рамана Гашэка пра прыгоды салдата Швейка, такіх фігурак і лялек налічвалася некалькі дзясяткаў.

16. З усіх страў аддаваў перавагу грыбам

Дасканала ведаў мноства рэцэптаў страў, аб яго ведах пра сакрэты кулінарыі найперш сведчаць адпаведныя месцы ў творах Караткевіча. Сам жа ён любімай ежай называў грыбы. Сястра Наталля Кучкоўская казала, што для Валодзі гатаваць грыбы можна было хоць тры разы на дзень — смажаныя, вараныя, у піражках, катлетах і супах.

Uładzimir Karatkievič
Малады Уладзімір Караткевіч у грыбах

17. Адзіную дзяржаўную ўзнагароду скралі невядомыя

Улетку 1982-га, калі сям’я ездзіла ў Сімферопаль, кватэру Караткевічаў абрабавалі. Пра гэта згадваецца дасюль, бо існуе версія, што тады скралі працяг рамана «Каласы пад сярпом тваім». Сябры пісьменніка былі ўпэўненыя, што кватэру наведалі не звычайныя крымінальнікі. Узялі грошы і каштоўныя рэчы, але адначасова прыхапілі ордэн Дружбы народаў, якім Караткевіча ўзнагародзілі на 50-гадовы юбілей. Паэтка Данута Бічэль прыгадвае, што яшчэ знік партбілет жонкі Караткевіча. Па меркаванні Барадуліна, «яўна шукалі крамолу», бо «прапала пры той кражы веку і вязаначка розных экспромтаў, якія пісаў я сябру то на сурвэтках, то на лістках». Міжволі ўзнікае думка, які грабежнік паквапіцца на рукапісныя паперы?

18. Апошнія гады жыцця змардавалі хранічныя хваробы

Агульнавядома, што Караткевіч памёр пасля цяжкай хваробы. Жорсткая праўда ў тым, што не толькі перад смерцю, але і ўсе апошнія гады жыцця ён меў каласальныя праблемы са здароўем. У медычных абследаваннях фіксуецца парушэнне мазгавога кровазвароту, хранічны халецыстыт, хранічны гепатыт, атэрасклероз, цыроз печані, пячоначная кома. Вясной 1984-га пісьменнік у прыватным лісце з горыччу прызнаецца: «...я стал совсем никуда... посижу полчаса за письменным столом и вынужден на некоторое время прилечь... это невыносимо и унизительно». 25 ліпеня страўнікавае кровацячэнне прывяло да смерці Уладзіміра Караткевіча.

19. Пахаванне праходзіла пад кантролем КДБ

Імаверна, што смерць Караткевіча наблізіла тагачасная грамадская атмасфера, відавочнае пагаршэнне палітычнай сітуацыі ў СССР за нядоўгае, але злавеснае праўленне Андропава. У пісьменніка пачалася дэпрэсія, ён казаў знаёмым, што зноў вяртаецца сталіншчына. Ужо значна пазней пасля смерці сябра Рыгору Барадуліну паведамілі, што супрацоўнікі КДБ здымалі кадры пахавання, «у прыватнасці, калі я цалаваў руку Уладзіміру і са мной яшчэ нехта».

20. Праўдападобная гісторыя пра невядомага сына Караткевіча

Караткевіча даўно няма, але патрэба ў ім, у ягонай непарушнай веры ў Беларусь толькі павялічваецца з кожным новым пакаленнем беларусаў. Не дзіва, што ўзнікаюць гісторыі накшталт наступнай.

Культуролаг Юлія Чарняўская распавяла яе ў 2014 годзе ў інтэрв’ю «Народнай Волі». Яна спаслалася на гісторыю, пачутую ад свайго дзеда — пісьменніка Васіля Віткі. «Дзядуля расказваў: неяк зайшоў Караткевіч, папрасіў кілішак. Ён не быў у нас частым госцем, дзед увогуле быў замкнёным чалавекам, але, відаць, у той дзень Караткевічу было надта ўжо сумна. Дома ў нас практычна не пілі, але ў дзеда ў шафе заўжды стаялі херас і добры каньяк. Уладзімір Сямёнавіч выпіў і сказаў: «Ведаеце, Цімох Васільевіч, а ў мяне ж на гэтай вуліцы сын жыве...» Я веру ў гэта: дзеду заўжды былі гідкія чуткі, сказаў пра гэта ён толькі мне — і ўжо нашмат пазней пасля смерці Уладзіміра Сямёнавіча».

Немагчыма паверыць? Але вось урывак з расповеду Адама Мальдзіса ў 2016 годзе: «Вядома, мне яго не хапае. Але часцяком раніцой, калі іду па праспекце, я сустракаю маладога чалавека на ровары. Ён заўжды спыняецца, вітаецца са мной за руку. І, ведаеце, ён дзіўна падобны на Валодзю. Нават цыгарэту трымае ў пальцах рыхтык як ён. І настрой мой заўжды лепшае».

Чарговая прыгожая легенда, скажаце вы. Аднак Караткевічу яна абавязкова б спадабалася...

В. С., Budzma.org