«230 гадоў таму скончыла існаваньне Рэч Паспалітая. Адбылося гэта праз звады і грызьню. Вораг быў на парозе, а ўсе біліся між сабою. І што, нікому гэта нічога не нагадвае?»
Лявон Вольскі разважае пра паралелі паміж абставінамі, у якіх адбыўся падзел Рэчы Паспалітай, і тым, што адбываецца сёння ў беларускіх дэмакратычных колах.
Лявон Вольскі
230 гадоў таму скончыла існаваньне Рэч Паспалітая — дзяржава абодвух народаў. Адбыўся Трэці падзел, і краіну разьдзерлі на кавалкі Расея, Аўстрыя ды Прусія.
Як так адбылося? А вельмі проста. Дзяржаўная ўлада аслабла, магнатэрыя ды шляхта цягнулі краіну ў розныя бакі. Састарэлы прынцып Liberum Veto, паводле якога закон не прымаўся, калі хоць адзін чалец Сэйму супраць, таксама спрыяў развалу, бо гэтыя чальцы былі розныя, некаторыя знаходзіліся пад расейскім уплывам — разумовым і грашовым — і галасавалі так, як было выгодна Расейскай імпэрыі, часта проста блякуючы прыняцьце прагрэсыўных ініцыятываў.
Натуральна, што разумныя людзі спрабавалі перадухіліць немінучы развал, і 3 траўня 1791 году была зацьверджаная Канстытуцыя Рэчы Паспалітае — перадавы дакумэнт, паводле якога адмянялася Liberum Veto, умацоўвалася дзяржаўная ўлада і зьмяншаўся ўплыў магнатаў.
Ім, магнатам, гэтая Канстытуцыя, натуральна, вельмі не спадабалася, бо — як гэта? — адмовіцца ад прывілеяў? Ды гары яно ўсё гарам, а мы ад сваіх выгодаў не адмовімся! І вось ужо склікаецца сумнавядомая Таргавіцкая канфэдэрацыя, дзе магнаты і частка шляхты пад пратэктаратам Расеі (каго ж яшчэ!) заклікалі (хутчэй, запатрабавалі) адмовіцца ад прагрэсыўнае Канстытуцыі і адкруціць усё назад.
І вось яно адкруцілася. Аж да таго, што з палітычнай карты Эўропы зьнікла вялікая дзяржава — рэспубліка, у якую ўваходзілі Польшча, Беларусь, Літва і частка Украіны.
І, на мой погляд, у гэтым вінаватая не падступная царыца Кацярына, ня ейныя драпежныя сваякі, якія кіравалі Прусіяй ды Аўстрыяй. Хаця, безумоўна, яны не сядзелі склаўшы рукі і не назіралі мірна за працэсам. Але, па вялікім рахунку, папросту скарысталі момант — а як ім можна было не пакарыстацца, калі ў Рэчы Паспалітай усё трашчыць ды хістаецца, і кожны, хто мае хоць які ўплыў, цягне ў свой бок?
А шмат хто цягнуў у бок Расейскае імпэрыі — маўляў, вось прыйдуць расейцы і дапамогуць. Навядуць парадак. Скончаць гэты адвечны гармідар.
І вось яны прыйшлі. Парадак чамусьці не навёўся. І гармідар працягнуўся. Толькі цяпер ужо расейскі.
Мінаюць стагодзьдзі, зьмяняюцца часы. А гісторыя, як ні дзіўна, паўтараецца. Цяпер ужо ў Беларусі, частцы колішняй Рэчы Паспалітае.
Толькі напачатку 1990-х вылузнуліся з задушлівых абдымкаў імпэрыі, як адзін энэргічны дзеяч (не без падтрымкі іншых дзеячаў, дарэчы) пачаў гарачыя сьпічы пра саюзную дзяржаву, зьняцьце межаў і адзін народ.
А ягоныя апанэнты — не, каб аб’яднацца, стварыць магутную кааліцыю і скінуць прарасейскую ўладу — пачалі дзяліцца, пачкавацца, разгаліноўвацца, нараджаць разнастайныя ініцыятывы і цягнуць кожны ў свой бок. Хтосьці цягнуў, як гэта ў нас прынята, у бок Расеі — маўляў, там якая-ніякая, а дэмакратыя, дык хай лепей яны прыйдуць і дапамогуць нам дэмакратызавацца. Гэтыя розныя апанэнты, якіх называлі «дэмакратычнай апазыцыяй», сварыліся, лаяліся, біліся міжсоб, кожная суполка ўсяляк даказвала спонсарам, што з усіх толькі яна — сапраўдная, дэмакратычная і напраўду змагарская, а ўсе астатнія — грубыя падробкі, ня здольныя перамагчы дыктатуру...
Урэшце праз трыццаць гадоў супрацьстаяньня ўсе апынуліся за мяжою. І — дзіўна! (Хаця, на жаль, зусім ня дзіўна) — тут працягваецца тое самае.
Змаганьне саміх з сабою. Малюнак Лявона Вольскага
Энтузыясты процьму часу, энэргіі і сілаў выдаткоўваюць на барацьбу з дэмакратычнымі інстытуцыямі — напрыклад, Офісам Сьвятланы Ціханоўскай. Змагаюцца, не шкадуючы жыцьцяў сваіх, даказваюць, пырскаюць сьлінай, аб’ядноўваюцца ў сваім сьвятым змаганьні... Каб потым зноўку пасварыцца, разьяднацца, разгалінавацца ды адпачкавацца.
Каб гэтыя людзі за ўсю найноўшую гісторыю гэтулькі сілаў выдаткавалі б на барацьбу з дыктатурай ці то імпэрыяй, дык даўно ўжо не было ані дыктатуры, ані імпэрыі — столькі разбуральнае моцы было выкарыстана ў змаганьні саміх з сабою!
Гэта — як нацыянальны праклён, паморак. Яны ня будуць слухаць ніякіх аргумэнтаў, ім ніколі нічога не дакажаш, толькі пачнеш — і ты ўжо таксама вораг альбо дурань, які нічога не разумее ў жыцьці.
Тым магнатам, што ініцыявалі здрадніцкую Таргавіцкую канфэдэрацыю, было чаго губляць (хаця ўрэшце ўсё было страчанае пасьля прыходу Расеі) — яны, як ім здавалася, змагаліся за свой дабрабыт, статус, прывілеі...
За што змагаюцца тыя, для каго Ціханоўская — горшы вораг за Лукашэнку ці Пуціна? За праўду? За справядлівасьць? За ўсё добрае супраць усяго кепскага?
Здавалася б, давайце накіруем агульныя сілы на перамогу над адзіным ворагам? Дык ён, высьвятляецца, для кагосьці не такі ўжо й вораг, галоўныя непрыяцелі — тут, побач, сярод тае самае «дэмакратычнае апазыцыі». Дарэчы, зь імі і змагацца камфортней — ніхто цябе не пасадзіць на пятнаццаць гадоў, і ныркі не адаб’юць, і не перавядуць у нізкі статус...
230 гадоў таму скончыла існаваньне Рэч Паспалітая. Адбылося гэта праз звады і грызьню. Вораг быў на парозе, а ўсе біліся між сабою.
І што, нікому гэта нічога не нагадвае?
Лявон Вольскі, Budzma.org
*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org