18 траўня 1906 года была заснаваная выдавецкая суполка «Загляне сонца і ў наша аконца», поспехам якой пазайздросцілі б сучасныя беларускія выдаўцы і дзейнасць якой зрабіла важны ўплыў на развіццё ўсёй беларускай культуры. З гэтай нагоды «Будзьма» вырашыла ўспомніць гісторыю легендарнага выдавецкага праекта.
Іваноўскі і кватэра Эпімах-Шыпілы
Беларускія грамадскія і культурніцкія дзеячы заўсёды намагаліся пашырыць нацыянальную культуру, паўплываць на працэсы нацыянальнага самаўсведамлення праз друкаванае слова. Пэўна, адной з найбольш адметных і паспяховых ініцыятыў у гэтым кірунку сталася выдавецкая суполка «Загляне сонца і ў наша аконца», якая паўстала ў самым пачатку ХХ стагоддзя. Мала таго, яна сталася першай беларускай легальнай ініцыятывай такога кшталту.
Афіцыйная гісторыя суполкі пачалася ў 1906 годзе ў Санкт-Пецярбургу, дзе нядаўні студэнт Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага тэхналагічнага інстытута, а на той перыяд ужо выпускнік, Вацлаў Іваноўскі вырашыў развіваць беларускую выдавецкую справу. Варта адзначыць, што Вацлаў Іваноўскі — у далейшым славуты дзеяч нацыянальнага адраджэння, палітык, стваральнік шматлікіх беларускіх устаноў і ініціцыятыў — на той момант ужо меў досвед выдавецтва, але нелегальнага. То новы ўказ расійскага імператара, які скасоўваў абмежаванні на выкарыстанне ў тым ліку беларускай мовы, адкрываў дзейнасці Іваноўскага новыя магчымасці.
Ён пачаў з папулярызацыі сваёй ідэі, пошуку фінансавання і аднадумцаў. Знайсці матэрыяльную падтрымку аказалася надзвычай складана, але тым не менш яшчэ да афіцыйнай рэгістрацыі вакол суполкі ўжо атрымалася аб’яднаць 45 прыхільнікаў. Разам з Іваноўскім асноўную працу і клопат пра суполку спачатку ўзяў на сябе яшчэ адзін з сузаснавальнікаў — Браніслаў Эпімах-Шыпіла. Ягоная роля ў справе неацэнная. Эпімах-Шыпіла — ужо тады прафесар, адзін з лідараў беларускай справы ў Пецярбургу, чалавек з надзвычай паспяховай кар’ерай, звышадукаваны — акрамя ўсяго іншага выдаткоўваў уласныя сродкі на дзейнасць выдавецкай суполкі і нават аддаў для яе працы частку сваёй кватэры.
Фармаванне беларускай класікі
«Загляне сонца і ў наша аконца» стала адметнай з’явай не толькі для беларускай справы тых часоў, але і для ўсёй гісторыі беларускай літаратуры і культуры. Вы зразумееце чаму, калі згадаеце хаця б некаторыя выданні суполкі.
Адразу ў 1906 годзе выдавецкая суполка выпусціла «Беларускі лемантар» — першы буквар на беларускай мове (у якім, дарэчы, упершыню выкарыстоўваецца беларуская лінгвістычная тэрміналогія). З’яўленне гэтага выдання стала настолькі значнай падзеяй, што звярнула на сябе ўвагу і нават выклікала хваляванні сярод палякаў і расійцаў, не кажучы пра неймаверную важнасць для саміх беларусаў. Гэтаксама і пазней выходзілі не менш унікальныя выданні, як, напрыклад, дапаможнік для пчаляроў «Пчаліна — жывёлка малая, а карысці дае многа» аўтарства каталіцкага святара і папулярызатара пчалярства Генрыка Бэты.
Можна смела казаць, што выдавецкая суполка адыграла фундаментальную ролю ў фармаванні і развіцці нацыянальнай літаратуры. Так, «Загляне сонца і ў наша аконца» выдала першыя шэсць(!) кніг Янкі Купалы. Менавіта яна выдала і першую кнігу Якуба Коласа. Сярод выданняў таксама творы такіх беларускіх аўтараў, як Цётка, Адам Міцкевіч, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Францішак Багушэвіч, Эліза Ажэшка, Карусь Каганец, Змітрок Бядуля, Цішка Гартны.
Але выдавецкая суполка выпускала не толькі кнігі. Так, варта згадаць грамадска-палітычны, літаратурна-мастацкі і краязнаўчы альманах «Маладая Беларусь», які, хоць і праіснаваў не вельмі доўга, адыграў важную ролю для беларускай асветы і папулярызацыі, прасоўвання культуры. Акрамя таго, «Загляне сонца і ў наша аконца» выдавала шэраг прыгожых паштовак, на якіх былі і помнікі архітэктуры, і прырода, і партрэты беларускіх дзеячаў.
Нацыянальны праект
Хоць выдавецкая суполка і знаходзілася ў Санкт-Пецярбургу, яна ўсё роўна арыентавалася на беларускую традыцыю, а таму выкарыстоўвала ў сваіх выданнях не толькі кірыліцу, але і беларускую лацінку. Пэўна, не ў малой ступені паспяховасць выдавецкага праекта была звязаная з добрай сеткай распаўсюду выпушчаных кніг. Яна ахоплівала не толькі гарады на тэрыторыі сучаснай Беларусі, але і Вільню з Варшавай. Вельмі шчыльную супрацу, у тым ліку ў галіне распаўсюду кніг, «Загляне сонца і ў наша аконца» наладзіла з рэдакцыяй «Нашай Нівы».
Дзейнасць выдавецкай суполкі спынілася з пачаткам Першай сусветнай вайны, за якой адбылося мноства іншых лёсавызначальных для краіны падзей, таму аднавіць дзейнасць суполкі ўжо не выпадала. Але яе дасягненні і за гэты перыяд вельмі ўражваюць. Так, «Загляне сонца і ў наша аконца» выдала каля 38 кніг, супольны наклад якіх перавысіў сто тысяч асобнікаў. Гэтыя лічбы выглядаюць неверагодна нават для цяперашніх беларускіх незалежных выдавецтваў.
Варта адзначыць, што выдавецкая суполка сталася не толькі паспяховым камерцыйным, але і важным нацыянальным праектам, які паўплываў на ўсю беларускую культуру і фармаванне нацыянальнай самасвядомасці. У прыватнасці, суполка паўплывала на фармаванне нормаў беларускай мовы, адкрыла новых беларускіх пісьменнікаў і папулярызавала ўжо забытых.
Кірыл Стаселька, Budzma.by