Сёння спаўняецца 120 год з дня нараджэння Міхася Зарэцкага (1901-1937) — празаіка, драматурга, перакладчыка.
Сапраўднае яго прозвішча Касянкоў. Дзяцінства прайшло ў вёсцы Зарэчча пад Шкловам (цяпер частка Шклова) — адсюль псеўданім.
Цікава ён ўзгадваў якім чынам пачаў пісаць творы: «Першае апавяданьне я напісаў у канцы 1921 году. Мы стаялі за Полацкам у глухой вёсачцы. Гэта выйшла даволі нечакана і дзіўна. Справа пачалася з таго, што я убачыў яркі і незвычайны сон, уражаньне ад якога не пакідала на працягу месяца. Мне захацелася занатаваць гэтае ўражаньне, і я стаў пісаць».
Зрабіў смелы ўчынак — публічны выхад у 1929 годзе з БДУ з-за цкавання беларускіх пісьменнікаў. Быў растраляны ў 1937 годзе ў страшную ноч з 29 на 30 кастрычніка, калі было забіта больш 100 беларускіх дзеячоў, у тым ліку 22 літаратары. Пражыў Міхась Зарэцкі толькі 35 год. Была арыштавана яго жонка, дзеці адпраўлены ў дзіцячы дом. Многія рукапісы Міхася Зарэцкага загінулі, у прыватнасці, гістарычная драма «Рагнеда» (1929), працяг рамана «Крывічы».
У праекце Куфар старажытнасьцяў зберагаецца плакат канца 1980-х гадоў з выявай творца. Тады стала можна вяртаць імёны з забыцця. Праўда творы Зарэцкага выходзілі і на некалькі дзясяткаў год раней. Звярніце ўвагу на дату смерці на плакаце. Пазначаны 1941 год. Часта блізкім паведамлялі памылковыя даты гібелі іх родных. І не называлі прычыну — расстрэл, а зазвычай спасылаліся на розныя хворобы.