Алесь Кіркевіч: «Няўжо расповеды пра ПКТ, кічу, адстойнікі і стаканы — гэта ўсё, чым могуць падзяліцца са светам прадстаўнікі нашай эліты?»

30.03.2026
Рэдкае інтэрв’ю з публічнымі дзеячамі сёння абыходзіцца без пытанняў: «А як вы сядзелі?», «А што там, у Навасадах?», «А як гэта, быць апушчаным?». Слухайце, няўжо ў Дашкевіча, Севярынца, Фядуты, Бабарыкі — больш няма пра што спытаць? Навошта звужаць іхны свет — да турэмнага «стакану»?

Alieś Kirkievič
Алесь Кіркевіч

Уявіце сабе маленькі гарадок, а лепш вёску. Збіраюцца дзядзькі каля крамы, і пачынаецца. Адзін раскажа, як скраў буракі і трапіў на «малалетку» — 15 гадоў таму. Іншы, як служыў, напрыклад, у Барысаве — 20 год таму. І так па коле. Усе гэтыя гісторыі ўжо пераказаныя 25 разоў, але ўсе слухаюць па 26-м разе. Бо нічога новага не адбываецца. Няма пра што гаварыць. Усё круціцца па коле.

«Чалавек адной гісторыі»

Тая адзіная гісторыя, якую субяседнік пераказвае штораз — яго візітоўка. Бо нічога больш істотнага ў ягоным жыцці не адбылося. І, верагодна, ужо не адбудзецца. Гэта адзіная прыгода, якой ён можа падзяліцца са светам. Успышка сярод цёмных хмараў «бытавухі».

Недарма на постсавецкай прасторы любілі тэрміны «ветэран ВАВ», «афганец», «чарнобылец». Тэрмін, як кляймо, прырастае да носьбіта — да смерці. Пры гэтым у Афганістане чалавек мог адслужыць год ці паўгады. У Чарнобылі адпрацаваць ліквідатарам — тры месяцы. Атрымліваецца, усё астатняе яго жыццё — нецікавае. Гэта — «чалавек адной гісторыі».

Параўнайце: у амерыканскай арміі прафесійны вайсковец можа мець за плячыма Балканы, Ірак, Афганістан і яшчэ безліч усяго, але — жыве далей. Яго прафесійныя якасці і патэнцыял важнейшыя за тое, што з ім адбылося. Ён не павінен па коле вяртацца ў нейкую адну траўматычную кропку біяграфіі. Бо — як чалавечая адзінка — ён надалей актуальны і цікавы. Для іншых і для сябе самога.

Турэмны досвед — не знак якасці

Ні ў якім разе не хачу абясцэньваць досвед тых, хто адсядзеў ці сядзіць зараз. Дзякуй за ўсё! Але калі раз за разам гэты досвед абсалютызуецца — мне становіцца не па сабе. Няўжо расповеды пра ПКТ, кічу, адстойнікі і стаканы — гэта ўсё, чым могуць падзяліцца са светам прадстаўнікі нашай эліты? Гэта і ёсць наш — беларускі — унёсак у сусвет? Гісторыі пра «блатных», «мандавошку» і «кешэра»?..

Узгадайце, як у БССР усіх літаральна замучылі гісторыямі пра партызанаў. Дзед Талаш і зайцы, эшалоны, засады — усё гэта стала прадметам для анекдотаў. Бо кіраваў у БССР машэраўскі «партызанскі клан». Яны і зрабілі саму тэму — візітнай карткай: статысячныя тыражы мемуараў, помнікі, кіно... Але вынік аказаўся адваротны — адрынанне. Бо — зашмат.

Падобная пастка можа чакаць і нас.

Турэмная біяграфія для палітыка — ОК. Але гэта не самакаштоўнасць. Турма нікога не робіць лепшым, больш эфектыўным, разумным. Гэта не знак якасці. Адсутнасць турэмнага досведу не робіць горшым. Гэта элемент біяграфіі, не кляймо. Тым больш, сёння праз гэта, на жаль, праходзіць неверагодная колькасць людзей. Дык — каго і чым тут здзівіш?

Скрутак туалетнай паперы ад нобелеўскага лаўрэата

У чым небяспека? Закансервавацца ў гісторыі, павязанай з болем і пакутамі. Гэтую ж віктымную гісторыю — «прадаваць» вонкі, ствараючы адпаведны вобраз краіны і народа.

Turemnyja rečy Nobelieŭskaha liaŭreata Aliesia Bialiackaha ŭ Vilienskim muziei imia Ivana Luckieviča
Турэмныя рэчы Нобэлеўскага ляўрэата Алеся Бяляцкага ў Віленскім музеі імя Івана Луцкевіча. Фота: Радыё Свабода

«Не сядзеў — не беларус» — гучыць жахліва. Роўна так сама, як жахліва выглядае скрутак туалетнай паперы нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага ў Віленскім музеі імя Івана Луцкевіча.

Чаму Алесь Бяляцкі, праваабаронца, палітык, ветэран беларускага руху — прэзентуецца скруткам туалетнай паперы? Чаму Беларусь — прэзентуецца выключна турэмнымі робамі? Гэта і будзе наш след у гісторыі?

Магчыма, варта ўрэшце выгаварыцца ды — ісці далей?..

Алесь Кіркевіч, Budzma.org

*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org

Калі вы працуеце ў Літве, вы можаце падтрымаць «Будзьма беларусамі!», пералічыўшы нам 1,2% ад сваіх падаткаў. Вам уласна гэта не будзе каштаваць анічога.

Вось як можна гэта зрабіць