Дабрачынная арганізацыя Dapamoga запускае лічбавую платформу для збору ахвяраванняў без пасярэднікаў і камісій

Дабрачынная арганізацыя Dapamoga, якая дапамагае беларусам і працуе ў Літве з верасня 2020 года, абвяшчае пра рэбрэндынг і запуск лічбавай платформы для індывідуальных кампаній па зборы ахвяраванняў.

Dapamoga

Новая платформа аб’ядноўвае фінансавую падтрымку з ужо існуючай сістэмай дапамогі, якую Dapamoga развівае для беларусаў, што апынуліся ў сітуацыі вымушанай эміграцыі, пошуку бяспекі і новай жыццёвай апоры.

Прынцыпова новая мадэль празрыстасці

Ключавая адметнасць платформы Dapamoga — 100% ахвяраванняў паступаюць непасрэдна атрымальнікам.

Платформа не прымае сродкі на свае рахункі і не распараджаецца імі. Усе данаты пералічваюцца наўпрост адрасату збору — без пасярэднікаў і камісій.

Гэта азначае:

● 0% камісіі з боку Dapamoga
● прамыя пераводы атрымальніку
● поўную празрыстасць кожнага ахвяравання

Кожная кампанія праходзіць папярэднюю праверку, а карыстальнікі могуць ствараць зборы, падключаючы ўласныя плацежныя інструменты (у тым ліку праз Stripe).

«Мы свядома выбралі мадэль, пры якой ахвяраванні паступаюць непасрэдна атрымальнікам. Для нас гэта пытанне даверу — каб кожны чалавек дакладна разумеў, каму і як ён дапамагае», — адзначае кіраўніца Dapamoga Наталля Калегава.

Такая мадэль мінімізуе рызыкі спекуляцый і ўмацоўвае давер унутры супольнасці.

Платформа як частка супольнасці

У адрозненне ад універсальных краўдфандынгавых сэрвісаў, Dapamoga:

● арыентавана на канкрэтную супольнасць — беларусаў у эміграцыі
● інтэгравана ў ўжо існуючую інфраструктуру дапамогі
● спалучае збор сродкаў з доступам да іншых сэрвісаў падтрымкі

Праз сістэму Dapamoga ID прадугледжана верыфікацыя ўдзельнікаў, што дазваляе забяспечыць больш беражлівы і бяспечны доступ да адчувальных сэрвісаў.

Платформа таксама пераносіць дапамогу з разрозненых чатаў і ручной каардынацыі ў адзінае лічбавае асяроддзе.

Запуск да Дня Волі

Афіцыйны запуск платформы адбыўся да Дня Волі — важнай даты для беларускага грамадства.

На дадзеным этапе сэрвіс працуе ў пілотным рэжыме, і кожны данат адначасова падтрымлівае як канкрэтныя кампаніі, так і развіццё самой платформы.

Першая кампанія: рэтрыт для былых палітзняволеных

Першым зборам на платформе стаў праект аздараўленчага рэтрыту для беларускіх жанчын, якія прайшлі праз зняволенне па палітычных прычынах.

Ініцыятыва была прапанавана кіраўніцай Dapamoga Наталляй Калегавай. Рэтрыт стартуе 1 красавіка 2026 года на Канарскіх астравах і працягнецца адзін месяц.

Праект накіраваны на фізічнае і псіхалагічнае аднаўленне ўдзельніц, уключаючы:

● тэрапеўтычную падтрымку
● аднаўленчыя практыкі
● бяспечную прастору для адаптацыі

Па стане на 30 сакавіка 2026 года, у межах кампаніі ўжо сабрана 8 900 еўра, збор працягваецца.

Калі вы працуеце ў Літве, вы можаце падтрымаць «Будзьма беларусамі!», пералічыўшы нам 1,2% ад сваіх падаткаў. Вам уласна гэта не будзе каштаваць анічога.

Вось як можна гэта зрабіць. https://budzma.org/news/1-2-ad-svaikh-padatka-2026.html